Домой В регионе Праваабаронца: пытанне смяротнага пакарання нельга вырашаць на рэферэндуме

Праваабаронца: пытанне смяротнага пакарання нельга вырашаць на рэферэндуме

Ці сапраўды ёсць такія учынкі, пакараннем за якія можа быць толькі смерць? Ці былі ў Беларусі памылковыя растрэлы? Якім будзе свет, калі на волю выйдуць Брэйвік, менскі «юнак з бензапілой», хлопчык са Стоўпцаў, які забіў настаўніцу і свайго аднагодка? Гэтыя і іншыя пытанні бабруйчане абмеркавалі разам з праваабаронцам і каардынатарам кампаніі «Скажы не смяротнаму пакаранню» Андрэем Палудай.

смяротнае пакаранне

Ва ўсіх таталітарных краінах ёсць смяротнае пакаранне

Сустрэча прайшла ў рамках моўных курсаў «Мова нанова» 14-га лютага.

Пасля кароткага знаёмства праваабаронца запытаўся, ці ёсць сярод прысутных тыя, хто падтрымлівае такую меру пакарання, як смерць. Падняліся дзве рукі. Усяго на сустрэчу прыйшлі каля 20 чалавек.

«Ёсць такія ўчынкі, за якія людзі не заслугоўваюць жыцця, таму смяротнае пакаранне павінна быць, – агучыў сваё меркаванне адзін з тых, хто падняў руку. – Але мусіць быць не так як зараз, караць смерцю трэба за больш сур’ёзныя ўчынкі».

Другі аргумент быў такі: выключную меру пакінуць трэба, але зрабіць так, як, напрыклад, у ЗША, дзе ад прысуду да яго выкананння можа прайсці і 20 гадоў, а за гэты час можна дакладна высветліць, ці не памылілася следства, ці сапраўды караюць таго чалавека.

«А не так трэба рабіць, як у выпадку з Кавалёвым і Канавалавым, дзе праз тры месяцы растралялі», – падвёў рысу пад сваім меркаваннем удзельнік дыскусіі.

Андрэй Палуда распавёў пра чалавека, які ў тых жа Штатах прасядзеў 27 гадоў, і быў прызнаны невінаватым.

«І калі мы кажам пра 20 гадоў пасля прысуду, то ў ягоным выпадку ўсё роўна не хапіла б яшчэ 7 гадоў да канчатквага расследвання справы. Дык які ж тэрмін аптымальны, пасля якога можна караць смерцю?» – задаў пытанне праваабаронца.

смяротнае, пакаранне, праваабаронца

«Калі ўжо кажам пра ЗША, дык гэта ж вельмі развітая дэмакратычная краіна, але ў іх ёсць смяротнае пакаранне, і нешта я не бачу, каб той жа Еўразвяз нешта казаў у іхні бок», – заўважыў нехта з прысутных.

Андрэй Палуда на гэта распавёў, што насамрэч ЗША знаходзяцца пад вельмі сур’ёзнай крытыкай за наяўнасць выключнай меры пакарання. Праваабаронцы ўсяго свету стаяць на адным – смяротнае пакаранне недапушчальнае, незалежна ад таго, якая краіна хоча яго прымяняць. Пры гэтым, так, яшчэ застаюцца дэмакратычныя краіны са смяротным пакараннем, але ў той жа час звычайна такая мера прымяняецца ў таталітарных краінах – паўсюль, дзе ёсць дыктатура, ёсць і смяротнае пакаранне.

У ЗША ж сёння шмат у якіх штатах уведзены мараторый на смяротнае пакаранне.

«І тут цікавы момант, што забарона на смяротнае пакаранне ў Амерыцы ідзе з поўначы, з тых штатаў, дзе некалі пачалася грамадзянская вайна, барацьба супраць рабства, – зазначыў Палуда. – У той жа час у паўднёвых штатах, як Тэхас, Фларыда, вельмі актыўна выкарыстоўваюць смяротнае пакаранне. Таксама праваабаронцы кажуць, што там караюць больш цемнаскурых».

«Нельга раздзяляць растрэлы ў Курапатах і смяротнае пакаранне сёння»

Адказаў Андрэй Палуда і на адзін з самых частых аргуменаў на карысць смяротнага пакарання: а навошта мы будзем іх карміць са сваіх падаткаў?

«А як увогуле вызначыць, каго карміць, а каго не карміць? Хто карысны, а хто не карысны? – задаў праваабаронца пытанне прысутным. – Пенсіянеры, інваліды – яны карысныя? Іх мы можам «карміць» з падаткаў?»

Варта не забываць, зазначыў Палуда, што асуджаныя працуюць, больш за тое, працуюць на цяжкай і небяспечнай вытворчасці, а атрымліваюць за сваю працу капейкі, у той час як дзяржава карыстаецца вынікам іх працы. Па-другое, казаў праваабаронца, у Беларусі цяпер актыўна прымяняюць і такую меру пакарання, як пажыццёвае зняволенне. На сённяшні дзень каля 200 чалавек маюць такі прысуд, і далучэнне да іх яшчэ трох-чатырох чалавек, якіх асуджаюць на смерць, не мела б ніякага эканамічнага ўплыву.

Ад Андрэя Палуды бабруйчане даведаліся, што ў Беларусі да смяротнага пакарання могуць асудзіць паводле 13 артыкулаў Крымінальнага кодэксу. З іх 11 выкарыстоўваецца ў мірны час, і яшчэ 2 прадугледжаныя для ваеннага часу. Праваабаронца нагадаў, што Беларусь – адзіная ў Еўропе краіна, дзе дагэтуль ёсць смяротнае пакаранне. Нават у Расеі з 1996 года – мараторый.

смяротнае, пакаранне

Найбольш часта ў Беларусі караюць смерцю паводле ч.2. арт. 139 КК – забойства з абставінамі, якія абцяжарваюць – калі забіта некалькі чалавек ці з асаблівай жорсткасцю. Быў у гісторыі Беларусі і адзіны выпадак, калі пакаралі за тэрарызм – гэта ўсім вядомы тэракт у менскім метро і асуджаныя за яго Кавалёў і Канавалаў.

Смяротнае пакаранне ў Беларусі не прымяняецца да жанчын, непоўнагадовых і мужчын, старэйшых за 65 гадоў.

Забіваюць стрэлам у патыліцу. Цела родным не выдаецца, месца пахавання таксама не раскрываецца. Адзінае, што атрымліваюць блізкія пакаранага – ягоную турэмную робу з надпісам «выключная мера пакарання». Такія дзеянні дзяржавы Андрэй Палуда называе дадатковым здзекам з людзей. І ўсё гэта нагадвае сумна вядомы перыяд у нашай гісторыі – 1937 год.

«Насамрэч нельга занадта раздзяляць тыя растрэлы, што былі ў Курапатах, і тое, што мы маем сёння, – заўважыў праваабаронца. – Тады не казалі ні пра месца растрэлу, ні нават пра час, каб схаваць маштабы, і сёння тое самае, а ў выніку ўсё гэта абрастае легендамі, рознае пачынаюць казаць і пра гандаль органамі і т.п.».

«Прынцып вока за вока зробіць гэты свет сляпым»

Сёння, паводле статыстычных дадзеных, каля 63% беларусаў падтрымліваюць смяротнае пакаранне, распавёў Андрэй Палуда. Калі людзі адказваюць на пытанне пра выключную меру пакарання, яны часта не задумваюцца, тут найбольшую ролю граюць эмоцыі, зазначыў праваабаронца, жаданне помсты, прынцып «вока за вока». Але такі прынцып зробіць свет сляпым, узгадаў праваабаронца выказванне Гандзі. Наяўнасць смяротнага пакарання яшчэ вельмі недаацэненае ў нашым грамадства, ніхто не вывучаў, як яно ўплывае на людзей, але відавочна, што вельмі моцна раскручвае спіраль нянавісці.

За гісторыю існавання незалежнай Беларусі смерцю былі пакараныя каля 400 чалавек. Памілаваны з ліку асуджаных на смерць – толькі адзін – Сяргей Паціраеў – распавёў Палуда. І так, яшчэ раней, былі і памылковыя прысуды: гэта так званая «віцебская справа серыйнага забойцы Міхасевіча». Тады за серыю забоўстваў быў растраляны невінаваты чалавек Мікалай Церэня. А яшчэ адзін асужданы, таксама памылкова, за сем гадоў у турме стаў інвалідам – згубіў зрок.

Здараліся і іншыя сур’ёзныя памылковыя прысуды, якія не скончыліся растрэлам, хоць былі на мяжы, распавёў Андрэй Палуда. Так дзяржава ламала чалавеку жыццё, а калі высвятлялася памылка, гэты чалавек не атрымліваў ніякай кампенсацыі.

«А што будзе з нашым светам, калі выйдзе на волю Брэйвік? Ці ў нас – юнак з бензапілоў, стаўпецкі хлопец, што забіў настаўніцу і вучня? Іх не пакаралі смерцю, але ці выправіць іх турма?» – запытаўся адзін з прысутных.

На гэта Андрэй Палуда адказаў, што тут мусяць вельмі сур’ёзна працаваць адмысловыя службы, задача якіх – адсочваць стан гэтых асуджаных, ацэньваць, ці яны гатовыя да жыцця ў грамадстве. Бо калі не, то суд можа працягнуць тэрмін зняволення. Але ў Беларусі сур’ёзная праблема з папраўчай функцыяй месцаў зняволення. Людзей закрываюць там, але не рыхтуюць да жыцця на волі. Таксама пасля вызвалення няма ніякай працы па адаптацыі наноў у грамадстве.

Удзельнікі сустрэчы мелі магчымасць убачыць фотавыставу, прысвечаную тэме смяротнага пакарання ў Беларусі. На здымках – маці асуджаных на смерць. Акрамя, Андрэй Палуда напрыканцы дыскусіі паказаў вельмі эмацыйныя мультыплікацыйныя ролікі на гэтую ж тэму.

смяротнае, пакаранне

смяротнае, пакаранне «Пытанне смяротнага пакарання – вельмі цяжкае, таму што вельмі эмацыйнае. Тут эмоцыі з двух бакоў – сваякі ахвяраў забойцы патрабуюць адплаты, і гэта зразумела. З іншага боку дзяржава бярэ на сябе ролю такога ж забойцы. Гэта галоўная прычына, чаму пытанне захавання ці адмены смяротнага пакарання не можа быць вырашаная праз рэферэндум – тут патрэбная палітычная воля», – рэзюмаваў праваабаронца.

 

Марына Міхневіч