Домой Общество «Мы не будзем купляць прыбудову да бабруйскага касцёла» – мітрапаліт Тадэуш Кандрусевіч

«Мы не будзем купляць прыбудову да бабруйскага касцёла» – мітрапаліт Тадэуш Кандрусевіч

Бабруйск, прыбудова да бабруйскага касцёл, мітрапаліт Тадэуш КандрусевічУ сваёй прамове падчас візіту ў Бабруйск 22 кастрычніка кіраўнік беларускага Касцёла узгадаў пра стан каталіцкага храма ў нашым горадзе і падкрэсліў, што дзяржаўныя ўлады абавязаныя садзейнічаць аднаўленню святыні.

«Калі вы будзеце маўчаць, прамаўляць будуць камяні»

Тадэуш Кандрусевіч зазначыў, што ні парафія, ні агулам беларускі Касцёл не будуць выкупляць прыбудову да бабруйскага касцёла – адміністратыўны будынак ААТ «Бабруйскбудкомплекс».

«Мая афіцыйная пазіцыя такая – гэты будынак да святыні прыбудавалі ўлады, і яны мусяць яго знесці, – сказаў мітрапаліт. – Гэта ведаюць і ў Адміністрацыі прэзідэнта, і ў Магілёве, і ў мясцовым выканкаме».

Звяртаючыся да бабруйскіх каталікоў, арцыбіскуп узгадаў тое ўражанне, якое рабіў Менскі чырвоны касцёл, таксама нэагатычны, на людзей у часы атэізму.

«Нават тады, у савецкія часы, людзі, што праходзілі міма гэтага храма выключнай прыгажосці, міма гэтага сімвала Менска, падымалі вочы ў неба, туды, куды імкнецца ягоная вежа, і гэта прымушала іх ўзгадаць, што ў жыцці ёсць яшчэ нешта акрамя суботнікаў, «воскресников» і ўсяго зямнога, – казаў мітрапаліт. – Бабруйскі касцёл такі ж прыгожы, і ён мусіць быць адноўлены і праслаўляць Бога сваёй архітэктурай, сваёй веліччу.

Прыбудову абавязкова трэба знесці, бо зараз гараджане, госці горада праходзяць міма і не бачаць, не ведаюць, што тут б’ецца сэрца Езуса».

Тадэуш Кандрусевіч узгадаў словы з Новага Запавету: «Калі вы будзеце маўчаць, то будуць прамаўляць камяні».

«І яны ўжо прамаўляюць, камяні гэтага касцёла, які атэістычная ўлада хацела схаваць, пытаюць нас пра сумленне, і пра тое, колькі яшчэ будзе чыніцца здзек над святыняй», –  эмацыйна казаў іерарх Касцёла.

Улады хочуць прарубіць асобны ўваход у старажытных мурах касцёла?

Тадэуш Кандрусевіч таксама пракаментаваў адказ Магілёўскага албвыканкама на ліст парафіянаў, які яны дасылалі ў Адміністрацыю прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з просьбай пасадзейнічаць у аднаўленні святыні.

У адказе, падпісаным намеснікам старшыні аблвыканкама Андрэем Кунцэвічам, гаворыцца, што з мітрапалітам Тадэушам Кандрусевічам нібыта абмяркоўвалася магчымасць «пераабсталявання адміністратыўнага будынка па адрасе вуліца Кастрычніцкая, 121 у горадзе Бабруйску з мэтай выдзялення ў цэнтральнай частцы будынка ізаляванага памяшкання  выключна для стварэння ўваходнай групы ў будынак касцёла».

Таксама абласныя ўлады паведамляюць, што «Адміністрацыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь вывучана існая сітуацыя і ў выпадку згоды кіраўніцтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі выказваецца гатоўнасць разгледзець варыянт выдзялення дадатковага зямельнага надзела для арганізацыі бесперашкоднага ўваходу ў касцёл».

Мітрапаліт Тадэуш Кандрусевіч адказаў на ўсе гэтыя прапановы, што ён не даваў згоду на ніводзін з варыянтаў.

«Гэта ўсё лухта. Пра што ўвогуле мова вядзецца? Як гэта – асобны ўваход у касцёл? Гэты касцёл – помнік архітэктуры нэаготыкі. І што яны збіраюцца рабіць – уваход у сцяне прарубіць? А што на гэта скажа Міністэрства культуры?» – зазначыў арцыбіскуп.

Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі быў пабудаваны ў 1906 годзе. У 1968 годзе фасад храма быў забудаваны пяціпавярховікам, у якім размесцілася адміністрацыя Бабруйскага будаўнічага камбіната (з 2012 года – ААТ «Бабруйскбудкомплекс»).

Вясной бягучага года бабруйчане сабралі амаль 500 подпісаў за аднаўленне касцёла.

Перамовы з уладамі і пошук архіўных дакументаў паказалі, што ў гісторыі забудовы касцёла пяціпавярховікам шмат блытаніны і пытанняў. Так, паводле акта здачы-прыёмкі ў эксплуатацыю, гэты будынак мусіў быць інтэрнатам. Як ён стаў адміністрацыяй прадпрыемства – невядома. Таксама аказалася, што будынак касцёла не мае ўласніка, пошукі якога зараз і вядуцца бабруйскім выканкамам.

Не так даўно «Бабруйскбудкомплекс» быў прызнаны банкротам. Прадпрыемства ліквідуюць да  верасня 2018 года. Адміністратыўны будынак плануецца выставіць на аўкцыён. Парафіі прапануюць набыць яго на агульных умовах.

Анцікрызісны кіраўнік ААТ «Бабруйскбудкомплекс» Арцём Жукоўскі заявіў, што пра перадачу будынка вернікам мовы не вядзецца, маўляў,  гэта ўласнасць прадпрыемства і да касцёла не мае ніякага дачынення. Таму каталікі могуць гэты будынак купіць. Ягоны балансавы кошт – 247 тысяч беларускіх рублёў.

За якую суму яго будуць прадаваць на аўкцыёне – пакуль невядома…

 

Марына Міхневіч

1 КОММЕНТАРИЙ

  1. Восстановить костел и вернуть людям! Будет туристическое место, красивый городской пейзаж. Это же нео-готика, уникальное строение!

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя