Домой Культура «Нашэсце-2009» прайшло з удзелам бабруйчан

«Нашэсце-2009» прайшло з удзелам бабруйчан

«Zемля Королевы Мод» «запальвае»

Дзевяты па ліку фэст упершыню прайшоў на велізарным полі каля вескі Вялікае Завідава Цвярской вобласці, якое значна перавышае па памерах былыя пляцоўкі. Папярэдняя пляцоўка ля вёскі Эмаус ужо проста не магла змясціць усіх ахвотных. Па прыблізных падліках за “Нашэсцем” назіралі больш за 100 тысяч гледачоў, якія прыехалі з усіх канцоў Расіі. У розных баках на пляцоўке каля галоўнай сцэны заўсёды можна было назіраць беларускія бел-чырвона-белыя і чырвона-зяленыя сцягі. Гэта сведчыла аб тым, што фэст наведала і шмат беларусаў.

“Нашэсце-2009” праходзіла на двух сцэнах. 25 гуртоў выступіла на вялікай сцэне і каля 60 — на малой. Акрамя “ЗКМ” на апошнюю таксама выходзіў беларускі гурт “The Stokes”. Прычым абедзве каманды выступалі ў першы дзень фестывалю. Ім не пашанцавала ў сэнсе надвор’я (увесь дзень ліў дождж), але іх чакаў цёплы прыём гледачоў. Іхнія сэты былі кароткія (па чатыры кампазіцыі), але напрыканцы “стоксам” скандзіравалі “Ма-лай-цы!”, а “ЗКМ” — “Яшчэ, яшчэ!..”

Але і з вялікай сцэны гучала беларуская рок-музыка ў выкананні найбольш вядомага нашага калектыву “Ляпис Трубецкой”, які граў на “Нашэсці” ўжо пяты раз. “Ляпісы” выступілі ў заключны дзень рок-фэсту і апынуліся сярод фаварытаў, як паміж арганізатараў, так і аматараў рока. Сэт Сяргея Міхалка з кампаніяй быў удвая даўжэйшы за астатнія беларускія гурты і іх прыхільнікі змаглі па вартасці ацаніць і нацешыцца талентам і досціпам выканаўцаў. Тое ж самае адбылося і на прэс-канферэнцыі пасля выступлення. Неаднаразова адказы лідэра гурта перапыняў смех і двойчы — воплескі.

Фанатаў рока на “Нашэсце” прыцягвае не толькі якасная музыка і вялікая колькасць знакамітых выступоўцаў, але і своеасаблівая атмасфера, якая пануе на фэсце. Так, акрамя музычнай праграмы, арганізатары ладзілі авіа-шоў, культурную, забаўляльную і спартыўную праграмы. На адмысловых пляцоўках праходзілі спаборніцтвы па пляжных футболе і валейболе. У футбольным турніры сярод 58-мі каманд удзельнічаў і гурт “Zемля Королевы Мод”. Але, на жаль, бабруйчанам не пашанцавала з жараб’еўкай, якая ўжо ў 1/16 фіналу звяла іх з камандай “Зяблики”, якая перамагла музыкаў з лікам 4:0 і заняла выніковае трэцяе месца…

Арганізатары спадзяюцца, што фэст надоўга прапішацца ў Вялікім Завідава, а удзельнікі бабруйскага рок-гурта — на тое, што гэта быў не апошні іх удзел у “Нашэсці”.

Антон ПУЦІЛА

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя