Домой Общество Някляеў: «Там было няпроста. Дзякуй усім!»

Някляеў: «Там было няпроста. Дзякуй усім!»

Някляеў выглядае не вельмі здарова. Гэбісты вялі яго пад рукі. Было ўражанне, што ён сам не можа добра ісці.

У 22.35 экс-кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева кагэбісты завялі ў ягоную кватэру. Яна знаходзіцца на вуліцы Велікаморскай на паўднёвым усходзе беларускай сталіцы.

Някляева прывезлі на сінім мікрааўтобусе «Фальксваген Транспортэр». Два супрацоўнікі спецслужбаў загадзя прайшлі ў кватэру Някляевых.

Палітыка вялі пад рукі два іншыя спецслужбісты. Някляеў выглядаў не вельмі здаровым. Стваралася ўражанне, што ён не можа сам добра ісці.

Карэспандэнт «Нашай Нівы» паспеў задаць Някляеву некалькі пытанняў. Някляеў адразу папярэдзіў, што не мае права даваць інтэрв’ю. Кагэбісты вялі яго не спыняючыся, вельмі хутка. Але на хаду, ад машыны да пад’езда, Някляеў паспеў сказаць некалькі словаў. Кагэбісты пры гэтым захоўвалі маўчанне.

«Вялікі дзякуй усім! Удзячны за падтрымку», — сказаў ён найперш.

«Як Вы правялі гэты месяц у СІЗА КДБ?» — запытаўся карэспандэнт «Нашай Нівы». — «Там было няпроста», — паспеў адказаць Някляеў. І яго завялі ў пад’езд, куды доступ журналістам быў перакрыты.

Каля будынка — Някляева чакалі каля 15 журналістаў і чацвёра прыхільнікаў апазіцыі.

Неўзабаве на сайце — фота і відэа з Някляевым.

* * *

Сёння з-пад варты пад хатні арышт была вызваленая таксама Ірына Халіп, жонка Андрэя Саннікава.

Як паведамляюць лукашэнкаўскія СМІ, рашэнне аб змене меры стрымання прыняў Камітэт дзяржаўнай бяспекі.

Рашэнне было прынята, адзначае БелТА, «грунтуючыся на выніках праведзеных раней следчых мерапрыемстваў, устанаўленні асноўных абставінаў крымінальнай справы па факце масавых беспарадкаў у Менску 19 снежня, ролі кожнага з абвінавачаных і іх лініі паводзін са следствам, па ўзгадненні з органамі пракуратуры».

Вазняк жа пералічаны ў адным спісе выпушчаных з Корбанам, Радзінай, Паўлавым, Кобецам. Іх, як вядома, выпусцілі пад падпіску пра нявыезд з перабываннем у горадзе рэгістрацыі.

Някляеву і Халіп пад хатнім арыштам забаронена размаўляць праз тэлефон і выходзіць з дому.

Складаным псіхалагічным момантам будзе патлумачыць Даніку Саннікаву, чаму мама не можа выходзіць на двор і чаму побач увесь час прысутнічае варта. Але, галоўнае, Данік зараз будзе пры маме.

Наша Ніва”

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя