Домой Аляксей Ненадавец Паводзіны вадзяніка

Паводзіны вадзяніка

Аляксей Ненадавец, паводзіны вадзяніка, беларуская мифалогія, дэманалогія

(Працяг. Глядзіце папярэдні блог на гэтую тэму)

На нашу думку, меў рацыю А. Афанасьеў, сцвярджаючы: «У характары вадзяніка да гэтага часу лёгка заўважыць сляды гэтага старажытнага ўяўлення. Нашы сяляне называюць яго тым жа імем дзядулі, якое прысвойваецца дамавіку; імя гэтае часам надаецца і лесавіку, які першапачаткова таксама належаў да завоблачных духаў».

Даследчык падае гэтую назву як адну з асноўных: «Дзядуля – вадзянік – вадавік – жыве ў вірах, катлавінах і вадаваротах рэк, вадаёмаў ці азёр». Тое ж самае і ў рускай міфалогіі, дзе вадзянік таксама жыве ў вірах, ці ў тых водных мясцінах, якія не замярзаюць зімою, а таксама (найбольш улюбёныя!) на старых разбураных вадзяных млынах. Можа, зрэдчае, з’яўляецца і ў азёрах, у сажалках, у рэках і нават у…  калодзежах.

І ўсё ж мы павінны канстатаваць той факт, што ў большасці выпадкаў валадар вадаёмаў насіў назву вадзяніка. Менавіта гэтае слова найболей адпавядае рэчаіснасці.

Ул. Даль пісаў: «Вадзянік – чорт, які сядзіць у вірах і бучагах, пад млынамі».

У Е. Раманава сустракаем наступнае: «Што датычыцца вадзяніка, то гэта безумоўна шкодны дух».

Або такое сведчанне: «Вадзянік, вадзяны дзядулька, вадавік у славянскай міфалогіі – злы дух, увасабленне стыхіі вады як адмоўнага і небяспечнага пачатку».

Як і любая іншая жывая істота ў прыродзе, вадзянік меў сваю пару – жонку. Патрыярхальныя людзі нават уявіць сабе такога не маглі, што валадар воднай прасторы мог бы існаваць без слабой палавіны. Я. Ляцкі пісаў: «Кажуць, нібыта вадзянікі заводзяць сем’і – жонкі іх – русалкі, яны маюць дзяцей, такіх жа нечысцей, як і самі».

У Е. Раманава пазначана наступнае: «Яны (вадзянікі. – А.Н.) жэняцца на дзяўчатах, праклятых мацяркамі, і на тапельніцах».

Часам згадваецца, што ў вадзяніка можа быць не адна жонка, а некалькі, і самае галоўнае, што кожная з іх адказвае за выкананне нейкага пэўнага абавязку.

«Жаночыя духі вады – вадзяніцы – звязваюцца, як і русалкі, з уяўленнямі аб шкаданосных нябожчыках – «заложных» нябожчыках, тых, якія становяцца вампірамі і злымі духамі; на іх жэняцца вадзяныя, ад іх нараджаюцца дзеці».

Дз. Зяленін сцвярджаў: «Дзеці вадзяніка, якіх паўночнарускія называюць шылікуны, пасля Вадохрышча 6 студзеня выскокваюць з палонкі і спрабуюць праз вокны і дзверы прабрацца ў хаціны».

Найбольш складаным з’яўляецца пытанне аб абмежаванні ўплыву вадзяніка ў адносінах да нейкай канкрэтнай воднай тэрыторыі.

М. Нікіфароўскі пісаў: «Вадзянік можа і жартам і па злосці пужаць рыбу каля сетак рыбакоў, раз’язджаючы на сваім любімым кані (соме), рве і выварочвае сеткі і іншыя прылады, раскрывае плаціны на млынах, псуе і зрывае млыны; уважліва пільнуе тых, хто купаецца, падхопліваючы ахвяры між іх, рыбакоў і людзей, якія ўпалі ў ваду па неасцярожнасці, прычым не робіць літасці і скаціне: сеўшы на жывёлу, якая плыве ці валтузіцца ў вадзе, вадзянік едзе на ёй і сваёю вагою прыціскае яе да дна. Калі ж ён толькі жартуе, дурэе і забаўляецца, то відаць будзе, як у тым ці іншым месцы нечакана заклубіцца вада, усплывуць на паверхню бурбалкі, пачнуць разыходзіцца кругі, а ўночы, пры ціхім надвор’і, пляскае далонямі па паверхні вады ці раве, нібы карова, кракае, быццам качка, вішчыць і бляе, падобна на вадзяных птушак. У сваю чаргу ў  раптоўным разліве невялікай рэчкі і ручая, у напоры іх вады, у каламучанні чыстых дагэтуль водаў даводзіцца бачыць то жарты вадзяніка, то яго вяселле; пры апошнім не вытрымлівае самая моцная плаціна, млын, і заўсёды тут павінна быць чалавечая ахвяра».

