Домой Общество Наталля Радзіна — на волі (АБНОЎЛЕНА)

Наталля Радзіна — на волі (АБНОЎЛЕНА)


Сёння ўвечары (каля 21.05) з СІЗА КДБ адпусцілі рэдактарку сайта «Хартыя-97» Наталлю Радзіну.

Журналістку сустрэлі з кветкамі сябры і калегі, якія паспелі аператыўна даехаць да вул. Камсамольскую. Сярод першых была Вольга Бандарэнка — жонка яшчэ аднаго вязня СІЗА КДБ Дзмітрыя Бандарэнкі.

Наталля выглядала добра і знаходзілася ў прыўзнятым настроі. З яе слоў, пра намер вызваліць яе з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе яна даведался сёння каля 12-й гадзіны. Але ўжо ў нядзелю ёй давядзецца ехаць па месцы рэгістрацыі — у Кобрын, да бацькоў. Яна павінна будзе з‚яўляцца на допыты, калі следства палічыць гэта патрэбным.

Наша калега паведаміла, што пэўны час яе ўтрымлівалі ў адной камеры з Ірынай Халіп, з якой яны нават дзялілі адзін ложак на дваіх. Але потым яе перавялі ў камеру з «эканамічнымі» зняволенымі.

Інфармацыю пра падзеі «звонку» яна атрымлівала вельмі ўрывістую — толькі тую, што паспявала паведаміць ёй адвакат.

Наталлю вывелі праз браму два супрацоўнікі КДБ, якія вынеслі яе асабістыя рэчы і пасля гэтага сышлі. Яшчэ некалькі супрацоўнікаў спецслужб пільна сачылі за тым, каб ніхто не сфатаграфаваў будынак КДБ. У крэспандэнта агенцтва Associated Press Сяргея Грыца праверылі акрэдытацыю, а таксама прагледзелі фотаздымкі, якія ён паспеў зрабіць. Толькі пасля гэтага ўсім дазволілі з‚ехаць. Наталля паехала да сваіх сяброў адпачываць.

Журналістку затрымалі ў ноч з 19 на 20 снежня — яна адбыла ў няволі 1 месяц і 1 тыдзень.

Прэс-служба ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»