Домой Общество Пайшоў з жыцця Генадзь Суднік

Пайшоў з жыцця Генадзь Суднік

Генадзь   СуднікРаніцай у суботу з Магілёва прыйшла жалобная навіна. У ноч з 23 на 24 пайшоў з жыцця ў выніку цяжкой анкалагічнай хваробы наш магілёўскі калега, сябра Праўлення ГА «БАЖ» Генадзь Вітольдавіч Суднік.

Усяго некалькі дзён таму спадар Генадзь сустрэў свой 70-гадовы юбілей на бальнічным ложку. Ён вельмі мужна змагаўся з нядугам і да апошняга займаўся прафесійнымі справамі.

Яшчэ ў пятніцу ён пакінуў каментар пад віншавальным матэрыялам на нашым сайце:

«Не маючы магчымасці гэтыя 2 дні падысці да кампутара., толькі сёння назапасіў сіл для напісання водгуку, а водгукі эмацыйныя, якімі вы ахуталі мяне гэтыя дні яны па-просту працягнуць маё жыццё (вось убачыце!), дададуць творчых сілаў, умацуюць у святой веры ў дружбу, сяброўства, згуртаванасць на добрай справе!.. Я люблю вас усіх, каго ведаю. Я люблю вас тых, з кім мне давядзецца пазнаёміцца, каму пашчасціць дапамагчы звычайным словам, хоць цяпер трэба будзе ставіцца як да мудрага слова. Але мы так рабіць не будзем яшчэ Так гэтак годзікаў праз 70 А што тут рукой падаць, ды яшчэ з такімі калегамі і сябрамі. ДЗЯКУЙ!
HS».

Мы горка смуткуем разам са сваякамі і сябрамі спадара Генадзя. Вечная яму памяць.

Развітанне адбудзецца ў нядзелю ў Магілёве (завулак Чалюскінцаў) з 11-й да 13-й гадзіны.