Домой В стране «Наша задача – захаваць сляды страчанай з-за Чарнобыля цывілізацыі»

«Наша задача – захаваць сляды страчанай з-за Чарнобыля цывілізацыі»

Гомельскія журналісты Мікола Бянько і Юлія Сівец у 33-ю гадавіну аварыі на ЧАЭС, распавялі бабруйчанам пра свае вандроўкі па Зоне адчужання, і адкрыцці, якія яны там зрабілі.

Мы штодня сутыкаемся з памяццю пра Чарнобыль

Сустрэча з гомельцамі адбылася ў рамках моўных курсаў «Мова нанова».

Мікола і Юля паказалі фотаздымкі са сваіх шматлікіх паездак па вёсках, пацярпелых ад Чарнобыльскай катастрофы, падказалі гасцям, дзе шукаць спасылкі на іхнія рэпартажы на гэтую тэму. Як распавёў Мікола, каля васьмі месяцаў свайго жыцця яны з жонкай прысвяцілі экспедыцыям па вёсках – адселеных і пацярпелых ад аварыі. Журналісты размаўлялі з мясцовымі жыхарамі, запісвалі іхнія гісторыі, здымалі прыроду і гісторыка-культурныя помнікі ў тых мясцінах, дзе жыць зараз небяспечна.

ЧАЭС, аварыя, Мікола Бянько, Юлія Сівец, гомельскія журналісты

Цікавасць да тэмы Чарнобыля ў Міколы і Юлі – не проста журналісцкая, але і асабістая. Яна вынікае, перш за ўсё, з таго, што яны самі жывуць у самым пацярпелым ад радыяцыі рэгіёне Беларусі – у Гомелі.

ЧАЭС, аварыя, Мікола Бянько, Юлія Сівец, гомельскія журналісты
Мiкола Бянько, кiраунiк гомельскай фiлii ГА «БАЖ»

«Мы штодня сутыкаемся з памяццю пра Чарнобыль, са знакамі радыяцыйнай небяспекі, – распавядае Мікола. – Напрыклад, калі едзеш у бок Рэчыцы, адразу як перасякаеш мяжу Гомеля, бачыш знак «Асцярожна, радыяцыя». І гэта паўсюль. Іншая справа, што людзі ўжо не звяртаюць увагі на гэта ўсё, і ў грамадстве пашыраны нігілістычны настрой, людзі не вераць, забыліся, і нават не глядзяць, калі набываюць прадукцыю, адкуль яна і дзе вырабляецца. Мае дзеці нарадзіліся на Гомельшчыне, мы там жывем, таму я вымушаны, каб выжываць і быць здаровым, сачыць за радыяцыйнай абстаноўкай».

ЧАЭС, аварыя, Мікола Бянько, Юлія Сівец, гомельскія журналісты

Алкагалізацыя і дэбеларусізацыя – наступствы Чарнобылю

Пачаўшы вывучаць наступствы аварыі на ЧАЭС для Беларусі, журналісты адкрылі для сябе, што катастрофа паўплывала не толькі на здароўе людзей, але мела і культурны і сацыяльны ўплыў, які адчуваецца дагэтуль.

«Калі спрабуеш зразумець мясцовыя праблемы, то бачыш, што іх корань часта ў Чарнобылі, – кажа Мікола. – Тая ж алкагалізацыя насельніцтва, страта каштоўнасцяў, і дэбеларусізацыя ў тым ліку, страта мовы. Гэта ўсё на Гомельшчыне звязанае з Чарнобылем, бо парушаны сувязі паміж людзьмі, згублены традыцыі. Напрыклад, мова Брагіншчыны – скарб, які мы згубілі. Трагедыя ў тым, што мы страцілі вялізны пласт культуры, і дагэтуль гэта не асэнсавалі».

Падчас журналісцкіх вандровак па Зоне, Мікола і Юля захапіліся прыгажосцю і самабытнасцю гэтай так моцна пацярпелай зямлі. Падчас сваёй прэзентацыі яны распавялі пра вёску Будзішча ў Чачэрскім раёне. Там яны знайшлі старажытную сакральную крыніцу – адвечнае месца малітвы мясцовых жыхароў. Але крыніца была ў вельмі занядбаным стане. У сужонкаў атрымалася дамагчыся ад уладаў, каб гэтае месца добраўпарадкавалі – пачысцілі і адрамантавалі драўляную агароджу і масткі.

«Захаваць максімальны аб’ём памяці»

У той жа час, нематэрыяльны складнік спадчыны ў Зоне адчужання направіць не так проста.

«Я адкрыў для сябе, што насельніцтва зоны, альбо вёсак на мяжы зоны адсялення, гэта вельмі патрыятычныя беларускія людзі, да таго ж,  – мудрыя. У іх можна шмат чаму павучыцца, – распавёў Мікола. –  Калі ў вёску Будзішча прыязджала здымачная група з Японіі, яны былі ў захапленні і ад прыгажосці прыроды, і ад таго, наколькі людзі са старога пакалення там высокамаральныя, як яны дбаюць пра прыроду, любяць Беларусь і нашую беларускую мову. Мяне гэта вельмі захапіла, і я там адкрыў для сябе шмат скарбаў менавіта з пункту гледжання нашай нацыянальнай культуры. І мне падаецца, задача дзяржавы, журналістаў, проста людзей – захаваць хоць бы сляды гэтай страчанай цывілізацыі. Занатоўваць успаміны сваіх бабуль-дзядуль, запісваць на відэа альбо на аўдые выказванні людзей з асаблівасцямі іх гаворак у тых рэгіёнах, таму што пройдуць два-тры пакаленні, я перакананы, і людзі, нашчадкі, захочуць дазнацца, як жылі іх продкі, і задача і дзяржавы, і нас усіх – захаваць максімальны аб’ём памяці».

Падчас выступу перад бабруйчанамі Мікола Бянько не абыйшоў і тое, што сёлета дазволены Чарнобыльскі шлях не адбыўся, і пракаментаваў меркаванні некаторых публічных асобаў, што Шлях страціў сваю актуальнасць.

«Раскажыце, што гэта неактуальна, тым, напрыклад, хто жыве ў Будзішчы, – зазначыў журналіст. – Чарнобыль – гэта агульнанацыянальная бяда, і варта разумець яе глыбіню і наступствы, і тое, што тысячам людзей з гэтым цяжка жыць, і балюча нават узгадваць пра гэта. Таму тым, хто прэтендуюць быць палітычнымі лідарамі, варта мець абачлівасць і нейкую палітычную адказнасць падчас выказванняў».

Пра сустрэчу з гомельцамі глядзіце таксама ў нашым відэасюжэце.

 

Марына Маўчанава