Домой Права человека Міхаіл Кавалькоў: «На фоне бяздзейнасці дзяржаўных прафсаюзаў быў створаны свабодны прафсаюз…»

Міхаіл Кавалькоў: «На фоне бяздзейнасці дзяржаўных прафсаюзаў быў створаны свабодны прафсаюз…»

Кавалькоў Міхаіл РыгоравічКавалькоў Міхаіл Рыгоравіч

Міхаіл Кавалькоў з’яўляецца стваральнікам, арганізатарам і нязменным лідэрам свабоднага прафсаюза РУП «БЗТДіА». У 2006 годзе ён быў абраны старшынёй Рэспубліканскага свабоднага прафсаюза, а ў ліпені пераабраны. Прадстаўляем вашай увазе гутарку з прафсаюзным актывістам.

Спадар Міхаіл, чаму вы вырашылі стварыць свабодны прафсаюз? Што падштурхнула вас да гэтага?

На фоне бяздзейнасці дзяржаўных прафсаюзаў, якія не ў поўнай меры выконвалі свае абавязкі па абароне інтарэсаў працаўнікоў, быў створаны наш свабодны прафсаюз. Тады, у 1998 годзе, гэта было яшчэ магчыма. Стварэнне прафсаюза насіла апавяшчальную форму: стварылі, апавясцілі і паставілі ў вядомасць улады, што створаны. Пасля ўвядзення ў 1999 годзе ўказа Прэзідэнта «Аб перарэгістрацыі палітычных партый і аб’яднанняў», форма рэгістрацыі прафсаюза носіць дазваляльны характар. Паводле гэтага ўказа прафсаюз павінен мець юрыдычны адрас. То бок, я павінен папрасіць дазвол у наймальніка на прадастаўленне гэтага адраса. Аднак гэта ягонае права, а не абавязак. Таму, як правіла, наймальнікі адмаўляюць у яго прадастаўленні, так як ім не патрэбны прафсаюзы, якія не падпарадкоўваюцца яму.

Якія цяжкасці ўзнікаюць у працы? Што ці хто перашкаджае вам?

Галоўную перашкоду нам чыніць заканадаўчая база. Не ўдасканалены закон «Аб прафсаюзах». Таксама існуе дыскрымінацыя па прафсаюзнай прыналежнасці, то бок, умяшальніцтва асобных кіраўнікоў прадпрыемстваў у нашу працу.

Хтосьці аказвае вам дапамогу? Калі аказвае, то якую?

Калі вы маеце на ўвазе менавіта матэрыяльную дапамогу, то яна нам не патрэбна. З грашыма ў нас праблем няма. Мы жывем па сродках, на тыя ўнёскі, якія плацяць чальцы прафсаюза са свайго заробку. Нам вельмі важна падтрымка чальцоў міжнародных прафсаюзаў. Мы былі прыняты ў Міжнародную канфедэрацыю прафсаюзаў. Раней гэта была Міжнародная арганізацыя свабодных прафсаюзаў (МКСП), а зараз проста МКП. У гэтую арганізацыю ўваходзяць прафсаюзы 110 дзяржаў свету. МКП гэта перш за ўсё салідарная падтрымка, якая найбольш патрэбна нам у гэты час.

Якая колькасць чальцоў прафсаюза на вашым заводзе?

Колькасць нашых чальцоў складае каля 400 чалавек. Гэта найбольш смелыя і прагрэсіўныя працаўнікі прадпрыемства. Уступаючы ў шыхты свабоднага прафсаюза, гэтыя людзі здзяйсняюць грамадзянскі ўчынак.

Якія мерапрыемствы ладзяцца арганізацыяй?

Прыкладна раз на два месяцы мы накіроўваем асобных актывістаў на навучанне ў Мінск і іншыя гарады. Ад свабоднага прафсаюза створана Камісія па працоўным спрэчкам (КПС). Яе чальцы таксама перыядычна праходзяць навучэнне. Гэта трэба для таго, каб яны маглі годна выконваць свае абавязкі, каб пісьменна ўдзельнічаць у пасяджэннях КПС і мець магчымасць умела абараняць інтарэсы чальцоў прафсаюза, якія падалі заяву ў камісію. У бліжэйшы час мы падрыхтуем грамадскіх інспектараў па ахове працы і тэхніке бяспецы.

А ці часта звяртаюцца да вас па дапамогу? Па якіх пытаннях?

Звяртаюцца па даволі розных пытаннях: і бытавых, і сямейных, і жыллёвых, і нават па спажывецкіх. Але большасць зваротаў, канешне, тычыцца працоўнага заканадаўства. То бок, ушчымляюцца чыесьці правы ці незаконна ўтрымліваецца заробак. Таксама да нас звяртаюцца па пытаннях аховы працы, па спецвопратцы і бытавых памяшканняў. Усё гэта мы вырашаем самі. Аднак у асобных выпадках звяртаемся ў Мінск, у цэнтральны офіс. Там ёсць юрысты, якія даюць неабходную інфармацыю і аказваюць юрыдычную дапамогу па ўсіх пытаннях.

Ці прыслухоўваюцца да вас загадчыкі прадпрыемстваў?

Асноўны абавязак прафсаюза на прадпрыемстве кантраляваць выкананне ўсіх пунктаў калектыўнай дамовы, а гэта ёсць «канстытуцыяй» завода. І калі дамова не выконваецца, то да наймальніка ўзнікаюць прэтэнзіі. Не звярнуць на іх увагі ён не можа, таму вымушаны прыслухоўвацца.

Усе спрэчныя пытанні мы стараемся вырашыць на заводзе праз КПС. У большасці выпадкаў справы вырашаюцца на карысць заяўнікоў. Калі мы не знаходзім паразуменняў з наймальнікам, мы вымушаны звяртацца ў суд. Апошні зварот быў у жніўні гэтага года. Судом было вынесена рашэнне аб вяртанні чальцу нашага прафсаюза часкі заработнай платы, якую яму не даплацілі.

Як вы сумяшчаеце працу на заводзе і пасаду кіраўніка Рэспубліканскай прафсаюзнай арганізацыі?

Раз ці два на тыдзень я бываю ў Мінску. Там у мяне ёсць намеснікі. Яны і выконваюць усю паўсядзённую працу ў маю адсутнасць. Выкананне загадаў і распараджэнняў кладзецца на іх плечы. Таму ў мяне не ўзнікае вялікіх цяжкасцяў падчас працоўных будняў.

Яўген ВАСЬКОВІЧ. Фота Віктара КАЧАНА

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя