Домой Культура Няма прарока ў сваёй бацькаўшчыне

Няма прарока ў сваёй бацькаўшчыне

Спадар Леанід падпісвае фотаздымкіСпадар Леанід падпісвае фотаздымкі

Дасье “БК”

Леанід Коваль нарадзіўся пятага лютага 1926 года ў Бабруйску, у габрэйскай сям’і. Пісьменнік, сябра Саюза пісьменнікаў Латвіі, прэзідэнт Грамадства гісторыі гета і генацыду габрэяў, прэзідэнт габрэйскай суполкі Юрмалы (Латвія). Аўтар раманаў «Карані дзікай грушы», «Стогн», аповесцей «Кідок праз ноч», «Дзесяць аповядаў аб адным геолаге», мастацка-публіцыстычнага двухтомнага даследавання аб знішчэнні габрэяў у перыяд Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі былога СССР «Кніга выратавання».

Ён прыехаў у родны Бабруйск з жонкай Марыянай. Па традыцыі, спадар Леанід зайшоў і ў нашу рэдакцыю…

— Леанід Іосіфавіч, колькі вам было год, калі з пад пяра выйшла ваша першая літаратурная спроба?

— Пісаць увогуле я пачаў яшчэ са школы. Калі мне было дзесяць год, я напісаў свой першы верш. А навучыла мяне расійскай мове мая настаўніца — Рахіль Маісееўна Рабіновіч. У падзяку я апісаў яе ў адным з сваіх раманаў. Цераз шэсцьдзесят год мяне знайшла яе дачка, якая жыве ў Амерыцы, патэлефанавала і слёзна падзякавала за тое, што я напісаў пра спадарыню Рахіль у кніжцы. Я ганаруся тым, што з дзевяці гадоў вяду асабісты дзённік. У ім была напісана: “Калі ты жадаеш учыніць чалавеку зло — пастаў сябе на месца таго чалавека, якому ты хочаш учыніць гэтае зло. Тады ты ніколі не будзеш чыніць зла,” — хоць трошку і нязграбна, але для дзесяцігадовага дзіцяці, я лічу, зусім нядрэнна. Я дагэтуль прытрымліваюся гэтага правіла…

— А хто ці што натхняе вас на напісанне творчых работ?

— Мая жонка. Гэта мая адзіная памочніца, гэта мой сакратар і жонка, і матка, і дачка. Менавіта Марыяна працуе з камп’ютэрнай тэхнікай, бо я чалавек старамодны і пішу толькі ручкай на паперы. Я нават не ведаю, як яго ўключаць. А Марыяна вось і электронную пошту забірае для мяне, і лісты адпраўляе, і тэксты, якія я пішу, перакладае ў электронны варыянт.

— А дзе і калі вы сустрэлі Марыяну?

— Пазнаёміўся я з ёй у мінулым стагоддзі (смяецца). Гэта адбылося на пляжы ў Юрмале.

— У кожным творы ёсць свая асаблівая ідэя. А якую філасофскую думку нясуць вашыя творы?

— У сваіх творах, перш за ўсё, я імкнуся паказаць, што наша планета маленькая і мы ўсе можам жыць на ёй, як адна сям’я, але, нажаль, нас раз’ядноўваюць неразумныя правадыры. Самае страшнае — гэта перавага адной нацыі над іншай. Я не прызнаю таго, што адна нацыя лепшая за астатнія. Гэта глупства й бязглуздзіца. Мы ўсе дзеці аднаго Бога. І наш галоўны набытак — дабрыня, любоў і гатоўнасць дапамагчы блізкаму.

— Якія вашы творы сталі найбольш вядомымі і чаму?

— Адной з найвядомейшых з’яўляецца опера аб Халакосце “Мірыям”. Музыку да яе напісаў вядомы чэшскі кампазитар Гракоўскі. Гэта адзіная праца такога роду ў свеце. Таксама з пад майго пяра выйшаў рэквіем “Званы Халакоста”. Касеты з запісам дваццаці песень разыйшліся па ўсім свеце. У гэтых песнях на мове ідыш распавядаецца пра мой родны горад Бабруйск.

Я ўсяго напісаў трыццаць кніг. Па іх сюжэтах пастаўлена сем п’ес, былі зняты кінастужкі. Усе яны закранаюць тэму Халакоста і Другой Сусветнай вайны.

— Спадар Леанід, званне акадэміка Міжнароднай Акадэміі навук вам прысвоілі ў Англіі. Што вас найбольш уразіла і запомнілася на гэтай цырымоніі?

— Трэба пазначыць, што ўзнагароджанне ў такой краіне, як Англія, ужо само за сябе шмат аб чым гаворыць. Узяць хоць, напрыклад, тое, што званне прысвойвалі ў замку Ўільяма Шэкспіра. Там жа мы і начавалі: кожнаму быў вылучаны асобны пакой. На ўзнагароджанні я пазнаёміўся і пасябраваў з княгіняй Наталляй Юсупавай. Ездзілі таксама ў горад, дзе нарадзіўся спадар Шэкспір.

Потым нас прымалі яшчэ і ў ПЭН клуб пры Акадэміі навук. (ПЭН клуб — міжнародная няўрадавая арганізацыя, якая аб’ядноўвае прафесійных пісьменнікаў, рэдактараў і перакладчыкаў, якія працуюць у розных жанрах мастацкай літаратуры — заўвага аўтара).

— Леанід Іосіфавіч, вы атрымалі ад жыцця ўсё, аб чым можа марыць чалавек. Але заўсёды знойдзецца тое, што не зусім падабаецца. Што б вы хацелі выправіць, што вам не вельмі падабаецца?

— Так, вы правы, жыццё ў мяне насамрэч насычанае. Вось толькі не хапае аднаго — гэта прызнання мяне тут, у Бабруйску. Адзін мой знаёмы прафесар з Нямеччыны ўвесь час дамагаецца, каб мне прысвоілі званне ганаровага жыхара Бабруйска. У Латвіі ж, у Юрмале, наадварот, хоць я там і не нарадзіўся, пашана да мяне вельмі вялікая.

— Праўду гавораць: “Няма прарока ў сваёй бацькаўшчыне”. Але ўсё ж, вы штогод прыязджаеце сюды. Чаму?

— Трэба ўмець шанаваць сваю Радзіму. Бабруйск — гэта тая зямля, па якой я бегаў басяка. Гэта пашана да продкаў. Успамінаючы іх, я тым самым дапамагаю ім не загінуць у памяці людзей. “Паважай бацьку і матку сваіх”. Я б усім пажадаў прытрымлівацца гэткіх правілаў, бо менавіта памяць нагадвае нам пра такія памылкі людзей, як генацыд і Халакост. Памяць — наша сіла!

Яўген ВАСЬКОВІЧ. Фота аўтара

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя