Домой Права человека Медыкі патрабуюць вярнуць донарам бясплатны праезд

Медыкі патрабуюць вярнуць донарам бясплатны праезд

Бабруйскія й горацкія лекары шукаюць падтрымкі ў дэпутатаў мясцовых саветаў. Чаму яны клапоцяцца пра донараў, з якімі ў рэгіёне праблемаў няма?

Галоўны лекар Бабруйскай занальнай станцыі пералівання крыві Людміла Ягорава спадзяецца, што дэпутаты сваім станоўчым рашэннем прызнаюць заслугі донараў перад людзьмі й грамадзтвам:
– Гэта ўсё ж адзнака таго, што дзяржава думае пра гэтых людзей і з удзячнасцю да іх ставіцца. Дарослыя людзі, як і дзеці: падзякаваў, ім ужо прыемна. Псіхаэмацыйны настрой будзе некалькі другога, ужо станоўчага парадку.
Паводле Людмілы Ягоравай, у Бабруйску няма гэткага заняпаду донарства, як напрыклад у Магілёве й іншых абласных цэнтрах. У чым прычына, медык не сказала.

Спадарыня Ягорава, сцвярджае, што ў іх чатыры тысячы актыўных донараў. Усяго ж на ўліку занальнай станцыі пералівання крыві васемнаццаць тысяч чалавек. Штогод бабруйчане здаюць чатыры тысячы восемсот літраў крыві.

Вярнуць донарам бясплатны праезд у гарадзкім транспарце намагаецца й адміністрацыя Горацкай раённай бальніцы. Па падтрымку звярнуліся ў мясцовы савет дэпутатаў:
– Асабіста я размаўляў са старшынёй савету. Ён сказаў, што хутка будзе сесія, і прымуць гэтае рашэнне. Праезд па горадзе ня танны. Сярод нашых донараў заможных людзей няма. Таму кожная капейчына ўсё такі нейкая дапамога, – зазначыў галоўны лекар аддзялення пералівання крыві Ўладзімер Балобін.

Паводле мэдыка, у Горках таксама няма праблемаў з донарствам. Актыўна здаюць кроў каля 200 чалавек. Больш за траціну сярод іх – студэнты сельгасакадэміі. Кроў здаюць таксама медработнікі, санітаркі ды дзесятак педагогаў. Усяго ганаровых донараў у раёне каля ста чалавек, менавіта яны прэтэндуюць на бясплатны праезд у гарадзкім транспарце.

Што вымушае медыкаў змагацца за донарскія льготы? Адказвае кіраўнік донарскай няўрадавай арганізацыі «Кропля жыцця» Ігар Каваленка:
– Па-першае, яны самі донары. Па-другое, толькі мэдыкам вядома, чаго вартая праца донараў.

Дык чаму медыкам проста не казаць пра гэта? Працягвае спадар Каваленка:
– Яны баяцца за сваю працу, за сваю сям’ю й таму ухіляюцца ад шчырага адказу.

Ігар Каваленка, кажа, што калі б не ўдалося адстаяць бясплатнага праезду ў грамадзкім транспарце для донараў у Магілёве, наўрад ці бабруйскія й горацкія медыкі наважыліся б патрабаваць таго ж для сваіх донараў.

У Магілёве донары пачалі бараніць свае льготы яшчэ леташнім траўнем. У чэрвені група іх праводзіла тыднёвы папераджальны страйк.

Донарам удалося захаваць саракапрацэнтную надбаўку да пенсіі, магчымасць сыходзіць у адпачынак у любы зручны час. Акрамя таго, толькі магілёўскія донары адстаялі бясплатны праезд у грамадзкім транспарце ў межах гораду.

Донараў усё ж пазбавілі дзвюх важных кампенсацыяў: пяцідзесяціпрацэнтнай зніжкі на набыццё медычных прэпаратаў і бясплатнага пратэзавання зубоў.

Па матерыялах Svaboda.org

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя