Домой Общество Мікалай Тамашоў – адзін з “піянерважатых” грамадскага руху

Мікалай Тамашоў – адзін з “піянерважатых” грамадскага руху

Мікалай ТАМАШОЎМікалай ТАМАШОЎ

Дасье «БК»
Мікалай ТАМАШОЎ: нарадзіўся ў 1952 годзе ў вёсцы Каменка (Дрыбінскі раён). Вядомы грамадскі дзеяч ў Асіповічскім раёне. Стаяў ля вытокаў стварэння грамадскага руху “Беларускі Народны Фронт”. Сябра грамадскіх аб’яднанняў “Таварыства беларускай мовы” і “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”.

Займацца актыўнай грамадскай працай Мікалай Тамашоў пачаў яшчэ ў школьныя гады. У 1976 годзе ён удзельнічаў у першым усесаюзным злёце піянерважатых, які праходзіў у крамлёўскім Палацы з’ездаў. Дарэчы, рэпартаж з гэтага з’езда транслявала Цэнтральнае тэлебачанне.

Пасля заканчэння школы Мікалай паступіў у Магілёўскую педагагічную вучэльню, дзе атрымаў дыплом настаўніка першапачатковых класаў.

У 1973 годзе пераехаў жыць у вёску Драганава (Асіповічскі раён), дзе працаваў у мясцовай школе-інтэрнаце. Жаданне вучыцца далей прымусіла яго паступіць на завочнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці “філолаг беларускай мовы і літаратуры”.

— Мне заўсёды падабалася родная мова і літаратура, — успамінае Мікалай. — З дзяцінства я любіў чытать кніжкі на беларускай мове, задумваўся над гучаннем і сэнсам асобных слоў, мне гэта было вельмі цікава.

Разам з Тамашовым пэўны час ва ўніверсітэце вучыўся паэт і адзін з заснавальнікаў БНФ Алесь Емельянаў. На вядомых выкладчыкаў-паэтаў Мікалаю ўвогуле пашанцавала — Ніл Гілевіч, Алег Лойка, Рыгор Семашкевіч…

Адным з прадметаў ва ўніверсітэце быў “Гісторыя КПСС”. І з яго выкладчыкам аднойчы адбылася спрэчка. Мікалай выказаў думку, што тагачасны генеральны сакратар КПСС Брэжнеў захапіў усе пасады, а гэта супярэчыць дэклараванаму савецкімі ідэолагамі паняццю аб падзеле улады. Выкладчык адрэагаваў на гэтыя словы своеасабліва: “Добра, што ты трапіў на мяне. Больш так нікому не кажы…” Дарэчы, Тамашоў скончыў універсітэт у ліку пяці лепшых студэнтаў свайго выпуску.
У тыя гады Мікалай пастаянна слухаў радыёстанцыю “Голас Амерыкі”. Таму сляпой веры ў тое, што СССР — лепшая краіна ў свеце, у яго не было: на многія падзеі ў яго быў свой, крытычны, погляд.

Калі пачалася перабудова, стала модным кіраўнікоў школ выбіраць дэмакратычным шляхам — галасаваннем сярод настаўнікаў. Такім чынам, калегі Тамашова абралі яго завучам. А праз год, калі дырэктар школы пайшоў на пенсію, Мікалай заступіў на яго месца. Падчас яго дырэктарства школа с рускай мовы навучання перайшла на беларускую.

У той час Тамашоў часта ездзіў па школьных справах у Магілёў. Там ён пазнаёміўся з мясцовымі лідэрамі Беларускага Народнага Фронту. Гэта знаёмства паслужыла штуршком да стварэння Асіповіцкай раённай арганізацыі БНФ. Яе кіраўніком стаў Мікалай. Некалькі гадоў ён актыўна займаўся арганізацыйнымі пытаннямі, часта ездзіў у Мінск. Урэшце, арганізацыя была афіцыйна зарэгістравана. Тамашоў узначальваў арганізацыю да тых пор, пакуль горад і раён не былі аб’яднаны ў адну адміністратыўную адзінку.

Аднойчы тагачасны кіраўнік абласной філіі БНФ Анатоль Фёдараў прапанаваў стварыць у Асіповічскім раёне газету. Мікалай выдавецкай дзейнасцю ніколі не займаўся, але з дамамогай знаёмых зрабіў першы макет, прыдумаў назву — “Панарама”. З першых нумароў газеты ў ёй сталі выходзіць вострыя матэрыялы — аб крадзяжы на шклозаводзе, аб тым, як забіваліся каровы, а мяса вывозілася на продаж у Расію. Пасля публікацыі чарговага вострага артыкула адзін з старшынь калгаса звярнуўся з іскам аб паклёпе ў суд. У працэсе ўдзельнічалі прадстаўнікі Тамашова — сябры грамадскага аб’яднання “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” з Бабруйска. Аднак раённыя ўлады вырашылі пазбегнуць судовых разбораў, і прымусілі старшыню калгаса забраць заяву і звольніцца.

Дарэчы, пасля гэтай гісторыі Мікалай напісаў заяву аб уступленні ў Бабруйскае рэгіянальнае аддзяленне БХК. І аднойчы бэйджік гэтай арганізацыі прымусіў супрацоўнікаў міліцыі ўстрымацца ад прымянення актыўных дзеянняў… Адбылося гэта падчас аднаго з святкаванняў у Асіповічах 25 сакавіка — Дня Волі. Мясцовыя грамадскія актывісты ў гэты дзень сабраліся ў парку — пагутарыць, паспяваць. Міліцыянеры пільна сачылі за падзеямі — патруліравалі, здымалі на відэакамеру. Удзельнікі свята з сабой нават піва не бралі, ведалі, што могуць быць правакацыі. Парк быў ачэплены, нікога да іх не прапускалі. Потым з’явіўся “госць” — адзін з гарадскіх кіраўнікоў міліцыі: “Што вы тут робіце? Мы вас затрымаем!”. І вось тут раптам паказаны бэйджік сябра БХК прымусіў таго адмовіцца ад сваіх пагроз…

Зараз Мікалай Тамашоў працуе настаўнікам у Драганаўскай сярэдняй школе. Прадстаўнікі мясцовых улад у яго часта пытаюцца, калі ён пойдзе на пенсію, бо баяцца, каб Мікалай не пачаў займацца якой-небудзь актыўнай дзейнасцю і не стварыў для іх нейкіх праблем — звольніць аднаго з лепшых настаўнікаў школы яны не рашаюцца…

Дарэчы, пошук працы ў вёсцы — справа цяжкая. Таму людзі не высоўваюцца, без кавалка хлеба застацца ніхто не хоча. Як напрыканцы нашай гутаркі іранічна адзначыў Мікалай Тамашоў, пужаная варона і куста баіцца…

Віктар КАЧАН. Фота аўтара

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя