Домой Главные новости Менш чым праз месяц у Бабруйску распачнецца тэатральны форум

Менш чым праз месяц у Бабруйску распачнецца тэатральны форум

Стала вядомая афіша VI фестывалю нацыянальнай драматургіі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча.

З 17 па 22 лістапада ў нашым горадзе пройдзе VI рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча. У праграме – 14 спектакляў, якія будуць прэзентаваныя цягам шасці дзён на дзвюх тэатральных пляцоўках – абласнога тэатра драмы і камедыі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча і Палаца мастацтваў.

Фестываль хоць і носіць назву «Рэспубліканскі», але ўключае ў сябе ўдзел замежных тэатраў і тэатральных крытыкаў. Так, у гэтым годзе ў праграме тэатральнага форуму плануецца ўдзел расейскага і славацкага тэатраў.

Першы – гэта «Тэатр post» з Санкт-Пецярбурга. Піцерцы 20 лістапада ў Палацы мастацтваў пакажуць спектакль «Поле» па п’есе маладога беларускага драматурга Паўла Пражко. Тэатралы з Славацкага камернага тэатру прэзентуюць сваё бачанне аповесці нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч «У вайны не жаночы твар». Пастаноўка прагучыць на мове выканаўцаў і адбудзецца на наступны дзень на сцэне бабруйскага тэатра.

Адкрые ж фестываль 17 лістапада Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі «гістарычна недакладнай трагікамедыяй» «Кар’ера доктара Раўса» па п’есе Віктара Марціновіча.

 у Бабруйску распачнецца тэатральны форум, VI фестываль нацыянальнай драматургіі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча
Урывак з спектаклю «Кар’ера доктара Раўса».

Імпрэза, якая ўключае ў сябе ўрачыстае адкрыццё фестывалю і паказ спектакля, распачнецца а 18-й гадзіне. Дарэчы, толькі гэты сталічны тэатр і Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў прадставяць па два спектаклі, усе астатнія ўдзельнікі – па аднаму.

Гаспадары фэсту выступяць у трэці фестывальны дзень са спектаклям «Кропкі на часовай восі» па аднайменнай п’есе Дзмітрыя Багаслаўскага.

 у Бабруйску распачнецца тэатральны форум, VI фестываль нацыянальнай драматургіі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча
Урывак з спектаклю «Кропкі на часовай восі».

Зразумела, што пастаноўка адбудзецца на роднай для «дунінцаў» сцэне – а 12-й гадзіне. Дарэчы, 19 і 20 лістапада – самыя насычаныя фестывальныя дні, якія змесцяць у сябе паказы 4-х спектакляў.

А закрые фестывальную афішу твор, які таксама (як і пастаноўка, якая адкрые фестываль) прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і прысвечаны асобе Францыска Скарыны – спектакль Магілёўскага абласнога драматычнага тэатру «Скарына». У якасці драматургаў тут выступаюць Міхась Рудкоўскі і мастацкі кіраўнік тэатра Салюнас Варнас. Пасля спектакля адбудуцца цырымонія закрыцця фестывалю і ўзнагарода пераможцаў.

Праграма фестывалю, як і заўсёды, уключае ў сябе не толькі паказы спектакляў. Гэта – выставы, чыткі п’ес беларускіх драматургаў, майстар-класы, «круглыя сталы» па праблемах развіцця нацыянальнай драматургіі й тэатра…

 у Бабруйску распачнецца тэатральны форум, VI фестываль нацыянальнай драматургіі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча

 

Антон Пуціла