Домой Видео Пра што забаронена пісаць бабруйскім журналістам? Як пасябраваць журналістам і актывістам?

Пра што забаронена пісаць бабруйскім журналістам? Як пасябраваць журналістам і актывістам?

Журналісты любяць «смажанае»? Што рабіць актывістам, калі пасля інтэрв’ю ім пагражаюць выканкам ды КДБ? На якія тэмы бабруйскім журналістам нельга пісаць? Гэтыя і іншыя пытанні абмяркоўвалі госці сустрэчы «СМІ і актывісты Бабруйска: як супрацоўнічаць эфектыўней?».

Перад бабруйчанамі выступілі галоўны рэдактар менскага гарадскога інтэрнэт-часопіса Сitydog.by Сяргей Сахараў, вядучы рэдактар інфармацыйнага агенства «Магілёўскія ведамасці» Дзмітрый Лапейка і старшыня магілёўскага рэгіянальнага аддзялення Таварыства беларускай мовы, экскурсавод Алег Дз’ячкоў.

Сяргей Сахараў распавёў пра аўдыторыю сайта citydog.by, пра тое, што яе складае так званы крэатыўны клас. Да гэтага ж класа рэдактар залічыў і актывістаў, пра якіх піша часопіс. Гэтыя людзі актыўныя, робяць нешта цікавае, зарабляюць больш за USD 1000.

Актывіст, паводле спадара Сяргея, гэта любы чалавек, які мяняе прастору навокал сябе.

«Нават лаву паставіць ля пад’езда – ужо актывізм», – заўважыў рэдактар менскага інтэрнэт-часопіса.

Потым Сяргей Сахараў прапанаваў актывістам «паскардзіцца» на журналістаў – распавесці, за што НДА (недзяржаўныя арганізацыі) не любяць медыі.

«Журналісты хочуць, каб актывісты рабілі за іх іхнюю працу», – сказаў нехта з гасцей імпрэзы.

«Не ўзгаджаюць матэрыялы, часта не звяртаюць увагі і не лічуць тэму цікавай», – падзяліўся сваёй крыўдай іншы актывіст.

«Журналісты любяць «смажанае», і дзеля гэтага яны так могуць перавярнуць твае словы, што табе сорамна становіцца, што пагадзіўся даць інтэрв’ю», – распавёў актывіст з Магілёва.

«Некаторыя нашыя буйныя нацыянальныя медыі мне сказалі, што не будуць займацца маёй тэмай, бо не хочуць ісці на канфлікт з уладамі», – узгадала дзяўчына з бабруйскай НДА пра свой досвед супрацы з журналістамі.

«Як можна ў нас увогуле даваць інтэрв’ю, калі пасля гэтага інтэрв’ю да цябе прыходзяць усялякія праверкі?» – так шэптам абмяркоўвалі паміж сабой тэму вечара актывісты.

Прадстаўнік адной з бабруйскіх дабрачынных арганізацый распавёў, што пасля таго, як выйшаў матэрыял пра тое, як ён корміць бабруйчан у патрэбе, выканкам патрабаваў зняць артыкул і пагражаў ледзь не КДБ.

«Нажаль, гэта ўжо звыклая спецыфіка беларускай сітуацыі, і ў такіх абставінах нам даводзіцца працаваць, – адказаў на аповед хлопца Сяргей Сахараў. – У Беларусі як не страхуйся, ніколі не ведаеш, адкуль прыляціць».

Як выйсце ў такой сітуацыі, хлопцу прапанавалі распавядаць у СМІ пра ўвесць ціск, што ў адносінах да яго чыніць дзяржава.

З рэдактарам Citydog.by пагадзіліся бабруйскія журналісты, якія распавялі, што раз-пораз маюць праблемы з выканкамам за асвятленне той ці іншай тэмы. Гарадскія ўлады трымаюць на кантролі ўсё, што пішуць і паказваюць мясцовыя медыі. Тым, на каго маюць уплыў, дыктуюць, якія сітуацыі нельга чапаць, а якія – можна. Так, напрыклад, аказваецца, адной з бабруйскіх газет забаронена пісаць пра самазабойствы ў горадзе – вось такая інфармацыйная палітыка выдання.

 

Марына Міхневіч

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя