Домой В мире Нямецкі палітолаг: З Лукашэнкам у беларусаў няма будучыні

Нямецкі палітолаг: З Лукашэнкам у беларусаў няма будучыні

Нямецкі палітолаг Аляксандр Рар, адказваючы на пытанне, чаму ЕС не ўвёў эканамічныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі, заявіў, што гэта не выключана ў будучыні, бо ЕС не дазволіць Лукашэнку гуляць не па дэмакратычных правілах. У адваротным выпадку яго чакае поўная ізаляцыя і лёс Мілошавіча.

Дырэктар Цэнтра імя Бертальда Бейца Германскага таварыства замежнай палітыкі Аляксандр Рар у інтэрв’ю Deutsche Welle адказаў на пытанне, чаму Еўрасаюз устрымаўся ад увядзення эканамічных санкцый у дачыненні да Беларусі і чаму візавыя санкцыі з’яўляюцца істотнымі.

Пасля рашэння ЕС пра санкцыі ў дачыненні да Беларусі загучалі крытычныя галасы: гара зноў нарадзіла мыш. А як лічыце Вы?

— Я думаю, што ЕС адрэагаваў вельмі жорстка і эмацыйна. Беларусь убачыць, што шмат страціць, калі працягне бадацца з Еўрасаюзам, бо за ўжо прынятымі санкцыямі могуць пайсці і іншыя.

Еўрапейцы абураныя тым, што Аляксандр Лукашэнка іх нахабна падмануў.

Ва ўсялякім разе, у іх адчуванне, што яны адкрылі Мінску ўсе дарогі, пайшлі на супрацоўніцтва, нават дзесьці ахвяруючы сваімі прынцыпамі. Да Лукашэнкі на перамовы ездзілі заходнія лідары, абяцалі дапамагаць Беларусі ў рамках Усходняга партнёрства, гаварылі пра эканамічную выгаду.

А потым — шакавальныя карцінкі з Мінска ў ноч пасля выбараў. На Захадзе складаецца меркаванне, што Лукашэнка ад пачатку не хацеў ісці ў еўрапейскім кірунку і проста разыгрываў карту супрацоўніцтва з ЕС, каб атрымаць ад Расіі эканамічныя ільготы.

Чаму выніковае рашэнне Рады ЕС не прадугледжвае не толькі эканамічных санкцый, але нават замарожвання дапамогі Мінску праз міжнародныя фінансавыя інстытуты, на чым настойвалі дэпутаты Еўрапарламента?

— Таму што ЕС выкарыстоўвае іншую тактыку.

У Еўрасаюзе разумеюць, што нельга настройваць беларускіх грамадзян супраць сябе.

Цяперашнія візавыя санкцыі абмяжоўваюцца пакараннем беларускіх чыноўнікаў найвышэйшага звяна. Санкцыі ні ў якім выпадку не павінныя перашкодзіць працэсу збліжэння паміж грамадзянамі або негатыўна паўплываць на эканамічнае становішча насельніцтва краіны.

Брусэль атрымаў урок з мінулага і цяпер шукае сабе саюзнікаў у асяроддзі грамадзянскай супольнасці і простых беларусаў.

Што Брусэль хацеў сказаць Мінску прынятымі ў выніку санкцыямі? Які іх галоўны пасыл?

— Што Беларусь па-ранейшаму з’яўляецца кандыдатам на ўступленне ў ЕС і на далучэнне да Захаду. Але — без Лукашэнкі. Каб беларусы зразумелі: у іх няма будучыні з цяперашнім прэзідэнтам.

Няма асцярогі, што Аляксандр Лукашэнка ўспрыме ўвядзенне толькі візавых санкцый як праяву слабасці з боку Брусэля?

— Лукашэнка таксама ведае, з кім мае справу. Нельга казаць, што ў Беларусі сядзяць толькі злыдні, а ў ЕС — анёлы. Сітуацыя крыху складанейшая.

Беларуская эліта думае, што ЕС яе хоча павучаць. Яе прадстаўнікі лічаць, што Беларусь — суверэнная дзяржава, і яны могуць у сваёй краіне рабіць што хочуць, і што існуе міжнароднае права, якое абараняе краіну.

Так было заўсёды.

Мы жывем у XXI стагоддзі, калі міжнароднае права, ва ўсялякім выпадку ў Еўропе, таксама змяняецца. Калі тут з’яўляецца дзяржава, якая не гуляе па дэмакратычных правілах і выбіваецца з агульнай цывілізацыі Захаду, пабудаванай на ўніверсальных каштоўнасцях — дэмакратыі, правах чалавека, ліберальнай эканоміцы,-то такую дзяржаву ізалююць. Так было з Мілошавічам, цяпер так караюць Лукашэнку. Пуціна пакараць цяжэй, Расія — велізарная краіна, большая за ўсю Еўропу.

Але спробы пакараць Беларусь ва ўладнай эліце краіны ўспрымаюцца з вялікім неразуменнем. Маўляў, як гэта так — ЕС «наязджае» на суверэнную дзяржаву.

Адсюль у найвышэйшых эшалонах беларускіх элітаў узнікаюць настроі пратэсту — мы, маўляў, не здамося, не адступім і будзем адстойваць беларускі суверэнітэт. І не выключана, што на гэтых эмоцыях Лукашэнка можа пратрымацца.

У рашэнні Рады ЕС нічога не сказана пра стаўленне да вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Гэтае пытанне канчаткова закрытае? Лукашэнка застанецца для ЕС легітымным прэзідэнтам і патэнцыйным партнёрам для дыялогу на наступныя пяць гадоў?

— Я думаю, у ЕС таксама разумеюць, што немагчыма выстаўляць максімальныя патрабаванні, спадзявацца на рэвалюцыю ў Беларусі і сыход Лукашэнкі. Таму ўсё лагічна. Натуральна, Брусэль зыходзіць з таго, што ЕС павінен умацоўваць дэмакратычныя інстытуты і грамадзянскую супольнасць у Беларусі, а яны ўжо потым самі будуць разбірацца, як размаўляць з Лукашэнкам і як дамагацца для Беларусі свабоды.

Пасля 19 снежня кіраўнік МЗС Германіі Гіда Вестэрвэле не раз вельмі рэзка выказваўся наконт сітуацыі ў Беларусі, называў тое, што адбываецца, непрымальным. Ці не паўплывае празмерна мяккае, як кажуць многія, рашэнне Рады ЕС на аўтарытэт нямецкай дыпламатыі?

— Не думаю. У дыпламатыі трэба і другому боку даваць магчымасць захаваць твар. Калі патрабаваць неадкладнай адстаўкі Лукашэнкі або жорсткага пакарання, дыялог можа спыніцца. У Германіі, на мой погляд, гэта добра разумеюць. Галоўнае цяпер — утрымаць Беларусь у рамках Усходняга партнёрства, не страціць грамадзянскую супольнасць — людзей, з якімі трэба далей працаваць.

Змены ў краіне магчымыя толькі эвалюцыйным шляхам.

Таму захаванне для Мінска статусу чальца Усходняга партнёрства вельмі важнае для Германіі. Гэтым і выклікана, як некаторыя лічаць, змякчэнне рэакцыі Рады ЕС. Мне ж яна здаецца ўсё-такі істотнай.

Акрамя таго, я думаю, што ЕС, як цяпер раяць прадстаўнікі многіх заходніх мазгавых цэнтраў, можа паставіць беларускае пытанне на парадак дня адносінаў з Расіяй. Тут таксама пачынаюць разумець, што ключ да зменаў у Беларусі насамрэч знаходзіцца ў Маскве, а не ў Брусэлі.

І наступным крокам на шляху змянення сітуацыі ў Беларусі, яе дэмакратызацыі можа стаць спроба дамагчыся гэтай мэты з дапамогай Масквы.

Наколькі гэта рэальна — пакажа час, але такога кшталту рэкамендацыі цяпер гучаць.

8 каментароў belaruspartisan.org

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя