Домой В регионе Першы помнік Алесю Адамовічу адкрылі пад Бабруйскам

Першы помнік Алесю Адамовічу адкрылі пад Бабруйскам

 

Бюст усталявалі ў пасёлку Глуша праз 25 гадоў пасля смерці пісьменніка.

Малебен на магіле Алеся Адамовіча

 Урачыстае адкрыццё адбылося 9-га лістапада. Цырымонія распачалася з малебна і ўскладання кветак на магіле Алеся Адамовіча на глушанскіх могілках.

Наталля Адамовіч ускладае кветкі да магілы свайго бацькі.

Пасля мясцовыя жыхары, госці з Бабруйска, Менска, Магілёва, Слуцка сабраліся вакол помніка каля Дома культуры. 

Адкрывалі бюст дачка Алеся Адамовіча Наталля Адамовіч, ініцыятар усталявання помніка актывіст Андрусь Архіпенка, аўтар бюста, скульптар Генік Лойка, старшыня глушанскага сельсавета Марыя Сушчанка, намесніца старшыні Бабруйскага райвыканкама па ідэалагічнай працы Таццяна Варанко. Пасля адкрыцця кожны з іх выступіў з прамовай, а потым у гасцей цырымоніі была магчымасць ускласці кветкі да бюста.

Адкрыццё помніка

Пра ўсталяванне ў Глушы помніка Алесю Адамовічу даўно марыла старшыня глушанскага сельсавета Марыя Сушчанка.

Марыя Сушчанка, старшыня Глушанскага сельсавета

За рэалізацыю ідэі ўзяўся бабруйчанін Андрусь Архіпенка. 

Андрусь Архіпенка

На пачатку 2018 года ён сабраў подпісы за помнік, а пасля і грошы з дапамогай краўдфандынгу. Сярод ахвярадаўцаў – стваральнік партала tut.by Юры Зісер і Святлана Алексіевіч. 

Аўтары бюста – скульптары Генік Лойка і Яўген Білей.

Генік Лойка, аўтар помніка

Наталля Адамовіч і старшыня Глушанскага сельсавета спадзяюцца, што наступным крокам на шляху ўшанавання памяці Алеся Адамовіча стане адкрыццё музея ў будынку аптэкі ў Глушы, дзе працавала маці пісьменніка. 

Алесь Адамовіч нарадзіўся 3 верасня 1927 года ў в. Канюхі ў Менскай вобласці. Але з самага ранняга дзяцінства жыў разам з бацькамі ў Глушы пад Бабруйскам, якую лічыў сваёй малой Радзімай. Тут жа ён хацеў быць пахаваным. Пісьменнік памёр ад інфаркта 26 студзеня 1994 годзе, і ўсё было зроблена па ягоным наказе.

Алесь Адамовіч вядомы як яскравы публіцыст, які не баяўся падымаць самыя вострыя сацыяльныя, грамадскія, палітычныя пытанні. Шмат у чым менавіта дзякуючы Алесю Адамовічу беларусы і свет даведаліся праўду пра Чарнобыльскую катастрофу і яе наступствы.

Пяру Адамовіча належаць такія кнігі, як «Вайна пад стрэхамі», «Хатынская аповесць», «Блакадная кніга» (у суаўтарстве з Д.Граніным), «Я з вогненнай вёскі» (у суаўтарстве з Я.Брылем і У.Калеснікам), «Vixi», сцэнар да фільма «Ідзі і глядзі» (рэжысёр – Элем Клімаў) (у 2017 годзе фільм быў адзначаны ўзнагародай 74-га Венецыянскага кінафестываля) і шмат іншых твораў.

Падрабязней пра адкрыццё помніка Алесю Адамовічу глядзіце ў нашым відэасюжэце.

 

Марына Маўчанава,
фота Марыны Маўчанавай,
відэа Віктара Масаловіча.