Домой Общество Памылковыя маркі? (Відэа)

Памылковыя маркі? (Відэа)

Украінскі фрыстайліст Энвер Аблаеў як рэпрэзентант Беларусі — гэта толькі адна з прыкрых памылак, якую заўважылі спартовыя аматары на паштовым блоку, выдадзеным адмыслова да зімовай Алімпіяды ў Ванкуверы.

Юрый Дубскі збірае ўсе беларускія маркі з 1992 г. Таму ў ягонай калекцыі знайшоўся і паштовы блок, прысвечаны сёлетняй Алімпіядзе ў Ванкуверы.

ЮРЫЙ ДУБСКІ, ФІЛАТЭЛІСТ:
«Там ёсць нюансы, якія не адпавядаюць рэчаіснасці, але я не вялікі спецыяліст у спорце, каб ведаць тонкасці — якая форма ў хакеістаў, адпавядае яна або не».

А вось спецыялісты адразу заўважылі, што беларускі хакеіст гуляе з прадстаўніком канадскага «Манрэалю», хаця каманды ніколі не сустракаліся на лёдзе. Да таго ж белы швэдар формы спалучаны з неадпаведнымі шортамі ды гетрамі.

АНДРЭЙ ШОБІН, СПАРТОВЫ ЖУРНАЛІСТ:
«Тое, што ніжэй, яўна можна ўбачыць колеры іншай каманды, іншага клубу — нью-йоркскіх «Рэйнджэрз».

А двухразовая чэмпіёнка Еўропы і «срэбная» чэмпіёнка свету, біятланістка Дар’я Домрачава, на алімпійскім блоку чамусьці выйшла на дыстанцыю разам з мужчынамі. У Міністэрстве ж сувязі лічаць, што постаці паказаныя сімвалічна, да таго ж макет узгаднілі з алімпійскім камітэтам. Таму паштовы блок застаўся ў продажы.

АЛЕНА БАТУРА, НАЧАЛЬНІЦА АДДЗЯЛЕННЯ СУВЯЗІ:
«Першыя выданні марак мы заўсёды ў першую чаргу прадаем філатэлістам, г. зн. тым, хто ў нас падпісаны. Попытам ён у нас дастатковым карыстаецца».

Нягледзячы на тое, што алімпійскі блок з памылкамі выдадзены накладам 20 тыс. экземпляраў, адмыслоўцы адзначаюць, што неўзабаве ён можа стаць сапраўдным рарытэтам.

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя