Домой Общество Палітолаг: Незалежнасць Беларусі ператварылася ў гарантыю бяспекі Лукашэнка

Палітолаг: Незалежнасць Беларусі ператварылася ў гарантыю бяспекі Лукашэнка

6 сакавіка ў Бабруйску адбылася сустрэча з палітычным аналітыкам Андрэем Ляховічам.

Да 2008-га года сп. Ляховіч выкладаў паліталогію ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Ён быў звольнены адтуль з «воўчым білетам» (то бок – без права працаваць у вышэйшых навучальных установах Беларусі) за тое, што займаўся незалежнай палітычнай аналітыкай. Зараз сп. Андрэй працуе ў Менску.

Падчас размовы ў Бабруйску палітолаг зрабіў прагноз наконт знешняй і ўнутранай палітыкі Беларусі.

Першая тэза, аб якой распавёў сп. Ляховіч, прагучала такім чынам: «Лукашэнка мае планы заставацца на пасадзе пакуль у яго не пачнуцца істотныя праблемы са здароўем».

Аналітык падкрэсліў, што ў выпадку страты ўлады «лідару нацыі» не будзе куды ісці. Разам з тым на наступны дзень пасля магчымага імпічменту – у Лукашэнка пачнуцца вялікія праблемы…

Што датычыцца здароўя «нязменнага лідара» — зараз яму 61 год, ён гуляе ў хакей, вакол яго можна заўважыць эскорт з маладых жанчын. Але дзесяць год таму, на інаўгурацыі 2006-га, эксперты заўважылі, што «новы» прэзідэнт дрэнна сабе адчувае. Ягоная прамова доўжылася ўсяго адну гадзіну і была «скамканаю».

Пасля той інаўгурацыі Лукашэнка не з’яўляўся на публіцы каля месяца. Мінскія аналітыкі зрабілі тады выснову, што з ім здарыўся мікраінсульт.

У той перыяд стала відавочна, што ў краіне не існуе сістэмы пераемнасці ўлады. Хутка была створана арганізацыя «Белая Русь». Сп. Ляховіч звязвае яе стварэнне з жаданнем наменклатуры перахапіць уладу ў выпадку, калі прэзідэнт стане непрацаздольным.

Аднак падстаў для «перахопу» так і не з’явілася…

Разважаючы пра паводзіны беларускага «істэблішмента», сп. Ляховіч распавёў іншую тэзу: «У палітычнай гісторыі Беларусі ніколі не будзе такога, каб наменклатура «здала» Лукашэнка».

На думку палітолага, ў краіне існуе «сістэма кантраляванай карупцыі».

Гэта значыць, што чыноўнікі прасоўваюць сваіх сваякоў у бізнэс у адпаведнасці свайму статусу. Напрыклад, старшыня райвыканкама можа «дапамагчы» сваякам атрымаць пляцоўкі пад прадпрымальніцкую дзейнасць, але толькі ў межах свайго раёну.

Калі чыноўнік пераходзіць «сваю» мяжу – яго саджаюць па антыкарупцыйным артыкуле. Менавіта таму карупцыя ў нашай краіне – кантраляваная…

Да сваіх заўваг наконт сучаснай беларускай «палітыкі» сп. Ляховіч дадаў наступнае: апошнім часам па нашай краіне можна назiраць шмат білбордаў «Мы беларусы». Акрамя таго, міністр адукацыі заявіў, што беларуская мова павінна вывучацца ў школах столькі ж гадзін, як і расейская…

Адваротным бокам такой «беларусізацыі», на думку палітолага, з’яўляецца тое, што незалежнасць нашай краіны пертвараецца ў гарантыю бяспекі Лукашэнка. То бок, зараз для яго карысна, каб беларусы не лічылі сабе расейцамі. Яму трэба тое, за што можна атрымаць крэдыт ад МВФ.

Але гэтая «беларусізацыя» таксама «кантраляваная». «Лідар» апасаецца цалкам выпусціць нацыянальнага «джына» з бутэлькі, бо датацыі ад Расеі яшчэ патрэбныя…

Сустрэча з Андрэем Ляховічам скончылася размовай з аўдыторыей. На ўсе пытанні палітычны аналітык знаходзіў цікавыя абгрунтаваныя адказы.

Александрына Глаголева-Васьковіч
Фота: Яўген Глаголеў-Васьковіч

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя