Домой Культура На помнік Алесю Адамовічу сабралі 9600 рублёў

На помнік Алесю Адамовічу сабралі 9600 рублёў

 помнік Алесю Адамовічу, кампанія па зборы сродкаў завершаная, "Талака", Андрусь АрхіпенкаКампанія па зборы сродкаў завершаная. Амаль палову з агульнай сумы – BYN4500 – ахвяраваў заснавальнік партала tut.by Юрый Зісер.

Збор сродкаў на помнік праходзіў на краўдфандынгавай платформе «Талака». Кампанія была абвешчана 6 траўня і цягнулася 45 дзён.

Як распавёў ініцыятар усталявання бюста пісьменніку, бабруйскі актывіст Андрусь Архіпенка, наступным крокам будзе атрыманне канчатковага абгрунтавання ідэі і дазволу на ўсталяванне бюста ў Магілёўскім аблвыканкаме.

Адкрыццё помніка Андрусь хацеў бы прымяркаваць да дня народзінаў пісьменніка 3 верасня, альбо да 25-й гадавіны ягонай смерці 26 студзеня 2019 года. Бюст будзе ўсталяваны ў Глушы, на пляцоўцы каля будынка аптэкі, у якой некалі працавала маці Алеся Адамовіча, і дзе мусіць паўстаць музей літаратара.

Папярэдні макет бюста вырабіў скульптар Уладзімір Мелехаў. Цяпер над помнікам працуюць скульптары Генік Лойка і Яўген Білей.

Як распавёў Андрусь Архіпенка, праца скульптара будзе каштаваць USD1300, пастамент – USD 1500, на адліўку помніка з брозны спатрэбіцца каля USD1700-2000. Таксама 602 рублі трэба заплаціць платформе «Талака» за магчымасць правесці кампанію. Сабраных сродкаў павінна цалкам хапіць на выдаткі.

Акрамя Юрыя Зісера, паводле Андруся, кампанію  таксама падтрымаў сёлетні лаўрэят прэміі Алеся Адамовіча, дырэктар беларускай службы «Радыё Свабода» Аляксандр Лукашук, які перадаў грашовае ўзнагароджанне дачцэ літаратара Наталлі, а яна – на ўсталяванне бюста свайго бацькі.

«Хачу падзякаваць усім, хто спрычыніўся да паспяховага сканчэння краўдфандынгавай кампаніі, – піша Андрусь у сябе ў фэйсбуку. – Па-першае, маёй камандзе – ініцыятыўнай группе «Прыпынак Адамовіча». Мы разам шмат чаго прайшлі на гэтым этапе, арганізоўвалі акцыі, каб нагадць пра збор сродкаў. Наталле Адамовіч за выказаны давер. Юрыю Зісеру за тое, што адгукнуўся і паказаў прыклад астатнім, што трэба ахвяраваць грошы на добрую справу…  Таварыству беларускай мовы і ПЭН-цэнтру за выказаную падтрымку ў гэтай справе. Глебу Лабадзенка за дапамогу ў пытаннях краўдфаўдынгавай кампаніі.
Адамовіч павінен быць адным з тых, хто аб’ядноўвае нас, беларусаў, ня гледзячы на палітычныя погляды. Бо гэта наша агульная спадчына, іншай нам не дадзена».

Алесь Адамовіч нарадзіўся 3 верасня 1927 года ў в. Канюхі ў Менскай вобласці. Але з самага ранняга дзяцінства жыў разам з бацькамі ў Глушы, якую лічыў сваёй малой Радзімай. Тут жа ён хацеў быць пахаваным. Пісьменнік памёр ад інфаркта 26 студзеня 1994 годзе, і ўсё было зроблена па яго завяшчанню…

Алесь Адамовіч вядомы як яскравы публіцыст, які не баяўся падымаць самыя вострыя сацыяльныя, грамадскія, палітычныя пытанні. Шмат у чым менавіта дзякуючы Алесю Адамовічу беларусы і свет даведаліся праўду пра Чарнобыльскую катастрофу і яе наступствы.

Пяру Адамовіча належаць такія кнігі, як «Вайна пад стрэхамі», «Хатынская аповесць», «Блакадная кніга», «Я з вогненнай вёскі», «Vixi», сцэнар да фільма «Ідзі і глядзі» (у 2017 годзе фільм быў адзначаны ўзнагародай 74-га Венецыянскага кінафестываля) і шмат іншых твораў.

 

Марына Міхневіч

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя