Домой Культура Падчас Фэсту экскурсаводаў у Бабруйску пройдзе 7 экскурсій

Падчас Фэсту экскурсаводаў у Бабруйску пройдзе 7 экскурсій

фэст, экскурсаводыСёлета нашыя гіды прапануюць пазнаёміцца з адметнасцямі не толькі горада, але і ваколіц, у якія звычайна не так проста дабрацца. Таму не ўпускайце магчымасць цікава і карысна правесці час і выбірайце маршрут. Графік экскурсій – ніжэй.

13 красавіка, субота

  1. «Праменад па-бабруйску»

Гід: Зінаіда Сугак.

Час: 11.00

Кропка збору: перакрыжаванне вуліц Сацыялістычнай і Мінскай, абутковая крама «Марко».

Маршрут пройдзе па гiстарычнай частцы горада: па вулiцах Сацыялiстычнай, Пралетарскай, Кастрычнiцкай, Iнтэрнацыянальнай, Бахарава, плошчы Перамогі. Экскурсанты даведаюцца аб гiсторыi горада, знакамiтых людзях Бабруйска, пабачаць найбольш вядомыя помнiкi.

  1. Экскурсія-квэст «Код крэпасці»

Гіды: Святлана Семчанка, Святлана Калюта.

Час: 11.00

Кропка збору: Лядовы палац, цэнтральны ўваход.

Экскурсія-квэст «Код крэпасці» пройдзе па тэрыторыі Бабруйскай крэпасці. Да ўдзелу запрашаюцца ўсе, хто цікавіцца гісторыяй крэпасці. Галоўная задача для ўдзельнікаў – знайсці ключ да сэрца крэпасці. Ужо на пачатку экскурсіі ўдзельнікі атрымаюць мапу фартыфікацыйных збудаванняў. Па мапе ўдзельнікі рухаюцца разам з гідам, аглядаючы збудаванні. Нечакана экскурсанты сустракаюць каменданта крэпасці і высвятляюць, што цытадэль працягвае захоўваць таямніцы. Удзельнікі атрымліваюць легенды, па якіх з дапамогай QR-кодаў знаходзяць ключ да разгадкі. Для экскурсантаў абавязкова мець з сабой тэлефоны з выхадам у інтэрнэт і прыкладаннем для сканавання QR-кода.

3. Бабруйская цытадэль

Гід: Святлана Калюта

Час: 13.30

Кропка збору: Лядовы палац, цэнтральны ўваход (адрас прыкладны, дакладнае месца збору вы атрымаеце на пошту пасля рэгістрацыі).

Экскурсія ў Бабруйскую крэпасць, гісторыка-архітэктурны помнік ХІХ стагоддзя. Тут вы зможаце дакрануцца да гісторыі Бабруйска, акунуцца ў атмасферу сярэднявечнага горада, адчуць моц ваеннай цытадэлі. Падчас экскурсіі вы пазнаёміцеся з гісторыяй крэпасці, легендамі і паданнямі, з ёй звязанымі.

14 красавіка, нядзеля

  1. Бабруйшчына літаратурная – ад ХІХ стагоддзя да сучаснасці

Гіды: Фёдар Алёхна, Марына Маўчанава

Час: 11.00

Кропка збору: тайм-клуб «1387», вул. Чангарская, 54.

Экскурсія аўтобусная, колькасць месцаў абмежаваная, неабходны папярэдні запіс: +375292418290 (Марына)

Таямніцы Дуніна-Марцінкевіча, кароткае жыццё забітага савецкай уладай Платона Галавача, барацьба з наступствамі Чарнобылю Алеся Адамовіча – пра гэта і іншае пачуюць удзельнікі экскурсіі.
Шмат вядомых беларускіх пісьменнікаў, паэтаў, драматургаў нарадзіліся і жылі ў ваколіцах Бабруйска, у невялічкіх вёсках. Часта туды няпроста даехаць з-за аддаленнасці ад горада. Удзельнікі экскурсіі «Бабруйшчына літаратурная» пабачаць шмат якія з гэтых цікавых месцаў. Сярод іх – Панюшкавічы, дзе нарадзіўся айцец беларускага тэатра Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Экскурсанты даведаюцца пра таямніцы з жыцця драматурга, якія сталі вядомыя даследчыкам зусім нядаўна. Група завітае ў раённы музей у вёсцы Сычкава, дзе ёсць экспазіцыя пра пісьменнікаў-ураджэнцаў Бабруйскага раёна. Потым – Пабокавічы і Гарбацэвічы – родныя мясціны рэпрэсаванага ў 1937 годзе Платона Галавача.
А за Гарбацэвічамі – пасёлак Глуша, малая радзіма Алеся Адамовіча. Удзельнікі экскурсіі пабачаць будынак аптэкі, у якім працавала маці пісьменніка, і дзе плануецца адчыніць музей, а таксама ўжо вядомы на ўсю краіну арт-аб’ект «Прыпынак Адамовіча», даведаюцца пра тое, як група неабыякавых бабруйчан зараз намагаецца ўшанаваць памяць літаратара і зрабіць яго імя брэндам пасёлка і Бабруйшчыны.

У якасці бонуса экскурсанты наведаюць капліцу графскага рода Забэлаў у вёсцы Ізюмава – адно з самых загадкавых і вядомых сваімі легендамі месцаў Бабруйшчыны.

  1. Легендарныя лекары і медыцына ў старым Бабруйску

Гід: Іна Аўсейчык

Час: 11.00

Месца збору: касцёл, вул.Кастрычніцкая, 121

Падчас экскурсіі можна будзе пабачыць будынкі, у якіх месціліся розныя медычныя ўстановы ў дарэвалюцыйны і перадваенны перыяды, даведацца пра тое, як працавалі вядомыя ў горадзе лекары, як змагаліся з захорваннямі, распаўсюджанымі на пачатку ХХ стагоддзя.

  1. Літаратурнае кальцо Бабруйска

Гід: Таццяна Голубева

Час: 11.00

Месца збору: рэдакцыя газеты «Бабруйскае жыццё», вул.Сацыялістычная, 101.

Горад Бабруйск – радзіма шмат якіх вядомых пісьменнікаў, якія праславілі горад на ўвесь свет. Казалі, што тут пісьменнікаў нараджалася больш, чым тых, хто іх чытаў. Эфраім Севела, Абрам Рабкін, Барыс Мікуліч, Сол Шульман….  Працавалі ў Бабруйску Міхась Лынькоў, Пімен Панчанка, Васіль Вітка… Імёны пісьменнікаў-бабруйчан можна пералічваць доўга. Адзін аўтарытэтны амерыканскі часопіс пісаў, што з усіх пісьменнікаў, якія пакінулі Савецкі саюз, толькі два змаглі жыць за мяжой са сваёй літаратурнай працы – гэта Салжэніцын і Севела, які быў родам з Бабруйска. А аўтар кнігі «Праменад па Сацыялцы», Сол Шульман – «грамадзянін света», так яго называлі ў літаратурных колах. Абрам Рабкін, пісьменнік і мастак, які стварыў цудоўную кнігу пра вуліцу свайго дзяцінства пад назвай «Уніз па Шасэйнай», у 2011 годзе атрымаў званне «Заслужаны мастак Расеі». Калі вам цікава даведацца больш пра жыццё і творчасць пісьменнікаў, звязаных з Бабруйскам, запрашаем на экскурсію «Літаратурнае кальцо Бабруйска».

  1. З імем Барыса Мікуліча

Гід: Святлана Калюта

Час: 13.00

Месца збору: бібліятэка ім. А.Пушкіна, вул.Савецкая, 87.

Экскурсія «З імем Барыса Мікуліча» прысвячаецца жыццю і творчасці беларускага пісьменніка, ураджэнца Бабруйска. Тут ён вырас, вучыўся і працаваў. Нажаль, пра празаіка 20-30-х гадоў мінулага стагоддзя мало што вядома. Барыс Мікуліч, як і шмат якія людзі нашай краіны, трапіў у жорны сталінскіх рэпрэсій. Гід запрашае ў вандроўку па месцах, звязаных з імем Барыса Мікуліча ў Бабруйску, адкрыць для сябе таленавітага чалавека і патрыёта сваёй краіны.

Падрабязнасці і рэгістрацыя на экскурсіі на сайте Фэста экскурсаводаў.

 

Марына Міхневіч