«Гаспадар вады» – адсюль, відаць, і трэба вызначаць першаснае прызначэнне вадзяніка, бо калі ісці за тым, што валадар у нечым перашкаджае, то пералік гэтых заняткаў, звязаных з вадою, будзе бясконцым: «Яму (вадзяніку. – А.Н.) прыпісвалі рух, памутненне вады, пару над ёй, разлівы рэк, псаванне рыбалоўных прылад, разбурэнне плацін, млыноў, гібель людзей і жывёл у вадзе».

Існавалі цэлыя абрады прынясення ахвяраў і паднашэнняў вадзяніку. У першую чаргу гэта здзяйснялі ўсе тыя людзі, якія не займаліся земляробчай працай. Рыбакі кідалі вадзяніку першую злоўленую ў сезоне вялікую рыбіну ці частку ўлова. Аддавалі яму табаку, пры гэтым прымаўляючы: «На табе, бацька, табакі, а дай мне рыбкі».

Часам у хвалі ляцеў дзіравы бот з анучай ды яшчэ і гучалі словы: «На табе на ногі абутак, а ты мне пазаганяй у сеці рыбкі».

На тое, што вадзянікам прыносілі ахвяры, указваў і А. Багдановіч: «Захавалася дагэтуль перакананне, што вадзянік патрабуе чалавечай ахвяры, і міжвольныя тапельцы лічацца ахвярамі яго драпежнасці: ён цягне іх да сябе на дно. У Беларусі паказваюць шмат мясцін, на якіх, згодна з паданнямі, былі некалі азёры, і ў іх жылі вельмі прагныя вадзянікі. Яны вельмі часта цягалі людзей у вір. Тады навакольныя жыхары звярталіся да якой-небудзь знахаркі, і яна, адшукаўшы вір, смела нырала на дно, затыкала жэрла — галоўны выток возера – «гарохвінамі» і закладвала зверху каменнем. Вада ў возеры мала-памалу знікала, і вадзянік перасяляўся куды-небудзь у іншае месца».

М. Нікіфароўскі малюе вадзяніка як злую істоту, якая пастаянна пагражала жыццю чалавека: «Калі людзі стамляюцца супрацьстаяць воднай стыхіі, то тады яны паступаюць значка прасцей –стараюцца задобрыць валадара вады, які ўяўляецца ім як і ўсё жывое ці адухоўленае нейкай пэўнай асобай. Болей таго, нават лічылася, што кожны чалавек, ідучы міма ракі, возера, павінен укінуць туды нейкай ежы».

Тут напрамую ўказваецца на сувязь паміж вадзяным нячысцікам і сухапутным і зноў прыходзіцца канстатаваць наступны факт – даволі часта вадзянік адносіўся да чарцей, якія ў свядомасці першапродкаў паўсюдна мелі свае сферы ўплыву.

Паводзілі яны сябе таксама не надта стрымана. М. Нікіфароўскі адзначаў: «Якім бы чынам не замучваў вадзянік сваю ахвяру, ён доўга цешыцца з яе адчайных парыванняў вызваліцца з вады: то падыме на паверхню, дасць удыхнуць паветра, то зноў яшчэ глыбей апусціць уніз – да таго часу, пакуль канчаткова знясіленая ахвяра не ўпадзе на дно. Але і тут вадзянік працягвае мучыць ахвяру спадзяваннямі магчымага выратавання. Канчаткова забіўшы сваю ахвяру, вадзянік зганяе да трупа п’явак, ракаў, жукоў, каб тыя здзекаваліся над целам, якое ён кідае, калі дастане душу, – яна ідзе на службу да вадзяніка. Пасінелы труп тапельца сведчыць пра тое, што ахвяра была вельмі цьмянага, нават сатанінскага паходжання. Вадзянік абыякавы да такіх тапельцаў і аддае перавагу ахвяры з чыстаю хрысціянскаю душою. Труп такой ахвяры часта назаўсёды ўтрымліваецца вадзяніком у ламаччы, у каранях надбярэжных дрэваў, між камянёў і інш».

Увогуле, у адносінах да чалавека, вадзянік заўсёды настроены варожа. Ён пастаянна шкодзіць людзям: палохае і топіць купальшчыкаў, выпускае з невадаў рыбу, разбурае плаціны. Вадзянік можа зацягнуць у ваду любога бяспечнага чалавека, а таксама таго, хто купаецца без нацельнага крыжа ці пасля паўночы. Нярэдка выцягвае ці выкульвае рыбака з лодкі.

Працяг – будзе

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя