Домой В регионе «Ня бойцеся прасіць». Бабруйчан навучылі шукаць сродкі на сацыяльныя праекты

«Ня бойцеся прасіць». Бабруйчан навучылі шукаць сродкі на сацыяльныя праекты

Прасіць у людзей грошы на ідэі, якія могуць палепшыць грамадскае жыццё, не сорамна. Заклікаць да ахвяраванняў трэба крэатыўна. Ресурсы – гэта далёка не толькі фінансавыя сродкі. Пра гэта і шмат іншага распавялі прадстаўнікі Асамблеі НДА на сваім майстар-класе ў Бабруйску.

 сродкі, сацыяльныя, праекты, краўдфандынг

Пачатак: сфармуляваць праблему і адважыцца папрасіць

Сустрэча з Асамблеяй няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў, прысвечаная пошуку падтрымкі сацыяльных праектаў, прайшла ў нашым горадзе 14-га снежня ў тайм-клубе «1387». Даведацца пра тое, куды ж ісці за неабходнымі рэсурсамі, прыйшлі бабруйскія актывісты, прадстаўнікі розных гарадскіх ініцыятыў.

Выканаўчы дырэктар Асамблеі НДА Станіслава Гусакова і юрыстка Настасся Доль далі некалькі практычных парадаў і распавялі пра асноўныя крыніцы падтрымкі праектаў у Беларусі. А мы дзелімся тым, што пачулі, з нашымі чытачамі.

 сродкі, сацыяльныя, праекты, краўдфандынг

З чаго пачынаць?

1.  Фармуляванне праблемы. Гэты этап вельмі і вельмі важны. Ад таго, як вы вызначыце праблему, якую збіраецеся вырашаць сваім праектам, залежыць, ці ўвогуле патэнцыйныя спонсары вамі зацікавяцца. Вы можаце нешта рабіць у самых разных сферах, але на пачатку вельмі канкрэтна скажыце – чаго ў вашым асяроддзі не хапае, што перашкаджае, ці вельмі дрэнна працуе, то бок, што вы хочаце змяніць.

2. Апісанне ідэі. Тут таксама спатрэбіцца дакладнасць, а яшчэ крэтыў. Ідэя мусіць быць цікавай, прыцягваць увагу.

3. Вызначэнне рэсурсаў. Любых – як матэрыяльных, так і нематэрыяльных. Вы мусіце дакладна ведаць, што ў вас ужо ёсць для рэалізацыі праекта, а што вы шукаеце. І часта грошы – зусім не галоўнае, што патрэбна (гэта можа быць час, нейкі кампетэнтны адмысловец і г.д.).

4. Адважыцца прасіць. Не баяцца і не саромецца. Вы ж на добрую справу просіце?

Дык дзе ж шукаць?

Калі вы ўжо дакладна ведаеце, якую праблемы і якімі сродкамі хочаце вырашыць, не баіцеся прасіць гэтыя самыя сродкі, самы час шукаць спонсараў. А гэта можна зрабіць наступнымі спосабамі.

1. Краўдфандынг. Ад ангельскіх словаў «crowd» – натоўп і «funding» – фінансаванне. Прасцей кажучы, гэта калі людзі скідваюцца грашыма на рэалізацыю нейкага праекта. Сёння ў гэтым дапамагаюць адмысловыя платформы.  Станіслава Ганчарова распавяла пра нюансы працы з двума самымі папулярнымі ў Беларусі інструментамі: ulej.by і molamola.by.

Ulej.by https://ulej.by/:

— прынцып працы – усё або нічога. То бок, каб атрымаць грошы, вам трэба сабраць усю заяўленую суму. Калі вы сабралі нават 99%, вы не атрымаеце нічога, усе сродкі будуць вернутыя тым, хто іх ахвяраваў;

—  сур’ёзныя патрабаванні да афармлення праекта – як па змесце, так і візуальнага. «Непрыгожыя старонкі праектаў «Улей» на размяшчае», – зазначыла выканаўчы дырэктар Асамблеі;

—  наяўнасць лотаў – гэта значыць, што за кожную пераведзеную суму вы нешта абяцаеце – кнігу, экскурсію, нейкі сувенір – нешта, звязанае з вашым праектам. За маленькую суму гэта можа быць проста падзяка;

—  камісія: ад 9 да 12 %. Фізічным асобам трэба сплочваць падаткі (калі агульная сума «дарэння» за год перавышае пэўныя памеры; сума можа змяняцца кожны год).

Molamola.by. https://molamola.by/

— толькі для фізічных асобаў;

— няма лотаў;

— грошы можна атрымліваць адраз на картку па дамове дарэння (не забываем пра пытанне падаткаў);

— няма ніякай складанай падрыхтоўкі – як вы аформіце сваю старонку, такой яна і будзе, так і прыбытак вам прынясе. Усё цалкам на вашай адказнасці;

— камісія – 6% з кожнага пераліку.

— галоўнае адрозненне ад ulej.by – аўтар праекта атрымлівае ўсё, што назбірае, нават калі гэта ўсяго 5% ад патрэбнай сумы.

Doika https://doika.falanster.by/  – новы ў Беларусі інструмент, распрацаваны грамадскай арганізацыяй IT-валанцёраў «Фаланстэр». «Дойку» можна ўсталяваць сабе на сайт і збіраць ахвяраванні наўпрост праз старонку сваёй арганізацыі.

2. Бізнэс

Прасіць у прадстаўнікоў бізнэса грошы на сацыяльныя праекты няпроста, але ў выніку атрымаць падтрымку цалкам рэальна. Для гэтага трэба прытрымлівацца некалькіх парадаў:

— лепш звязвацца з фірмамі/камерцыйнымі арганізацыямі ў кастрычніку-лістападзе. У гэты перыяд плануюцца кампаніі на Каляды і Новы год, і паколькі кожнаму хочацца ў гэты перыяд зрабіць нейкае дабро, то больш шанцаў «трапіць у яблычка» са сваім праектам;

— бізнэс сам абірае, на што даваць грошы. Таму трэба скласці сваю просьбу/прапанову так, каб яна адгукалася ў патэнцыйных спонсараў, каб зацікавіла. Больш канкрэтыкі, лічбаў, распавядзіце, што вы ўжо зрабілі – так вы выклічыце давер да сябе;

— часта бізнэс можа не даць наўпрост грошы, але падтрымаць сваёй прадукцыяй ці іншым спосабам;

— у Беларусі ёсць не самы складаны, але вельмі эфектыўны спосаб зрабіць так, каб бізнэс цябе заўважыў – прыняць удзел у конкурсе сацыяльных праектаў «Social weekend». Праводзіцца двойчы на год, за ўсімі навінамі можна сачыць праз сайт конкурса: https://socialweekend.by/

Кажыце дзякуй!

Парады ў пошуку рэсурсаў ад польскіх калег Асамблеі НДА:

1. Важна мець некалькі крыніцаў фінансавання: фонды, кнопка «ахвяруй» на сайце, краўдфандынг, супраца з бізнэсам.

2. Крэаўтыўны падыход і меньш самацэнзуры (нават няпростыя тэмы можна прадстаўляць цікава і з гумарам).

3. Рэсурсы – гэта далёка не заўсёды толькі грошы.

4. Не бойцеся прасіць.

5. Кажыце дзякуй. За любую падтрымку.

6. Публікуйце справаздачу пра тое, як вы выкарысталі сродкі.

 

Марына Міхневіч