Домой Аляксей Ненадавец Метады вылячэння ад мары

Метады вылячэння ад мары

Канчатак.
Пачатак — глядзіце ў блоге за 3 мая.

Аляксей Ненадавец, блог, міфалогія, мара

Існуе шмат усялякіх метадаў вылячэння ці «адходжвання» ад мары, якія былі зафіксаваны ў фальклоры. М.Федароўскі пісаў у свой час: «Калі мара ўвойдзе, то трэба тую дзірку заткнуць асінавым калочкам, каб не выйшла, бо яна іначай не выйдзе нікудою, толькі як увайшла, каб нават вокны былі паадчыняныя, то ніц не значыць… Як мара на чалавека наляжа, то трэба варушыць мізіным пальцам на правай руцэ, то мара адляціць».

Стараліся пазбавіцца ад мары і па-іншаму: «Беларусы ўяўлялі мару чалавекападобнай істотай ростам з маленькае дзіця, скура якога пакрыта поўсцю або кароткім рэдкім пер’ем. У адной  беларускай былічцы мара апісваецца як істота, «падобная на чалавека, але не мела на сабе скуры і былі відаць усе ўнутранасці».

Адна  з асаблівасцей мары – здольнасць да змены выгляду. Аб гэтым сведчыць змест беларускай легенды «пра мару»: «Мару  бачылі на кані. Калі яе злавілі, пачала яна змяняцца, прыбіраючы розныя постаці, найчасцей постаці звяроў» .

Атрымлівалася нават так, што на мару проста нельга было глядзець, няхай сабе і выпадкова, бо гэта напрамую пагражала жыццю чалавека. Згадаем наступныя словы, «адзін чалавек, ідучы познім вечарам, убачыў на полі нейкую істоту. Падобная на чалавека, але не мела на сабе ніякай скуры і былі відаць усе вантробы. Гэты чалавек так перапалохаўся, што захварэў на сухоты і неўзабаве памер».

Учытаемся ў тое, што сведчыў Ч. Пяткевіч: «Некаторыя вупыры, званыя мясцовымі людзьмі марою, з’яўляецца ў выглядзе розных мёртвых прадметаў, напрыклад, шкілета, труны, шыбеніцы, асмаленага пня, калоды, што тырчыць, як пень, і г.д. Узнікае неспадзявана, стаіць на месцы ці паволі пасоўваецца за тым, хто ідзе. Мара нічога благога не робіць, але сама яе прысутнасць прыгнятае: «сэрца нача каты дзяруць, на душы ляжыць пячаль важкім каменем».

Ходзіць таксама апавяданне з мястэчка Петрыкава, дзе штодня ў летнія месяцы на досвітку паяўлялася мара – у вобліку тоўстай вертыкальнай калоды, удвая вышэйшай за чалавека, на вельмі кароткіх нагах, падобных на барсучыныя лапы.

Яна стаяла нірухома пры ўездзе ў мястэчка, енчыла чалавечым голасам і з усходам сонца знікала. Як яе пазбавіліся –  невядома, але народ яе згадвае не толькі ў казцы  –  і ў размовах, у прыслоўях. Калі хто каму дакучае, кажуць: «Надаеў, як мара петрыкоўская. Чаго ты прыстаў, як мара петрыкоўская? Адчапіся ты ад мяне, мара, петрыкоўская» .

Нашы недалёкія суседзі — украінцы увогуле былі перакананы, што мара з’яўляецца дачкой самага магутнага з язычніцкіх багоў – Чорнабога.

Яна нібыта ходзіць-падарожнічае па вёсках з галавою пад пахаю і выгуквае сваім гучным скрыпучым голасам гаспадароў.  Хто разгубіцца і адгукнецца на вокліч-крык мары, то той неўзабаве памірае.

Мара, атрымлівалася, не только душыць спячых, але яшчэ і выпівае з іх кроў. Украінцы верылі таксама ў тое што мара ганяецца за багіняй неба Калядою, імкнучыся перашкодзіць нараджэнню новага сонца і зрабіць так, каб усталявалася вечная цемра-ноч, час раскашавання ўсялякіх нячыстых сілаў. Яны былі перакананы ў тым, што сама па сабе, мара – гэта ўсеагульная назва нячысцікаў.

Чучала страшэннай мары спальвалі ў купальскую ноч або тапілі ў бліжайшым вадаёме, суправаджаючы гэты старадаўні абрад традыцыйнымі песнямі. Яшчэ абавязкова рабілі наступнае – у першы дзень Калядаў спальвалі міфічнай мары тоўстую асінавую калоду. Як бачым, нават дрэва было выбрана адпаведнае – чартоўскае.

… Яно ў жыцці ўсе гэтак узаемасвязана: жывое і мёртвае, старое і маладое. Падтрымлівалася такая трывалая сувязь не адно стагоддзе, дзякуючы ўсемагчымым дэманалагічным істотам, персанажам, сілам, сярод якіх не апошняе месца займала мара.

 

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя