Домой Общество Масленіца па-бабруйску

Масленіца па-бабруйску










Масленiца — старажытнае свята, якое ўзнiкла задоўга да прыняцця хрысцiянства. У старажытныя часы яе святкавалi амаль на працягу месяца ў час веснавога сонцастаяння. Пасля прыняцця хрысцiянства свята захавалася, але хрысцiянскага пераасэнсавання не атрымала. І таму зараз беларусы святкуюць язычніцкае абрадавае свята, якое не абмінула і Бабруйск.

У нашым горадзе Масленіца «афіцыйна» святкавалася ў шаснаццаты раз. Але, як кажуць сталыя наведвальнікі святочнага мерапрыемства, за гэтыя гады змянілася толькі назва свята.

Нічога арыгінальнага ў гэты раз не было, — кажа адзін з наведвальнікаў парка. — Часам здаецца, што кожны год свята ладзіцца па аднаму сцэнарыю. Штогод назіраецца адна і тая ж карціна — п’яныя і шалёныя людзі. Гандаль спіртным вёўся на тэрыторыі парка адкрыта. У большасці намётаў алкаголь быў асноўным таварам і яго было нават больш, чым бліноў. Пачатак свята быў запланаваны на 12.00, але чамусьці затрымаўся амаль на паўгадзіны. Пасля абвяшчэння раскладу мерапрыемстваў ля галоўнай сцэны парка з’явіліся тры акцёры, якія сімвалізавалі зімнія месяцы. Яны правялі «справаздачу», распавёўшы аб тым, што было зроблена імі за зіму. Потым на сцэну выйшла Зіма. Яна сімвалічна перадала стрыно кіравання Вясне.

Але арганізацыя мерапрыемства і якасць апаратуры кульгалі: дынамікі калонак хрыпелі, а акцёры, бывала, не паспявалі за фанаграмай. А 13.00 гадзіне распачалася цэнтральная дзея свята — лазанне на слуп за пеўнем. Птушку ўдалося зняць студэнту Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры Раману Кулажонку. — Залазіць было не цяжка, — распавёў герой спаборніцтва, — бо я ж загартаваны. Дзеля таго, каб залезці на слуп, я нават не трэніраваўся. Пеўня аддам бабулі, яна жыве на Фарштаце.

Калі Раман даставаў пеўня, той вырваўся (мусіць, надакучыла яму сядзець у клетцы) і паляцеў да таго намёта, дзе гатавалі шашлыкі. Але пеўня ніхто не сцягнуў, а прынеслі і аддалі пераможцу. Акрамя пеўня Раман зняў яшчэ і пакет з падарункам — ручніком, зубной пастай і шчоткай.

На малой пляцоўцы парка праходзілі свае забавы. Бібліятэкі горада, напрыклад, паказалі лялечны спектакль. Людзі забаўляліся на атракцыёнах, харчаваліся ў намётах і ў кавярні. Аднак якасць ежы, якую я пасмакаваў, была не вельмі выдатнай. Чабурэк, які я набыў у кавярні (прастаяўшы перад тым у чарзе больш за паўгадзіны), выклікаў у маім страўніку «рэвалюцыю». На вялікай сцэне спявалі бабруйскія казакі. Праходзілі разнастайныя конкурсы — прыпевак, прымавак… Спальванне Масленіцы за вялікай сцэнай засталося для большасці наведвальнікаў свята незаўважнай падзеяй — вогнішча было зусім невялікім. Свята скончылася ў пятай гадзіне вечара. Што яно прынесла? Неблагі прыбытак гандляроў і вялікая колькасць смецця (па ім можна было заўважыць, што бабруйчане аддалі перавагу алкаголю).

Яўген ВАСЬКОВІЧ, фота аўтара

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя