Домой В регионе Праект бабруйчан «Глуша Адамовіча» – сярод пераможцаў конкурса «Social weekend»

Праект бабруйчан «Глуша Адамовіча» – сярод пераможцаў конкурса «Social weekend»

Ідэя выйграла грашовую падтрымку ў намінацыях «Малая радзіма» ад «Беларусбанка» і «Добрая ініцыятыва» родных і сяброў Віталя Князева.

«Глуша Адамовіча», праект, конкурс «Social weekend»

«Глуша Адамовіча» – праект, накіраваны на ўшанаванне памяці Алеся Адамовіча і стварэнне на падставе ягонага імя брэнда пасёлка Глуша – малой радзімы пісьменніка. Бабруйчане хочуць распрацаваць экскурсію-спектакль па творах Адамовіча.

Фінал 13-га сезону буйнейшага ў Беларусі конкурса сацыяльных праектаў «Socialweekend» прайшоў у Менску 16-га траўня. За падтрымку мецэнатаў спаборнічалі 15 праектаў з усёй краіны. Яны прайшлі народнае галасаванне, ¼ фінала і паўфінал.

ААТ АСБ «Беларусбанк» абіраў пераможцу ў намінацыі «Малая радзіма». У яе траплялі праекты, накіраваныя на паляпшэнне жыцця насельніцтва (асобных груп), інфраструктуры малых гарадоў Беларусі, захаванне культурнай спадчыны. Прыз пераможцу намінацыі – BYN 10 000.

Намінацыя сяброў і родных фундатара Віталя Князева «Добрая ініцыятыва» абяцала BYN 1000 лепшаму праекту, які падтрымлівае і развівае родную мову ці культуру, а таксама пашырэнне актыўнага ладу жыцця.

Сябры журы – прадстаўнікі абедзвюх намінацый вырашылі, што менавіта «Глуша Адамовіча» –найлепшы праект для іх падтрымкі. Агулам ініцыятыва атрымае BYN 11 000 на рэалізацыю праекта.

«Глушу Адамовіча» ад самага пачатку падтрымлівае нобелеўская лаўрэятка, сябра ГА «БАЖ», пісьменніца Святлана Алексіевіч. Яна галасавала за праект на першым этапе Socialweekend – народным галасаванні праз смс-паведамленні.

Таксама праект падтрымлівае дачка Алеся Адамовіча Наталля. Яна была разам з камандай бабруйчан на фінале.

«Глуша Адамовіча», праект, конкурс «Social weekend»
Наталля Адамовіч

«Глуша Адамовіча», праект, конкурс «Social weekend»

«Я вельмі ўдзячны ўсім, хто нас падтрымаў, – кажа Андрусь Архіпенка, сябра ініцыятыўнай групы «Глуша Адамовіча». – Перад самім конкурсам я ведаў, што мы змагаемся за намінацыю «Малая радзіма» ад «Беларусбанка», і калі на перапынку да нас падыйшоў прадстаўнік банка, то я зразумеў, што мы яго зацікавілі, і шанец у нас ёсць. Калі абвесцілі, што мы пераможцы гэтай намінацыі, я зразумеўштомы не дарма робім. Зараз думаю прадалейшыякрокі па рэалізацыі праекта».

«Socialweekend» – не адзіны конкурс, у якім бабруйская ініцыятыва выйшла сёлета ў фінал. У красавіку рэалізаваная летась ідэя арт-аб’екта «Прыпынак Адамовіча» трапіла ў шорт-ліст конкурса ICOMOS у Беларусі ў намінацыі «Лепшы культурны праект, накіраваны на захаванне і выкарыстанне гісторыка-культурнай спадчыны».

Акрамя, летась каманда сабрала шляхам краўдфандынга сродкі на помнік Алесю Адамовічу, які плануецца ўсталяваць у Глушы ўжо гэтай восенню.

Алесь Адамовіч – беларускі пісьменнік, публіцыст, журналіст, грамадскі дзяяч. Нарадзіўся 3 верасня 1927 года (афіцыйна дата, сапраўдная – 3 жніўня 1926 года). Дзяцінства правёў ў Глушы пад Бабруйскам. Там жа на свае вочы пабачыў Другую сусветную вайну. Скончыў філалагічны факультэт БДУ. Вёў актыўную грамадска-палітычную дзейнасць. Падтрымліваў стварэнне Беларускага народнага фронта. Намагаўся раскрыць праўду пра Чарнобыльскую катастрофу, быў са-старшынёй Міжнароднага фонда «Дапамога ахвярам Чарнобыля». Вядомыя ягоныя творы «Я з вогненнай вёскі», «Хатынская аповесць»,  «Вайна пад стрэхамі», «Апакаліпсіс па графіку» і іншыя.

Алесь Адамовіч памёр 26 студзеня 1994 года, пахаваны ў Глушы.

 

Марына Міхневіч