Домой Культура Павел Касцюкевіч: «Мы жывем у цікавай краіне, дзе спалучаецца саветчына з IT-светам…»

Павел Касцюкевіч: «Мы жывем у цікавай краіне, дзе спалучаецца саветчына з IT-светам…»

 пісьменнік Павел Касцюкевіч, творчая сустрэча, бабруйчане, мерапрыемства  Некалькі дзён таму пісьменнік Павел Касцюкевіч правёў творчую сустрэчу з бабруйчанамі. Пасля мерапрыемства літаратар адказаў на некалькі пытанняў «Бобруйского курьера».

– Чым вам больш падабаецца займацца, пісаць уласныя творы альбо перакладаць з замежных моў?

– Нават пішучы свае творы, перакладаю самога сябе: бо ў галаве назбіралася шмат пластоў з розных моваў, і сваіх уласных перажыванняў, канцэптаў, увасобленых у сваю ўласную нутраную мову. І гэтую мысленную працу трэба патлумачыць чужому чалавеку, чытачу. Вось і даводзіцца перакладаць свой унутраны свет на агульназразумелую… Канечне, пісьменнік насамрэч перакладчык.

– А пішыце вы выключна па натхненню, альбо пад «прымусам»?

– Пад канструктыўным прымусам. Напрыклад «біблійныя» эсэі збольшага былі калонкай на «Радыё Свабода». Трэба было ўціснуцца ў колькасць знакаў і дэдлайны. Але гэта пайшло тэкстам на карысць, яны набылі дынамізм, які седзячы сам-насам не атрымліваецца.

– Дарэчы ў сваёй творчасці вы шмат звяртаецеся да сюжэтаў з Бібліі. Чаму? З-за таго, што вы веруючы чалавек? Альбо кніга захапляе вас менавіта як літаратурны твор?

– Стары Запавет напісаны вялікай колькасцю аўтараў, і потым у дадатак адрэдагаваны безліч разоў. Адзін і той жа персанаж апісаны як ухвальна, так і крытычна. Нават такі аўтарытэт як цар Давід, ці цар Саламон. Праз гэта Давід трохі губляе свайго бляску, але з іншага боку набывае 3-D эфект: ён робіцца жывым чалавекам, са сваімі хібамі і цнотамі. А такая пукатасць – гэта пачатак добрай літаратуры

– Ці ёсць у вас іншыя інтарэсы ці хобі акрамя літаратуры?

– Асіярыялогія. Гучыць максімальна «не з гэтага свету», і за гэта мне падабаецца. Навука, якая вывучае культуры Старажытнага Блізкага Усходу. Што можа быць прыемней за хобі, якое ты ну аніяк не зможаш манетызаваць і ўжыць у рэальным жыцці?!

– Ацаніце стан сучаснай беларускай літаратуры?

– Палёт нармальны. Мы жывем у цікавай краіне, дзе спалучаецца саветчына з IT-светам, дзе ніхто ні ў чым ні пакаяўся і не прызнаўся, дзе маўчанка на любыя аспекты жыцця і мінулага доўжыцца бясконца. І гэта выдатна. Для літаратара. Сюжэты ў літаратараў адсюль родзяцца першарадныя. А яшчэ мы не так даўно Нобеля атрымалі. Ну гэта я так, нагадаў для тых, хто падзабыў.

– Над якім творам вы працуеце цяпер?

– Перакладаю з іўрыта «габрэйска-беларускага Дон Кіхота» – сатырычную раманету ураджэнца Капыля Мендэле-Мойхер Сфорыма «Падарожжа Беньяміна Трэцяга». Пасля Святланы Алексіевіч думаю варта працягнуць у канон беларускай літаратуры не толькі рускамоўныя творы, але ідышамоўныя і іўрытамоўныя. Дарэчы расійскага чытача з гэтым творам пазнаёміў бабруец Ёсіф Гурэвіч (1905 –1966)…

 

Гутарыў Васіль Кулікоў