Домой Общество Праваабаронца Барыс Бухель выступіў у Бабруйску з публічнай лекцыяй

Праваабаронца Барыс Бухель выступіў у Бабруйску з публічнай лекцыяй

У офісе дэмакратычных сіл Бабруйска 17 студзеня адбылася публічная лекцыя па праваабароне для актывістаў грамадскіх арганізацый і палітычных дзеячаў.

Яе арганізатарам выступіў прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці. Лекцыю вёў сп. Барыс Бухель — праваабаронца з Магілёву. Ён распавёў аб сваім вопыце праваабарончай дзейнасці і падзяліўся напрацоўкамі аб паводзінах грамадскіх актывістаў з міліцыянтамі і ў судзе.

Лекцыя цягнулася больш за чатыры гадзіны. Сп. Барыс падчас расповеду рабіў акцэнт на сваім практычным вопыце. Кожная яго парада грунтавалася на канкрэтных справах грамадскіх актывістаў, зносінах з міліцыянтамі і судовых паседжаннях.

Трэба таксама зазначыць, што Барыс Леанідавіч паспытаў на сабе пакаранне суду паводле артыкула аб адміністрацыйным правапарушэнні: яму далі сем сутак арышту за бы то ўдзел у акцыі «Плясканняў у далоні» ў ліпені 2011 году. Менавіта таму лекцыя была насычана заўвагамі таго, як сам лектар перажыў гэтыя суды.

— У нашай краіне суды засуджваюць, але не рассуджаюць, — кажа сп. Барыс. — Менавіта таму ў Беларусі цяжка дамагчыся справядлівага прысуду. Часцяком чуў, як суддзі казалі, што ў іх ёсць сем’і і праца, якую яны не хочуць страчваць, калі вынясуць справядлівае рашэнне. Аднак заўжды лягчэй апраўдаць сваю подласць, чым мужна адстойваць праўду.

Таксама Барыс Леанідавіч заўважыў, што вельмі зручным для ўсіх супрацоўнікаў дзяржаўных устаноў з’яўляецца маўчанне іхняй ахвяры. Тады яны чыняць яшчэ большае бяспраўе, чым калі ім чыняць супраціў і актыўна абараняюць свае правы.

— Не вер, не бойся, не прасі, — зрабіў выснову сп. Бухель. — Не верце цяперашнім прадстаўнікам улады (міліцыянтам, суддзям, чыноўнікам), бо яны заўжды шукаюць, як надурыць вас і парушыць вашыя правы. Не бойцеся іхніх пагроз, бо яны робяць гэта ад страху перад вамі. Не прасіце іх не аб чым (калі тое не датычыцца фізіялагічных патрэбаў), бо гэта паставіць вас у залежнасць ад іх.

Гэтыя тры правілы дапамогуць не пагоршыць сваё становішча.

Яшчэ лектар нагадаў, што трэба заўжды ўважліва чытаць усе складзеныя супраць чалавека пратаколы і не сароміцца рабіць заўвагі і ўдакладненні. А падрыхтоўка да справы, як лічыць сп. Барыс, прыносіць палову перамогі.

Пасля сканчэння лекцыі Барыс Леанідавіч яшчэ доўга размаўляў са сваімі слухачамі па-асобку.

Яўген Васьковіч