Арганізатары курсаў «Мова Нанова» зрабілі сваім студэнтам сапраўдны калядны падарунак. Напярэдадні Новага Году ў Бабруйск запрасілі адразу двух знакамітых ды талетанавітых гасцей.
На занятак прысвечаны спалучэнню беларускай мовы і спорту прыехаў шматразовы чэмпіён па тайскім боксе ды кікбоксінгу, а таксама вакаліст гурта «BRUTTO» Віталь Гуркоў разам з сябрам з гурта «Hand Made» журналістам ды музыкам Яўгенам Валошыным.
З Менску – адразу ў шпіталь
Перад тым як выступіць для ўдзельнікаў курсаў Віталь Гуркоў ды Яўген Валошын адведалі ў шпіталі бабруйскага діджэя Уладзіміра Ліса, які ўжо шмат гадоў прыкуты да ложка.
– Я пабачыў агонь у ягоных вачах, калі пачалі размаўляць пра музыку. Мы нават дамовіліся пра супрацу – паспрабуем для пачатку зрабіць адзін з трэкаў з рэпертуара гурта Hand Made у тандэме з Уладзем. Упершыню за гады ў мяне з’явілася жаданне зноўку шчыльна заняцца музыкай. Гэта была мара, але калісьці граць з гуртом не атрымалася. Можа быць цяпер гэта выйдзе. Дзякуючы Уладзю я сам натхніўся і ўжо хучэй хачу пачаць сумесную працу, – распавёў Яўген Валошын.
– Перад канцэртам «BRUTTO» у Бабруйску удзельнікі гурта ездзілі ў шпіталь да Уладзімера, але я тады не паспеў, бо ехаў адразу з трэніроўкі на выступ. Пасля мне распавядалі, што ён вельмі чакаў і мяне таксама. І вось нарэшце мінула больш як паўгады і гэта атрымалася. Я шчыра перажываў як пройдзе сустрэча. Але перажываў дарма, у нас з Уладзем шмат агульных тэм, увогуле мы добра забавілі час і думаю, што будзем надалей падтрымліваць сувязь, – адзначыў Віталь Гуркоў.
«Хто дачакаўся – усім будзе радасць»
Поўная заля крэатыўнай прасторы «13:87» сустракала гасцей апладысментамі ды воклічамі.
– Я прыехаў да вас і з трошку прапагандысцкай мэтай, – звярнуўся да публікі Яўген Валошын, – Разам з ініцыятарам курсаў «Мова Нанова» Глебам Лабадзенкам мы запусцілі незалежнае ток-шоу «Кожны з нас». Мы хочам рабіць не проста забаўляльную праграму, але выклікаць да адказу чыноўнікаў, апанентаў па розных пытаннях ды дапамагаць такім чынам людзям. Рэзананс можа вырашыць праблему, а кожны з вас можа быць героем перадачы.
Па задуме стваральнікаў ток-шоў «Кожны з нас» мае на мэце выкрываць разнастайныя праблемы беларускага грамадства і ў адрозненні ад дзяржаўных праектаў быць «не проста гаварыльняй», а пляцоўкай для выказвання розных бакоў ды рэальнага вырашэння сітуацый.
– А што гэта дасць? Для чаго гэта робіцца? – прагучала скептычнае пытанне з залі.
Аказалася, што арганізатары ўжо маюць паспяховы досвед. Адной з гераінь перадачы была дзяўчынка, якая з-за прывіўкі ў дзяцінстве стала інвалідам. Яе вазок ужо разваліваўся. Дзякуючы асвятленню на ток-шоў бізнесоўцы сабралі ёй грошы на новы вазок. І гэта толькі адзін з прыкладаў таго як праз перадачу вырашыліся праблемы герояў.
У часе выступа Яўген Валошын звярнуў вагу таксама і на тое як беларуская мова за апошні час стала актыўна выкарыстоўвацца ў розных сферах, зазначыўшы, што беларускамоўныя спартоўцы – адных з тых, хто прасоўвае культуру і мову на міжнародным узроўні. З гэтымі словамі ён перадаў сцэну Віталю Гуркову.
– Я раней ніколі не мог падумаць, што мой з першага погляду маргінальны від спорта будзе вось так выглядаць на рэклямных білбордах. Тое пра што мы марылі 7-10 гадоў таму імкліва адбываецца зараз. Я маю на ўвазе прагу да беларускай мовы ды культуры.
Студэнты ў залі задавалі заслужанаму майстру спорта і музыку шмат пытанняў пра яго прыхільнасці, спартовыя перамогі ды хоббі.
– Сумяшчаць прафесійны спорт і графік выступаў «BRUTTO» бывае даволі складаным. Часам я трэніруюся непасрэдна перад канцэртамі разгружаючы машыны з нашым музычным абсталяваннем. Каб падрыхтавацца на апошні чымпіяната я з лета трэніраваўся і цалкам прапусціў тур «BRUTTO» ва Ўкраіне. Але ж з сакавіка пачнецца тур па Беларусі да якога я абавязкова далучуся.
Першую песню Віталь Гуркоў запісаў менавіта з Яўген Валошыным. Разам яны выканалі некалькі сумесных трэкаў з рэпертуара гурта Hand Made.
На завяршэнне госці пажадалі бабруйчанам добра адсвяткаваць Каляды.
Ганна Дусь