Домой Культура Новы ўзровень «Арт-Жыжалю»

Новы ўзровень «Арт-Жыжалю»



Цягам амаль трох тыдняў пад Бабруйскам доўжыўся міжнародны пленэр па кераміке “Арт-Жыжаль”. Гэта ўжо сёмы пленэр, але ўпершыню ён адбыўся на беразе Чыгірынскага водасховішча на тэрыторыі Дома рыбака калгаса “Рассвет” імя Арлоўскага.

У апошні дзень кіраўнік пленэру Валерый Калтыгін, звычайна стрыманый у адзнаках, трывала падвеў ягоны вынік:

— Пленэр у нас атрымаўся добра, нягледзячы на тое, што і з надвор’ем не шчасціла, і месца было новае.

І сапраўды, сёлета творчая каманда керамістаў сабралася вельмі моцная. У параўнанні з мінулымі пленэрамі, геаграфія “Арт-Жыжалю” значна пашырылася. Акрамя сталых Расіі, Украіны, Малдовы, Латвіі, Літвы, Польшчы і Беларусі, на гэты раз у пленэры ўзялі ўдзел прадстаўнікі краін так званага дальняга замежжа — Францыі, Англіі і Ірландыі. Усіх іх аб’яднала тэма сёлетняга пленэра — “Кераміка ў інтэр’еры”.
Але не толькі мастацтва вабіла ўдзельнікаў пленэру. Некранутая прырода давала мастакам натхненне для працы. Мастачка з Ірландыі Джэйн Джэрмін падзялілася сваімі ўраджаннямі:

— Знаходзіцца тут было цудоўна — быць далёка ад усяго! Толькі возера, лес, грыбы ды ягады, якія мы збіралі, як звар’яцелыя… У нас у Ірландыі такой разнастайнасці няма.

Усе без выключэння ўдзельнікі пленэру, з кім давялося размаўляць, адзначылі яго добрую арганізацыю, высокі творчы ўзровень і свайго роду ўнікальнасць. Напрыклад для мастачкі і выкладчыцы з Англіі Руці Бенджаміні сапраўдным адкрыццем стаў метад “абвар”, які яна не сустракала ні ў Брытаніі, ні ў Эўропе:

— Гэта быў незвычайны досвед, мастакі з розных краінаў, якія сабраліся разам ды стварылі такую цудоўную творчую энергію. Мы пачалі з пяску, а ў выніку адкрываем выставу твораў, якія стварылі за тры тыдні. Неверагодна!

Неверагодна, але факт! Па падрахунках пленэра 5 жніўня ў Бабруйскай выставачнай зале адкрылася выніковая выстава, у якой прадстаўлены лепшыя творы ўсіх 25-ці мастакоў — ўдзельнікаў “Арт-Жыжалю”. Акрамя гэтага, удзельнікі вырашылі сёлета зрабіць керамічныя вітражы для вокнаў мясцовай выставачнай залы, а таксама — падарункі гораду — вазы ад кожнага мастака. Выніковая экспазіцыя працягнецца да канца жніўня.

Перад адкрыццем выставы французскі мастак Клод Асаж прызнаўся, што галоўным ўраджаннем ад пленэру была гасціннасць прымаючага боку:

— У мяне з’явілася тут шмат новых сяброў. Я з задавальненнем прыехаў бы наступным летам, каб замацаваць тое, чаму навучыўся тут, і зноў убачыцца з імі. Асабліва — з Валерыем Калтыгіным, гэта — сапраўды вялікі чалавек.

Антон ПУЦІЛА. Фота аўтара

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя