Домой Общество Працоўны мігрант: Калі затрымалі заробак, палякі перасталі працаваць…

Працоўны мігрант: Калі затрымалі заробак, палякі перасталі працаваць…

Працоўны мігрант, палякі 3-га студзеня на офісе Аб’яднанай грамадзянскай партыі па вуліцы Кастрычніцкай адбылася сустрэча з працоўным мігрантам Сяргеем Крэмянецкім. Ён распавёў пра асабісты вопыт працы ў Польшчы і асаблівасці, з якімі даводзіцца сутыкнуцца.

Працоўны мігрант, палякі

Мерапрыемства адбылося ў фармаце гутаркі. За адным сталом сабраліся бабруйчане, якія так ці інакш разглядалі альбо разглядаюць магчымасць працы за мяжой. Прычым цікавіць не ўсходні край, а тое, што – «за кардонам», на захадзе.

Шмат незнаёмых і незразумелых беларусам рэалій Сяргей патлумачыў на ўласным прыкладзе.

– Тут ёсць як свае плюсы, гэтак і мінусы. Калі, напрыклад, цалкам працаваць паводле дамовы-падраду, то гэта два тыдні адпачынку. А гастарбайтэры звычайна працуюць тры-чатыры месяцы, а потым едуць на месяц дадому.

Аказваецца, што шмат фактараў пры ўладкаванні й працы залежыць ад працадаўцы. Але ж Сяргей збіраецца ўладкоўвацца ў Польшчы стала. Нават сваё дзіця ён хоча адправіць у тутэйшую школу. Бо там у яго ёсць магчымасць вучыцца на тых жа ўмовах, што і ў Беларусі.

Датычна польскай мовы Сяржук робіць заўвагу, што дзеці ў школе вучаць яе хутчэй, чым іхнія бацькі на працы. Таксама ён зазначыў, што засвоіць польскую не цяжка: «Яна падобная да беларускай», – кажа ён.

Распавядаў Крэмянецкі і некаторыя лайфхакі. Напрыклад, адразу, як уладкаваўся на працу, ён завёў банкаўскую картку. Прычым ён абраў арганізацыю, аддзяленні якой можна знайсці амаль у кожным закутку Польшчы. І калі прыйшоў час атрымліваць заробак, выявілася, што ён большы за той, які яму абяцалі. А ўсё таму, што наяўныя грошы не перасылалі праз арганізацыі-пасярэднікі. А варта было толькі завесці картку і паведаміць у кадравае агенцтва, каб пераводзілі заробак на яе.

Пачулі прысутныя і пра заробкі. Адразу кідаецца ў вочы, што для дагаворнага супрацоўніка (то бок праца паводле камісіі) вымяраюць заробкі не ў акладах, а ў аплаце ад гадзіны. Адпрацаваўшы пэўны час, Сяргей ужо шукае ўладкаванне, якое дазволіць яму мець заробак у 20 злотых на гадзіну. А гэта – 11 рублёў 53 капейкі. Пры ўліку працы па 8 гадзін на дзень, 5 дзён на тыдзень, атрымліваецца 3200 злотых на месяц. Але ёсць нюанс. У Польшчы ёсць два віды заробку – брута і нета. Першы не ўлічвае ўсіх выплат. Другі – гэта тыя грошы, якія супрацоўнік атрымлівае ў выніку. То бок калі абяцаюць 20 злотых за гадзіну працы паводле камісіі, атрымаецца 15 злотых 71 грош. А за месяц – 2513,6 злотых, што роўна 1449 рублям 40 капейкам.

Крыху ўважлівасці не перашкодзіць. Сяргей распавёў, што ў Польшчы строга сочаць за тым, каб працадаўцы выконвалі заканадаўства. Таму калі твае правы парушаюць, то звяртайся са скаргай у адказныя органы.

– Быў адзін выпадак, калі затрымалі заробак, – распавядае Сяржук. – Палякі ў той жа дзень перасталі працаваць. Калі з адміністрацыі прадпрыемства падыйшлі, то тыя распавялі прычыну свайго страйку. На наступны дзень палякі ўвогуле не выйшлі на працу. Тады іх усіх абзванілі і паабяцалі цягам пары дзён усё выплаціць. Так і адбылося. А вось украінцы не страйкавалі. Ім выплацілі праз пару тыдняў. Я з гэтым не сутыкнуўся, бо мне ўсё кампінсавала кадравае агенцтва.

Ад сябе можам дадаць: калі ўладкоўваецеся праз кадравае агенцтва, то ўважліва чытайце дамову, бярыце копію на рукі, сачыце, каб не было падману.

Выпадкі, калі падсоўваюць дамовы на рабскіх умовах, адбываюцца. Ёсць пацярпелыя і сярод бабруйчан. Але трэба ўважліва чытаць паперы. І калі яны складзеныя толькі па-польску, то павінен быць пераклад – абавязкова!

 

Яўген Глаголеў-Васьковіч
Фота аўтара