Домой Общество Праўдалюб Аляксандр Леаненка

Праўдалюб Аляксандр Леаненка

Алесь ЛеаненкаАлесь Леаненка

Ёсць розныя грамадскія дзеячы: праваабаронцы, палітыкі і тыя, хто проста мае актыўную жыццёвую пазіцыю. Алесь Леаненка ўвабраў у сябе ўсе гэтыя якасці. Зараз Аляксандр Мікалаевіч балатуецца кандыдатам ў дэпутаты мясцовага Савета.

Нарадзіўся спадар Аляксандр на радзіме знакамітага беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча ў вёсцы Рымаўка ў 1956 годзе. Маці і тата былі вясковымі настаўнікамі. У раннім дзяцінстве сям’я пераехала ў вёску Даманова Бабруйскага раёна. Там ён пайшоў у васьмігадовую школу, якую скончыў на выдатна. Паступіў у Мінскі электратэхнікум сувязі. Пасля яго заканчэння працаваў на бабруйскім радыёвузле.

Увосень 1976 года спадар Аляксандр трапіў у войска, дзе меў гонар прымаць прысягу ля сцяга Перамогі, што знаходзіўся ў музеі ўзброеных сіл СССР. Пасля службы спадар Леаненка працаваў на будоўлях Бабруйска. Прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці яшчэ са школьных часоў. Калі быў сябрам КПСС, на партыйнай раённай канферэнцыі яго абралі чальцом рэвізійнай камісіі. Падчас перабудовы спадар Аляксандр выйшаў з камуністычнай партыі. З канца 1979 года і па 1989-ы будаваў, а затым і працаваў на прадпрыемствах ЖБІ і КПД.

На пачатку так званых «ліхіх дзевяностых» спадар Аляксандр адкрыў сваю турфірму, якая праіснавала два гады.

У 2000 годзе стаў сябрам рэспубліканскай праваабарончай грамадскай арганізацыі «Беларускі Хельсінкскі Камітэт». Актыўна займаўся абаронай правоў чалавека ў Беларусі. На ўступленне ў гэту арганізацыю спадара Аляксандра натхніў вядомы беларускі дысідэнт Міхаіл Кукабака, з якім ён быў асабіста знаёмы

Я звыкся заўсёды гаварыць праўду ў вочы, кажа Аляксандр Леаненка, таму што Бог заклікае жыць па-праўдзе.

У 2009 годзе спадар Аляксандр стаў сябрам аргкамітэта па стварэнню партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». Тлумачыць ён гэта тым, што ўсё матэрыяльнае з часам знікне, а духоўнае застанецца. Спадар Леаненка ўзбураецца тым, што ў нашай краіне родная мова і гісторыя знаходзяцца ў занядбалым становішчы:

Нідзе ў свеце людзям не трэба гаварыць, што яны належаць да той ці іншай нацыі, гаворыць ён. І толькі ў нашай краіне ўсюды пішуць, што «Мы белорусы» па-руску. Шыльды амаль на ўсіх крамах напісаны не на роднай мове. У школе дзеці вывучаюць такую гісторыю Беларусі, якую выкладалі яшчэ ў Савецкім Саюзе: поўную прадузятасцяў і пэўнасцяў.

Леаненка не можа зразумець, чаму народ часта моўчкі церпіць здзекі чыноўнікаў, якіх турбуе, на яго погляд, толькі матэрыяльнае ўзбагачэнне.

Я ведаю, як палепшыць стан жыцця ў нашым горадзе з дапамогай грамадскіх арганізацый, кажа спадар Аляксандр, але ў гэтым павінна быць зацікаўлена мясцовая ўлада.

Яўген ВАСЬКОВІЧ. Фота аўтара