Домой Аляксей Ненадавец Палескі дамавік

Палескі дамавік

 Заканчэнне. Пачатак тэмы тут: http://babruysk.by/tayamnichy-damavik/

На Палессі адзначаюць, што дамавік, або хатнік, можа актыўна дапамагаць і ў будзённых справах. Таму, ідучы ў поле ці на луг, не забываліся і яшчэ пра аднаго «працаўніка», які пільна ўглядаецца і ўважліва ўслухоўваецца ў тое, што адбываецца навокал. Міма яго вачэй і вушэй нічога не праходзіць. Калі не зробіць гаспадар усё так, як належала рабіць, паводле заведзеных з сівой мінуўшчыны канонаў, то можа паплаціцца за гэта.

Пакаранне магло заключацца не толькі ў тым, што селянін ці яго жонка ні з таго, ні з сяго пачыналі хварэць, іхняя жывёла ламала або калечыла сабе ногі на роўным месцы, збажына асыпалася за кароткі тэрмін або густою сцяною апускала на зямлю каласы і прарастала, але і ў прапажы з хаты найбольш каштоўных рэчаў (калі, вядома ж, не бы­ло грошай), здараліся раптоўныя пажары, падчас якіх згаралі ўсе гаспадарчыя пабудовы.

Людзі тлумачылі гэта тым, што гаспадар ці гаспадыня нечым абразілі свайго дамавіка і той так жорстка і бязлітасна адплаціў за нанесеную яму знявагу. Гаварылі таксама і наступнае: калі хатнік захоча пажартаваць, то пачынае кожную ноч, ад змяркання і да світання, рагатаць, свістаць ці крычаць у комін. Можна толькі паспачуваць такім людзям, бо ўсё ж гэта адбывалася ў перыяд найбольш гарачых сезонных работ. Тады нельга было ні адпачыць, ні набрацца сілы на новы дзень, а толькі з кожнай гадзінай усё больш і больш перажываць ды палохацца за лёс сваёй сям’і.

Народныя дарадцы падкрэслівалі нават, калі дамавік устае і калі кладзецца спаць: «Устае ён рана і палохае пеўня, штурхаючы яго. Певень з перапуду лопае крыламі і крычыць, чым будзіць гаспадароў на працу. Часам дамавы… раздзімае агонь і ідзе ў клець ці свіран і прасушвае хлеб, перасыпаючы яго жменямі, заглядвае ў хлеў  і дае корм коням і каровам. Гладзіць іх і песціць. Такое дагляданне гаспадара аказвае добры ўплыў: зерне «спарнее» ад перасыпання дамавога, скаціна робіцца бадзёрая і вынослівая ад яго пагладжвання».

Любіць дамавік пажартаваць, але жарты ў яго атрымліваюцца своеасаблівыя, а даволі часта і злосныя: «Штосьці падобнае робіць дамавік і ў час сваіх жартаў і заляцанняў з жыхарамі, выказваючы гэтым сваю прыхільнасць: штурхае, нават шчыпае сонных, з-за чаго ў іх бывае нямала сінякоў, якія, аднак, не баляць. Асабліва часта ён жартуе з мужа і жонкі і цешыцца, назіраючы за іх часовымі сваркамі, дзеля чаго падкідвае ў іх страву і пітво «раздорнае» зелле. У гуллівым, як і ў абыякавым, стане дамавік любіць апранацца ў вопратку гаспадара, якую, аднак, паспешліва кладзе на месца, як толькі яна спатрэбіцца…»

Аднак б’юцца не талькі муж з жонкай паміж сабою пасля звадкі дамавіка, але часамі і самі дамавікі: «Дамавікі, як і людзі, б’юцца і вядуць між сабою адчайную барацьбу… Справа у тым, што ў кожным доме, у кожным падпечку хаты можа жыць толькі адзін дамавік; калі ж задумвае ў гэтым доме пасяліцца другі, то між імі заўсёды адбываецца барацьба, якая заканчваецца тым, што пераможаны чужы дамавік пакідае дом ці чужак, выжыўшы мясцовага дамавіка, пасяляецца ў чужым доме, не забываючы і пра сваю гаспадарку.

Прыблудны дамавік ці хлеўнік («гвалтаўнік») не надта клапоціцца пра чужы двор, дзе часцей за ўсё ён пераварочвае ўсё дагары нагамі. А напалоханы непарадкамі ў доме гаспадар звычайна не адважваецца аб’явіць адкрытую вайну прыблуднаму дамавіку ці хлеўніку, баючыся розных непрыемных выпадковасцей, хваробы і нават смерці, ён звяртаецца за парадаю і непасрэднаю дапамогаю да знахара, якому вядомы тай­ны быцця дамавікоў, лесавікоў, палевікоў і вадзянікоў, які добра разумее іх узаемныя адносіны і адносіны такіх «гаспадароў» з людзьмі…

Калі трэба задобрыць дамавіка, заклікаць яго да міласэрнасці ў час нейкай дамашняй бяды, яму робяць так званыя «адносы» (акрайчык хлеба з соллю ў анучцы).

«Аднос» клалі ў паветку, пад вароты, у якую-небудзь невялічкую нішу пад печчу ці ў самой печы. «Адносы» дамавіку рабіліся і ў некаторыя рэлігійныя святы. Часам яны спалучаліся з закліканнем дамавіка: «Заклік адбываецца ў Велікодную ноч, калі сям’я ў царкве, прыблізна так: «Выбач, дзядзька (ці браток), за трывогу, але толькі прыйдзі ка мне ні зелен, як лісціна, ні сінь, як вална на вадзе, ні панур, як воўкі;  прыйдзі такей, як сам я!»

З’явіцца двайнік гаспадара — чалавек такога ж росту, складу, у такім самым адзенні, які перш за ўсё наказвае захаваць тай­ну спаткання: ні на яве, ні ў сне, ні бацьку, ні маці, ні на споведзі гаспадар не павінен выдаваць гэтай тайны, пад страхам, што дамавік не толькі перастане пасылаць дабро, але і спаліць дом, якому перад гэтым спрыяў.

Іншыя дамавікі страшаць, што іх гнеў і помста працягнуцца да чацьвёртага пакалення гаспадара; усе ж яны помсцяць каварнаму гаспадару, які чамусьці адступіўся ад іх, ды і за розныя абразы ад хатніх гневаюцца і караюць не крыўдзіцеля, а гаспадара».

У народзе сцвярджалі, што існавалі такія дні і такія магічныя дзеянні, дзякуючы якім дамавіка можна было абавязкова ўбачыць: «Дамавіка можна бачыць яшчэ і ў Вялікі чацвер; для гэтага трэба толькі ў царкве на вячэрнім набажэнстве ўзяць запаленую свечку й ісці з ёю дадому, беражліва ахоўваючы, каб вецер не затушыў яе.

А ўжо дома з гэтай свечкай трэба падняцца на гарышча, і там абавязкова будзе ляжаць дамавік у вобразе голага чалавека. Тады трэба чым-небудзь прыкрыць дамавіка, і ён у знак падзякі за гэта спытае ў чалавека, што яму трэба. Чалавек павінен у гэты час шчыра адкрыць дамавіку свае патрэбы, і ён пастараецца задаволіць іх».

Паводле традыцыйных уяўленняў, каб убачыць дамавіка, дастаткова было пакласці на печ хамут і паглядзець праз яго, ці проста глянуць праз пастаўленую старчма барану.

У іншых мясцінах зазіралі ў печ ці спусціўшыся ў двары на тры прыступкі, нагіналіся і глядзелі назад паміж ног. Сяляне верылі, што ўбачыць дамавіка можна на Вялікдзень, але чалавек, якому гэта ўдалося, пражыве нядоўга. Сцвярджалі яшчэ, што той, хто ўбачыў дамавіка, пасля будзе хварэць шэсць тыдняў.

Падводзячы вынікі над нашымі разважаннямі адносна паходжання вобраза дамавіка ў беларускай міфалогіі, яго сувязей з іншымі дэманалагічнымі персанажамі, тымі павер’ямі і абрадамі, якія цесна звязаны і перапляталіся з радаводам гэтай міфалагічнай істоты, трэба абавязкова падкрэсліць, што далёка не ўсё ўдалося высветліць навукоўцам-даследчыкам у гэтым складаным лабірынце цяжкатлумачальных і часта амаль неправяральных фактаў.

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя