Домой Культура Пякотка

Пякотка

Максім СОХАР, галоўны рэжысёр Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча (г. Бабруйск), магістр мастацтвазнаўстваМаксім СОХАР, галоўны рэжысёр Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча (г. Бабруйск), магістр мастацтвазнаўства

Ну што — «возрадуйтесь», акадэмікі, дактары ўсялякіх навук, прафесары, кандыдаты ў дактары і ўсе астатнія, хто дакучліва называе сябе «тэатральнымі крытыкамі».

Тыя разбуральныя зерні, якія вы так заўзята сеялі ў апошнім дзесяцігоддзі, далі шчодрыя ўсходы і нават буйна квітнеюць — драматычны тэатр Беларусі вашай руплівай працай і «мудрымі» парадамі загнаны ў глыбокую прорву. Зараз, бегаючы ад «круглых», «квадратных» да пасляабедзенных міністэрскіх сталоў, перадаяце адзін аднаму дураслівыя краснабайствы накшталт: «настаў час ікс», «змянілася тэатральная прастора», «трэба зачыніць архіўную краму тэатральных прыёмаў», «тэатр знаходзіцца паміж Сцылай і Харыбдай» і г.д. Ды зараз і без вашых высноў усе ў краіне ведаюць, у якім месцы знаходзіцца драматычны тэатр…

Форум «Нацыянальная тэатральная прэмія» яскрава гэта паказаў. І не «магутная групоўка» крытыкаў, а практыкі сцэны (акцёры, рэжысёры, мастакі-сцэнографы) як хірургічным скальпелем, ускрылі праблемную скулу на целе тэатральнага мастацтва. А што ж было? З 28 дзяржаўных тэатраў у высокім конкурсе ўдзельнічалі 16. Адзначым, што шэсць з іх (Тэатр оперы і балета, музычнай камедыі, тэатры імя Я.Купалы, імя Я.Коласа і імя М.Горкага, Брэсцкі аблдрамтэатр) з’яўляюцца акадэмічнымі. А вось пераможцам стаў сціплы Гродзенскі абласны тэатр лялек. Прычым з дзевяці намінацый гродзенцы забралі палову, а рэжысёр спектакля-пераможцы «Пікавая дама» Алег Жугжда прызнаны лепшым рэжысёрам. Самым жа галоўным і бясспрэчным з’яўляецца тое, што перамагла справядлівасць. Таму што суддзямі была не «магутная групоўка» крытыкаў, а 120 прафесійных майстроў ад усіх дзяржаўных тэатраў Беларусі.

Вынік — перамагла лялька! Сёння ў тэатральным асяроддзі жывуць чуткі, што словы, выказаныя А.Жугждам: «Мне шкада ўзроўню драматычнага тэатра…» — вымусілі жахнуцца рэдактараў, стваральнікаў і крытычную абслугу глянцавага часопіса «Мастацтва». Як жа, кажуць яны, ужо «намыліліся» намінаваць прадукт сваёй працы на Дзяржаўную прэмію. Нездарма ж так радасна гучыць заклік столаначальнікаў «круглых сталоў», каб гэты часопіс стаў «настольнай кнігай у Міністэрстве культуры і Таварыстве тэатральных дзеячаў», у якім «лепшыя з лепшых» крытыкі абменьваліся думкамі, як прафесійны тэатр падняць да… самадзейнага? Жарт, але ён пра многае гаворыць.

Мітусіцца карпарацыя «аднадушных аднадумцаў». Бегаюць і разносяць сваё незадавальненне вынікамі рашэнняў журы. «…Навошта было патрэбна такое вялікае журы прадстаўнікоў рэгіёнаў? — разважаюць крытыкі ў кулуарах і на тралейбусных прыпынках. — Што, мы самі не змаглі б усіх абмеркаваць і ацаніць? Вось тады лялька не перамагла б!..» Вось як! Бачыце, да чаго дайшлі!

Аксціцеся, залатыя вы нашы «абмеркаванцы па выкліку»! Ніхто вашу «настольную кнігу» зачытваць да дзірак не будзе. Ваш узровень і стыль вядомы ў абодвух міністэрствах (культуры і інфармацыі) і асабліва дзеячам тэатральнага мастацтва. У свой час з вашай дапамогай унікальныя нацыянальныя акцёрска-рэжысёрскія тэатры ператварыліся ў дырэктарскія. Замест таго каб клапаціцца аб цікавых спектаклях для гледача, вы настойліва прапагандавалі фестывальны рух, падштурхоўвалі рэжысёраў да пастаноўкі спектакляў «фестывальнага фармату». Вы імкнуліся, каб у кожным раёне быў свой «міжнародны фестываль». І яны ўзнікалі, як маслякі пасля дажджу: «Белая вежа» (г. Брэст), «Міжнародны лялечны фестываль» (г. Мінск), «Март-Кантакт» (г. Магілёў), «Маладзечанская сакавіца», «Славянскія тэатральныя сустрэчы» (г. Гомель), «Пінскія зоры», «ТЭАРТ (Панарама)» (г. Мінск), «Нацыянальная драматургія» (г. Бабруйск), «Нацыянальная тэатральная прэмія» (г. Мінск).

«Навошта столькі тэатральных фестываляў ды яшчэ міжнародных?», — запытаецца наіўны чытач. Дык гэта ж сфера дзейнасці тых крытыкаў, іх карпаратыўная зацікаўленасць. Каб усім было стабільнае «хлебнае месца» і каб не наступаць адзін аднаму на ўсялякія мазалі, яны размеркаваліся і «добрасумленна» з высокіх міністэрскіх трыбун «агорваюць» сваіх кармільцаў. Асноўнай ключавой фігурай гэтых «міжнароднікаў» з’яўляецца, канешне, дырэктар, у большасці выпадкаў ён і мастацкі кіраўнік тэатра і свайго фестывалю. Крытыкаў не бянтэжыць, што гэты «мастацкі кіраўнік» — былы адстаўны ваяка, ці то выпускніца Горацкай сельгасакадэміі, ці то настаўнік гісторыі, адным словам, чалавек, які не мае спецыяльнай адукацыі, але фарміруе і адбірае на высокі форум творчыя калектывы. Хіба ж гэта нармальна? Крытыкаў гэта не цікавіць, гэта, маўляў, не праблема — «быў бы чалавек харошы і шчодры»! Тое, што гэтыя «шчодрыя за дзяржаўны кошт» выціскаюць з тэатральных калектываў галоўных і чарговых штатных рэжысёраў, крытыкі чамусьці не заўважаюць, а іншы раз і заўзята дапамагаюць, як гэта было са мной. Каб не быць галаслоўным, спынюся не гэтым факце больш падрабязна.

…Я рыхтаваў спектакль «Недоросль». Як вядома тэатралам, п’еса складаная і занадта архаічная. Але пры ўсім тым ёсць у ёй «залатыя зярняткі», якія мяне і зацікавілі. Да таго ж далёкая руская класіка — амаль што антыкварыят. Каб твор зажыў сучаснасцю, трэба было «ўдыхнуць у яго жывы агонь» — гэта я зрабіў. Паказалі два разы бабруйскім гледачам. Рэакцыя неадназначная. З’явіліся водгукі ў мясцовай прэсе і інтэрнэце. Яны былі розныя: станоўчыя, адмоўныя, памяркоўныя. Нармальны працэс… Я прааналізаваў водгукі гледачоў, пажаданні журналістаў і разам з мастаком, кампазітарам і акцёрамі ўключыўся ў творчую працу, каб дапрацаваць спектакль і паказаць яго прафесійным тэатразнаўцам. А на тую бяду ў мяне ўзнік вытворчы канфлікт з дырэкцыяй тэатра і абласным упраўленнем культуры. Ну, як узнік, так і знік бы той канфлікт — ці мала іх у жыцці, тым больш у тэатральнай справе. Аднак упраўленцы разам з дырэктарам тэатра В. А. Вінель вырашылі зрабіць мне сюрпрыз.

9 лістапада раніцай званок. «У 16.00 прыедуць мінскія крытыкі глядзець „Недоросля“. Я адказваю: „Недоросль“ стаіць у афішы на 30 лістапада, нам патрэбны не крытыкі, іх хапае і ў Бабруйску, а аналітыкі, тэатразнаўцы, а яны ўсе ўдзельнічаюць у мерапрыемствах па прысуджэнні Нацыянальнай прэміі. Прыгэтым два ўдзельнікі спектакля хворыя, адзін акцёр, выканаўца адной з галоўных роляў, нават ляжыць у бальніцы». У адказ пагрозы і строгі вердыкт дырэктара тэатра Веранікі Вінель: «Крытыкі ўжо едуць, хворых акцёраў на сцэну! Спектакль павінен быць паказаны!» Вось дык упраўленцы! Яны нават не разумеюць, што тэатральны спектакль — гэта не кінафільм, які можна дастаць з бляшанкі, залажыць у кінапраектар — і «пайшло мастацтва». Гэта жывы, маментальны працэс, які павінен адбывацца з жывымі і здаровымі людзьмі, акцёрамі. Ды каму мне пра гэта гаварыць? Дырэктар кінулася ў бальніцу, знайшла галоўнага ўрача, накалолі хворага артыста і сказалі: «Устань і ідзі!.. Іграць спектакль…» А той не можа ісці — апухлі ногі, абвастрылася падагра, высокі ціск. Зноў пагрозы. І што? Пайшоў бедачына-небарака.

Я, каб не падвяргаць трупу рэпрэсіям, папрасіў акцёраў іграць, і яны мяне паслухалі. Гэта было цяжкае, зняважлівае выпрабаванне: наспех сабраныя дэкарацыі, адсутнасць балета, хворыя артысты пры пустой глядзельнай зале, перад прыжмуранымі поглядамі прадузятых чыноўнікаў, адміністрацыі тэатра і, не пабаюся сказаць, ангажаванымі крытыкамі. За што такая знявага? Толькі за тое, што не «прагнуўся», адстойваў сваю творчую пазіцыю…

А хто ж суддзі? Калегі мае — рэжысёры сталічныя і перыферыйныя, можаце мне пазайздросціць! На незавершаную творчую працу маладога рэжысёра па выкліку прыехалі чатыры персоны, лепшыя прадстаўнікі «крытычнай эліты» на чале з доктарам філалогіі Т. Д. Арловай і галоўным рэдактарам глянцавага часопіса «Мастацтва» Л. А. Грамыка. Што ж іх пагнала, ды так тэрмінова, у далёкую дарогу? Любоў да тэатра, да акцёраў, рэжысёраў? Ці, можа, рэжысёр Сохар зрабіў нейкі цуд, мастацкае адкрыццё? Не, даражэнькія чытачы, ніякага цуда я не стварыў, а на астатнія пытанні можаце самі даць адказы-здагадкі. Скажу толькі, што кампазітар, музыкант Аляксандр Касінскі ў гэты дзень павінен быў атрымаць ганарар па афіцыйным дагаворы за арыгінальную музыку да спектакля «Недоросль». Зайшоў да дырэктара за подпісам. Тая ўзняла лямант, што грошай няма, «я — маці-адзіночка, гатова заплаціць вам сваімі, таму што запрашаць крытыкаў са сталіцы справа не танная…» А колькі бензіну спалілі, паслаўшы за імі службовы аўтамабіль? Прывезлі, уладкавалі, пачаставалі, заплацілі і адвезлі дамоў…

Вы запытаеце: а што ж яны зрабілі? А нічога асаблівага яны не зрабілі… Вылузваліся адзін перад адным у дэмагагічных разважаннях. Яны папракалі мяне за тое, што я праігнараваў іх «абмеркаванне». І, лічу, правільна зрабіў. Навошта мне марнаваць час, слухаючы пераказы фанвізінскага сюжэта? Я гэты сюжэт на памяць ведаю, не адзін месяц ў ім купаўся.

Крытыка дапамагае рэжысёру, артыстам, калі яна ідзе ад ведання жыцця, ад ведання таго прадмета, пра які ідзе размова. А калі гэта чыстая тэорыя… Я хачу звярнуцца да той жа Таццяны Дзмітрыеўны і сказаць: «Вы часцей прыязджайце да нас. Мы будзем з вамі ездзіць у халодным аўтобусе па родных вёсачках, школах, дзіцячых садках, абмяркоўваць праблемы тэатра». Такое ж запрашэнне адрасую і вам, Людміла Аляксееўна, і вам, Крысціна Рычардаўна. Мяркую, падчас такіх вандровак вы праверыце свае высновы наконт таго, што трэба памяняць галоўнага рэжысёра. Галубачкі, дзе б мы іх, рэжысёраў, набралі, калі б па кожнай вашай прапанове мянялі?..

Між тым, нямала прыкладаў шчырых, добрасумленных адносін тэатральных крытыкаў з дзеячамі тэатра — рэжысёрамі, акцёрамі, сцэнографамі. Артыкулы колішніх тэатразнаўцаў У.І.Няфёда, А. В. Сабалеўскага, Г.І.Барышава, А. К. Саннікава, С. А. Пятровіча, М. А. Каладзінскага, Ю. А. Пашкіна і зараз працуючых — Р. Б. Смольскага, В. М. Ждановіч, В. М. Ярмалінскай, Т. Я. Гаробчанкі, Р.І.Баравіка, В. А. Салеева радуюць сваім прафесіяналізмам і, галоўнае, павагай і любоўю да майстроў сцэны, глыбокай зацікаўленасцю лёсам маладых рэжысёраў. Прозвішча Арловай сярод іх няма. Яе крытыка зубадрабільная, а не аналітычная. Каму яна патрэбна? Упраўленцам, фестывальным менеджарам дзеля расправы з непажаданымі?

Дарэчы, пасля першай маёй пастаноўкі на бабруйскай сцэне мне патэлефанаваў адзін з крытыкаў і адкрытым тэкстам сказаў: «Калі хочаш мець добрую рэцэнзію і станоўчае абмеркаванне спектакля — падрыхтуй адзін мільён рублёў (тады гэта было эквівалентна 300 у.а.), нумар у гатэлі і вячэру». Я адмовіўся. На магілёўскім фестывалі «Март-Кантакт» мой спектакль размалацілі ўшчэнт. Мяркую, каментарыі тут не патрэбны. Канешне, гэта бяда, калі адсутнічае тэатразнаўчы аналіз, але ж і вялікае ліха, калі пойдзе «крытычная навала». Я яе перажыў, аднак пякотка засталася…

Але вернемся да асноўнай праблемы нашых разважанняў. Хто сёння ў тэатрах, дзе скасаваны пасады галоўных рэжысёраў, стварае рэпертуарную, мастацкую палітыку і, у рэшце рэшт, клапоціцца аб іміджы дзяржаўнага тэатра? Той жа мастацкі кіраўнік-дырэктар з рэжысёрамі-гастралёрамі з далёкіх ускраін Украіны, Малдовы, Расіі, Літвы і г.д. Прычым рэжысёры-«налётчыкі» імкнуцца прыязджаць са сваёй брыгадай — мастак, кампазітар, балетмайстар. За некалькі рэпетыцый хуценька прыстрояць сваю, некалькі разоў правераную, «форму» да нашай «гліны» — і чарговы фестывальны «шэдэўр» гатовы. А што ў асадку? Вялікія ганарары, шчодрыя «адкаты», фестывальная траскатня, феерверкі, круглыя і не круглыя сталы з «глыбокімі» і абстрактнымі разважаннямі. А чаму не? Утульна, сытна, грошы даюць — можна паразважаць, пафіласофстваваць, памарыць… Неяк літаратурны рэдактар з Тэатра імя Я.Коласа С.Дашкевіч трапна заўважыла: «Ведаць бы вытокі, адкуль ідуць тыя грашовыя патокі…» Ды не з уласных жа кішэняў фестывальных дырэктараў-менеджараў. Вядома, што з дзяржаўнага бюджэту і спонсараў па прымусе — ім тых грошай не шкада, хопіць усім і на ўсё… А запытайцеся вы ў арганізатараў гэтых «міжнародных фестываляў», чаму на іх форумах не ўдзельнічаюць спектаклі тэатраў з Мазыра, Пінска, Слоніма ці з таго ж Бабруйска? У іх даўно гатовы адказ — «не ўпісваюцца ў міжнародны фармат». Што ж там за такі ўнікальны «фармат»? Адзін-два спектаклі з Днепрадзяржынска (раённы гарадок ва Украіне), Смаленска ці Херсона і два-тры крытыкі нашай гадоўлі, якія зараз жывуць у Варшаве, Гановеры альбо ў С.-Пецярбургу. Вось і ўвесь статус… і «фармат».

А як жа мастацтва? Якая карысць і каму ад гэтых пампезных «феерверкаў», фінансавых выдаткаў? Гледачам? Акцёрам? Рэжысёрам? Вось гэта і хвалюе сапраўдных дзеячаў тэатра, вучоных-тэатразнаўцаў, якіх з вялікай неахвотай запрашаюць на гэтыя «міжнародныя» форумы. Навошта яны там, ёсць жа свае, правераныя крытыкі. Аднойчы я запытаў у вядомага прафесара, вучонага-аналітыка: «Як вы, шаноўны, аказаліся ў гэтай заказной кампаніі?» «Дык, — адказаў ён, апусціўшы вочы, — беднасць апанавала… Малыя дзеці… А тут добра плацяць…» А запытайце вы ў арганізатараў, чаму на іх фестывальных паказах адсутнічаюць акадэмічныя тэатры з Мінска? Маўчаць, бо няма што сказаць. А вось Мікалай Пінігін адказвае, што не хоча марнаваць час у гэтай «абласной прафанацыі». Галоўны рэжысёр Мазырскага драмтэатра Раман Цыркін гаворыць, што асноўная праблема — гэта няўвага да перыферыйных тэатраў наогул. «Раней, — адзначае мой калега, — на кожную прэм’еру прыязджалі крытыкі, рабілі аналіз убачанага, а цяпер нават пры вылучэнні спектакляў на Нацыянальную тэатральную прэмію мы нікога так і не дачакаліся…» Не змаглі дачакацца крытыкаў і рэжысёры з Палескага драматычнага тэатра (г. Пінск) і Слонімскага драмтэатра.

А вось да нас у Бабруйск прыехала «эксперт», былая актрыса нашага тэатра Ала Палухіна. Яе візіт рассмяшыў трупу. З насупленым выглядам паглядзела спектакль «Страцім-Лебедзь» і, не сказаўшы акцёрам ніводнага слова, моўчкі адбыла. Я ўжо каля цягніка цікаўлюся: «Якое ўражанне?» У адказ: «Якое, якое… мне нельга гаварыць» — і паехала. А ў Мінску, у часопісе Людмілы Грамыкі, згадзіла Багдановіча, назваўшы наш тэатр «Задрышчынск 1950-х гадоў мінулага стагоддзя». Вось дык крытык-эксперт, вось дык тэатральная культура!.. А яна ж яшчэ выкладчыца ў Акадэміі мастацтваў — зноў нонсенс. Так што, дарагія калегі з Гродна, Мазыра, Слоніма, Пінска ці з Гомеля, няхай беражэ вас Бог ад такіх экспертаў-крытыкаў, настаўнікаў і іх наездаў…

На маю думку, пара скасаваць і гэтыя абласныя, з пампезнай назвай «міжнародны», фестывалі. Яны даўно зжылі сябе, а зараз з’яўляюцца рассаднікам разбэшчанасці. Даваць канверты з грашыма пэўным крытыкам, членам «міжнароднага» журы, усялякім запрошаным рэжысёрам па святлу, колеры, феерыі, феерверкам і т.п. — гэта ўжо не толькі не арыгінальна, а нават і крымінальна. Вось зараз ідзе актыўная падрыхтоўка да чарговага «міжнародніка» «Март-Кантакт» у Магілёве, там будуць вялікія грошы (дзяржаўныя і спонсарскія), якіх хапіла б для васьмі тэатраў на год бязбеднага жыцця…

Лічу, што для нашай краіны дзевяць міжнародных тэатральных фестываляў — занадта! Іх павінна быць максімальна тры: «Беларуская тэатральная вясна» (накшталт Эдынбургскага) — паўнацэнны міжнародны тэатральны фестываль з усімі відамі (драматычны тэатр, опера, балет, музкамедыя, лялькі) — адзін раз у два гады, г. Мінск; «Беларускі тэатральны фестываль нацыянальнай драматургіі» — адзін раз у два гады, г. Бабруйск; «Нацыянальная прэмія» — адзін раз у два гады, г. Мінск.

Безумоўна, тэатральную справу трэба тэрмінова рэанімаваць і канструктыўна перабудоўваць. Асаблівай увагі патрабуе драматычны тэатр рэгіёнаў, ён зусім заняпаў пад ціскам дырэктараў-дзялкоў. Але не трэба нам старых догм і прапаноў з «настольнай кнігі» карпаратыўных крытыкаў, якія ўжо люляюць ідэю заснаваць гарадскія і абласныя прэміі, а потым пераможцаў намінаваць на нацыянальную. У тым «адборачным казане», на думку гэтых экспертаў і мудрагелістых крытыкаў, «зварыцца» аб’ектыўны пераможца. Мяркую, што гэта чарговая прыдумка былых «знаўцаў». А вось Міністэрству культуры разам з тэатральнымі дзеячамі і акадэмічнымі навукоўцамі варта распрацаваць праект перабудовы тэатральнай справы, абмеркаваўшы яго з прафесіяналамі — практыкамі сцэнічнага мастацтва (рэжысёрамі, акцёрамі, мастакамі-сцэнографамі). На маю думку, дзяржаўную праблему павінны вырашаць галоўным чынам дзяржаўныя органы, прафесійныя ўстановы, творцы-прафесіяналы, а не групка аматараў і камбінатараў…

У час форуму «Нацыянальная тэатральная прэмія» першы намеснік міністра культуры У. М. Карачэўскі ўсхвалявана гаварыў, што ў тэатрах сталіцы і ў рэгіёнах не хапае рэжысёраў. «На жаль, — адзначаў Карачэўскі, — новыя рэжысёрскія імёны з’яўляюцца не так часта, як таго хацелася б. Ёсць цікавая моладзь, яе трэба берагчы, падтрымліваць, дапамагаць вучыцца. У часы СССР дзейнічала сістэма стажыровак, і малады чалавек мог паехаць у Маскву, Ленінград, Кіеў, Ташкент… Мы намагаемся наладзіць сістэму рэжысёрскіх стажыровак (пакуль што — у Расіі і краінах блізкага замежжа)… Таленавітых рэжысёраў станем адсочваць літаральна са студэнцкай лавы. Зараз разглядаецца пытанне аб стварэнні Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры. Спадзяюся, дзякуючы яму, мы зможам запаліць новыя рэжысёрскія зоркі» («Мастацтва», № 10, кастрычнік 2012 г., с.3).

Цудоўныя перспектыўныя разважанні шчырага і паважанага працаўніка (кажу гэта без іроніі). Але чамусьці згадваюцца вядомыя словы паэта: «Жаль только — жить в эту пору прекрасную уж не придется — ни мне, ни тебе». Хочацца прасіць Бога, каб дапамог новаму міністру Б.Святлову, яго калегам У.Карачэўскаму, Т.Стружэцкаму і іншым камандуючым нашага культурнага фронту здзейсніць задуманае. Але, дарагія айцы культуры, для пачатку трэба зберагчы ў Беларусі тых маладых рэжысёраў, якія ўжо ёсць, — выгадаваныя, вывучаныя і… бяспраўныя. Кінутыя на самавыжыванне. Чаму? Таму, што ўкаранілася разбуральная крытыка, калі некаторыя дырэктары, усклаўшы на сябе функцыі мастацкіх кіраўнікоў, з зайздроснай паслядоўнасцю, праўдамі і крыўдамі, пры маўклівай згодзе (бывае, што і не маўклівай) начальнікаў упраўленняў культуры абласцей выціскаюць з тэатраў непаслухмяных рэжысёраў. Яны нават падумаць не здольны, што сапраўдны рэжысёр паслухмяным быць не можа. Ды і не павінен быць! Ад такіх «продвинутых» дырэктараў-кіраўнікоў можна пачуць: «А навошта мне рэжысёр? Я магу запрасіць любога пастаноўшчыка — мітусні менш, а карысці больш…» І запрашаюць, і даюць высокія ганарары. Дык каму больш карысці? Мастацтву? Гледачам? Дзяржаве? Не, ім карысці ніякай, а вось такому дырэктару — яе хопіць з гакам…

І ўсё ж, нягледзячы ні на якія інсінуацыі, наезды, прыезды, прыніжэнні, знявагі, бясконцыя аплявухі, сцвярджаў і буду сцвярджаць: творчым гаспадаром у доме-тэатры павінен быць рэжысёр! Галоўны рэжысёр павінны выбудоўваць мастацкую палітыку і адказваць за яе. Ні эканаміст-дырэктар-менеджар, ні ўсіх узроўняў упраўленцы, ні міністры, ні іх намеснікі не здольны стварыць тэатр. Ствараюць мастацтва тэатра і самі тэатры рэжысёры з акцёрамі. Аб гэтым красамоўна сведчыць тэатральная гісторыя, асабліва савецкага тэатра, у тым ліку расійскага і беларускага. К.Станіслаўскі, У.Неміровіч-Данчанка, Ус. Меерхольд, А.Таіраў, М.Акімаў, Г. Таўстаногаў, А.Яфрэмаў, Э.Мiльцініс, Ю.Любімаў, Р.Вікцюк, Э.Някрошус, K.Iрд, а ў Беларусі — Ф.Ждановіч, Е.Міровіч, К.Саннікаў, Ул. Галубок, В.Баркоўскі, Р.Таліпаў, М.Трухан, Р.Баравік, М.Пінігін — вось далёка не поўны пералік рэжысёраў-стваральнікаў тэатраў-студый, тэатраў-лабараторый, тэатраў-дамоў, тэатраў-храмаў…

Бяру на сябе смеласць сцвярджаць — без рэжысёра тэатр змярцвее. Ён жыве, развіваецца, квітнее дзякуючы натхнёнай працы, ініцыятыве і творчаму таленту рэжысёра. І гэта разумеюць усе… Тады чаму мы так зняважліва, не па-гаспадарску ставімся да людзей гэтай прафесіі, асабліва маладых? Атрымліваецца нейкая двурушная «накладка». Калі ты ціха сядзіш, як мыш пад венікам (чытай — за кулісамі), табе ветліва гавораць: «Чаго ты там сядзіш? Устань і ідзі ў святло! Не бойся — ідзі! Дарогу маладым!» Як толькі ты выйшаў і пайшоў, а яшчэ і нешта сказаў, адразу вокліч: «Ты што робіш? Хто ты такі? Занадта дзёрзкі! Такі нам не патрэбны!..» Хіба ж гэта нармальна?!

Можа, я згусціў фарбы? Памыляюся? Хацелася б пачуць маіх маладых калег з глыбінкі. А было б карысна падыскутаваць і са сталічнымі майстрамі рэжысёрскага цэха. Я вельмі хацеў бы ведаць думку Мікалая Пінігіна аб маіх поглядах на сённяшні стан тэатральнага мастацтва. А можа, адгукнецца нехта і з маіх рэжысёраў-настаўнікаў — Б.Луцэнка, А.Гарцуеў, Р.Баравік? Мяркую, што было б цікава і карысна.

Максім СОХАР

Народная Воля

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя