Домой Общество Мэр Бабруйска: «Мэрсэдэс» я ўзяў у крэдыт

Мэр Бабруйска: «Мэрсэдэс» я ўзяў у крэдыт

«Я ўзяў 75 мільёнаў у крэдыт, ці 24 тысячы долараў. Прадаў свой былы аўтамабіль — „Мазда-3“ за 15 тысяў, дабавіў і купіў машыну за 46 тысяч».
У інтэрнэце з’явілася інфармацыя, быццам мэр Бабруйска Дзмітрый Бонахаў набыў шыкоўны Mercedes-Benz М-класса ML 350 за службовыя грошы. «Не хацелася б верыць у той факт, што ў цяжкі час для горада і краіны чыноўнікі „шыкуюць“ за дзяржаўныя грошы, але відаць, што гэты сумны факт з’яўляецца праўдай. Чуткі не лгуць», — напісаў сайт babruisk.by.

Аказалася, усё ж ілгуць. Кіраўнік Бабруйска сапраўды ездзіць на новай машыне, але гэта не дзяржаўны аўтамабіль.

Вось што расказаў «Нашай Ніве» сам сп. Бонахаў:

«Так, у маім распараджэнні ёсць такое аўто. Але гэта не службовы аўтамабіль, куплены за бюджэтныя сродкі. Гэта мой асабісты аўтамабіль, куплены за мае грошы, у тым ліку — крэдыт, які я ўзяў у „Белаграпрамбанку“.

Купіў аўтамабіль ў сакавіку, яшчэ да падаражэння [мытных плацяжоў], да крызісу. Каштаваў ён 46 тысяч долараў, а не 70-80, як напісана на сайце».
Са слоў сп. Бонахава, заробак старшыні райвыканкама — 4,2 мільёны рублёў.
«Раней гэта было каля 1000 еўра. Цяпер гэта ўжо не тое, такое аўто я б сабе не набываў. А тады ўзяў 75 мільёнаў у крэдыт, ці 24 тысячы долараў. Прадаў свой былы аўтамабіль — „Мазда-3“ за 15 тысяў, дабавіў і купіў машыну за 46 тысяч».
Ёсць і службовае аўто — гэта Мэрсэдэс С180, набыты 10 гадоў назад.
Мэр патлумачыў таксама сітуацыю са звальненнем галоўнага інжынера бабруйскіх цеплаэнэргетыкаў.

«Мяне часам здзіўляе гэты партал, які піша ўсялякую „ахінею“.
Ёсць артыкул, што быццам мы я ішоў на сваіх асабістых справах і спатыкнуўся на прыступках, а пасля гэтага даў указанне зняць кіраўніцтва. Насамрэч усё было прасцей. Іду падчас свайго адпачнку па цэнтры горада. Бачу прыступкі — страшныя, не абкладзеныя пліткай, у цэнтры горада, ля „Бабра“. Набіраю кіраўніцтву прадпрыемтва і даю даручэнне, каб за 3 тыдні навялі парадак.
Сканчаецца адпачынак. Ужо тыдзень як працую. Зноў прыязджаю на рынак паглядзець цэны і гэтак далей — трэба ж ведаць, чым жыве горад — прыступкі не адрамантаваныя. Разбіраюся з дырэктарам. Чаму не выканалі?
Пачынаюць шукаць тлумачэнне, маўляў, не паспелі і гэтак далей. Я загадаў прымяніць да іх меры дысцыплінарнага ўздзеяння.

А гэты дырэктар бярэ і здымае свайго галоўнага інжынера. Не ведаю, чаму ён прыняў такое рашэнне — яму відней. А напісалі, быццам бы я ішоў, паваліўся — і вось таму звольнілі чалавека. Цырк на дроце».

Тым часам Дзмітрый Бонахаў не лічыць неабходным рабіць нейкае аправяржэнне напісанаму, бо «…лічу інтэрнэт у значнай ступені памыйнай ямай: хто што хоча, тое і піша.

Калі пачытаеце ўважліва, пішуць, што ледзьве не геі вакол мяне — дык што, мне зараз усім даказваць сваю мужчынскую сілу? Смешна, правільна? Хаця сумна».

Аксана Рудовіч. Наша Ніва

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя