Домой Главные новости Праект «Глуша Адамовіча» прайшоў у фінал конкурса Social weekend

Праект «Глуша Адамовіча» прайшоў у фінал конкурса Social weekend

Адамовіч, «Глуша Адамовіча», праект, фінал, конкурс, Social weekendКалі ініцыятыва бабруйчан пераможа, то атрымае грашовую падтрымку на распрацоўку інтэрактыўнай экскурсіі-спектакля па творах Алеся Адамовіча і стварэнне турыстычнай інфраструктуры ў Глушы.

Паўфінал конкурса праходзіў 30 красавіка ў Менску. У ім удзельнічалі 23 ініцыятывы з усёй Беларусі. Пасля кароткіх прэзентацый журы выбрала 15 праектаў, якія выйшлі ў фінал.

Каб трапіць у паўфінал, праекты прайшлі адбор на ¼ фінала – на гэтым этапе журы мусіла пакінуць у конкурсе 23 ідэі з 50.

А 50 праектаў сталі ўдзельнікамі Socialweekend дзякуючы народнаму галасаванню з дапамогай смс-паведамленняў. Тады спаборнічалі больш за 300 заявак. «Глуша Адамовіча» увайшла ў топ-20, атрымаўшы 513 галасоў. За ініцыятыву бабруйчан прагаласавала пісьменніца, нобелеўская лаўрэятка Святлана Алексіевіч.

«Глуша Адамовіча» – праект ініцыятыўнай групы бабруйчан «Прыпынак Адамовіча». Летась яны ператварылі звычайны аўтобусны прыпынак у Глушы ў арт-аб’ект, прысвечаны пісьменніку.   Акрамя, сабралі грошы на помнік, усталяванне якога плануецца сёлета, да дня народзінаў Алеся Адамовіча.

У рамках праекта «Глуша Адамовіча» актывісты хочуць стварыць брэнд Глушы на падставе імя Адамовіча, а праз гэта – рэсур для развіцця турызма ў пасёлку. Гэтаму мусіць паспрыяць экскурсія-спектакль, падчас якой экскурсанты «сустрэнуцца»з героямі твораў Алеся Адамовіча. Гэтай сустрэчы паспрыяюць акторы, якія сыграюць урыўкі з аповесцяў.

Акрамя, сябры ініцыятывы хочуць усталяваць у Глушы інфармацыйныя стэнды і ўказальнікі, якія б распавядалі пра Алеся Адамовіча і тое, як ён звязаны з пасёлкам.

Фінал конкурса адбудзецца 16 траўня.

Socialweekend–буйнейшы рэспубліканскі конкурс сацыяльных праектаў, у рамках якога ўдзельнікі праходзяць некалькі этапаў адбора і навучання. Пераможцы атрымліваюць фінансавую дапамогу на рэалізацыю сваіх праектаў. Сёлета прызавы фонд складае BYN 75 000.

Алесь Адамовіч – беларускі пісьменнік, публіцыст, журналіст, грамадскі дзяяч. Нарадзіўся 3 верасня 1927 года (афіцыйна дата, сапраўдная – 3 жніўня 1926 года).  Дзяцінства правёў ў Глушы пад Бабруйскам. Там жа на свае вочы пабачыў Другую сусветную вайну. Скончыў філалагічны факультэт БДУ. Вёў актыўную грамадска-палітычную дзейнасць. Падтрымліваў стварэнне Беларускага народнага фронта. Намагаўся раскрыць праўду пра Чарнобыльскую катастрофу, быў са-старшынёй Міжнароднага фонда «Дапамога ахвярам Чарнобыля». Вядомыя ягоныя творы «Я з вогненнай вёскі», «Хатынская аповесць»,  «Вайна пад стрэхамі», «Апакаліпсіс па графіку» і іншыя.

Алесь Адамовіч памёр 26 студзеня 1994 года, пахаваны ў Глушы.

 

Марына Маўчанава