Домой Права человека На дзяржаўную газэту «Бабруйскае жыцьцё» падалі ў суд

На дзяржаўную газэту «Бабруйскае жыцьцё» падалі ў суд

Актывіст незарэгістраванай партыі Свабоды й Прагрэсу Сяргей Еўдакімовіч з Бабруйску новы 2010 год сустрэў з чаканьнем судовага працэсу. Пры канцы 2009 году ён зьвярнуся ў суд з пазовам супраць газэты Бабруйскага гарвыканкаму «Бабруйскае жыцьцё».

Актывіст вінаваціць дзяржаўнае выданьне ў зьнявазе свайго гонару ды годнасьці. Праз суд ён дамагаецца кампэнсацыі маральнай шкоды ў памеры 25 мільёнаў рублёў.

Нагодай для судовага працэсу стаўся шэраг публікацыяў зьневажальнага характару ў час правядзеньня леташніх выбараў у Палату прадстаўнікоў. Паводле актывіста, ён больш за год шукаў праўды ў пракуратуры й міліцыі:

«Па маіх скаргах управа ўнутраных спраў вынесла пяць пастановаў аб адмовах распачынаць крымінальныя справы. Я двойчы скардзіўся пракурору Ленінскага раёну й тройчы генэральнаму пракурору Беларусі. Скардзіўся і міністру ўнутраных спраў на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі, якія цягам году не маглі знайсьці аўтара зьневажальнага ліста ў газэту, які быў зьмешчаны на яе старонках. Усе пастановы былі як пад капірку, нават з аднолькавымі памылкамі. На допытах міліцыянты казалі, што ў нас няма загаду займацца вашымі справамі, таму ідзіце ў суд», зазначыў «Свабодзе» Сяргей Еўдакімовіч.

25 мільёнаў кампэнсацыі маральнай шкоды Сяргей Еўдакімовіч мае намер аддаць сіротам. Праз суд актывіст будзе патрабаваць, каб «Бабруйскае жыцьцё» надрукавала і абвяржэньне зьняважлівых публікацыяў.

Дата пачатку судовага працэсу стане вядомай на наступным тыдні.

Сяргей Еўдакімовіч — сябра няўрадавай арганізацыі «Грамадзянскі форум», а таксама аргкамітэту па стварэньні партыі «Свабоды й прагрэсу». Актывіст балятаваўся ў дэпутаты палаты прадстаўнікоў па Бабруйскай-Першамайскай выбарчай акрузе № 79. У Бабруйску ён 14 гадоў працуе мэдыкам. Скончыў на выдатна тамтэйшую мэдычную вучэльню.

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя