Домой Аляксей Ненадавец Мара – жахлівая істота

Мара – жахлівая істота

Працягваем цыкл публікацый вядомага міфалога й дэманалога  Аляксея Ненадаўца на тэму беларускай міфалогіі.

 

Аляксей Ненадавец, блог, міфалогія, мара

Паводле сцверджанняў патрыярхальных беларусаў, «Мара – нейкая вялізарная жахлівая істота на кароткіх лапах, абавязкова чорная, якую дзеці вельмі баяцца. Калі мара рухаецца, ад яе зыходзяць  металічныя гукі, як аддаленыя ўдары ў чыгунны кацёл. Цяпер мара — пудзіла з саломы, апранутая ў рвань».

З гэтага выказвання перад намі паўстае таксама шмат нетлумачальнага, якое нясе на сабе адбітак нейкага нагрувашчанага цемрашыльства.

Даводзілася чуць згадванні пра тое, што мара даволі часта выступала на пярэдні план у вуснапаэтычнай творчасці, калі недзе паблізу грымела вайна. Гэта дало нам некаторыя факты для таго, каб параўноўваць вышэйзгаданую істоту з багіняй вайны, ці багіняй ахвяраў ваенных падзей.

Паводле народнага фальклору яна заўседы не толькі цалавала і казытала сваю ахвяру, але абавязкова і «душыла яе, навальвалася ёй на грудзі!». Праўда, у большасці выпадкаў, мара робіць гэта з соннымі людзьмі, якія з-за гэтага і не могуць супраціўляцца.

Учытаемся лепей ў сведчанне М. Нікіфароўскага: «Мары мучаць сонных, не перапыняючы іх сну; звычайна мара сядзе на грудзі ці горла соннага чалавека і пачынае душыць, прычым,  перашкаджаючы чалавеку дыхаць, яна час ад часу адпускае яго, каб нацешыцца яшчэ большымі пакутамі ахвяры пасля перадыху. Ахвяра, імкнучыся выратавацца, падымае руку, каб адагнаць мару  ці  перахрысціцца, але тут вёрткая мара прытрымлівае занесеную руку, прычым ад судакранання мары рука млее, чым прычыняе новыя пакуты. Адзіным магутным сродкам выратавання ад мары лічыцца згадка, што ўсё гэта адбываецца ў сне, а не на яве, пакутнік прачынаецца і мара знікае. Але дадумацца да гэтага могуць толькі пажылыя людзі, да якіх, дарэчы, мара чапляецца наогул рэдка, хаця б яны спалі нават на спіне (любімая марою поза соннага чалавека). Людзі ж маладыя, «з цепленькай крывёю», да якіх любіць прыставаць мара, звычайна не дадумваюцца да гэтага сродка і вымушаны доўга пераносіць усе гэтыя пакуты.

Яна чапляецца ў сне пераважна да таго чалавека, які шумна правёў час перад сном і, значыцца, з цяжкасцю можа разабрацца ва ўражаннях. Мара мяняе свой воблік, калі паслядоўна прыстае да адной і той жа асобы. Воблік мары вырысоўваецца прыблізна так: яна мае чалавекападобныя формы, ростам з тыднёвае дзіця, з голай скураю ці пакрытай рэдкім кароткім пер’ем, часам поўсцю, мягкая навобмацак, падае на ахвяру неадчувальна і не адразу, а цішком, прычым першае яе дакрананне нават прыемнае. Адступаецца ж мара ад ахвяры імкліва, пакінуўшы пасля сябе ў соннага знямелыя рукі ці ногі ды вялікі пот на твары і целе.

Мары не баяцца асвячоных прадметаў і крыжоў і таму свабодна прабіраюцца да соннага чалавека. Ці гінуць мары і з якой прычыны – застаецца невядома і дагэтуль».

У некоторых выпадках нашы продкі значна пашыралі сферу «ўплыву» мары: «Ёй прыпісваюць усе начныя душнасці, прывіды і болі,  асабліва болі галавы… Канкрэтнага вобраза яна не мела. У залежнасці ад ваколіц  яна ператваралася ў розных звяроў або птушак. Мара ў расказах вы­ступае ці сама па сабе, ці яна – служанка ў чорта. Паяўляецца ноччу. Непрыкметна прабіраецца ў хату або гаспадарчыя пабудовы. Даволі часта з’яўляецца ў стадоле, асабліва, калі там нехта спіць. Таму так часта і старанна, нават цёплай летняй ноччу, замыкалі ў  хаце перад сном усе вокны, закрывалі комін. Закладвалі пад дзвярыма ліпавыя галінкі, што было знакам аховы жывёлы перад марой. Пра выгляд і характар мары сведчаць паасобныя згадкі, якія захаваліся ў народзе: «Выглядаеш, як мара» – у адрас раскудлачанай дзяўчыны, ці «прычапіўся, як мара» – пра чалавека нахабнага і прычэплівага…

У ваколіцах Драгічына бачылі мару на кані. Калі яе злавілі, пачала яна прымаць выгляд усялякіх  звяроў і ў пэўны момант змянілася ў каня. Чалавек, не доўга думаючы, узяў да падкаваў яго. Вярнуўшыся да дому, убачыў ён, што ў іх у хаце ёсць нейкая жанчына з акрываўленымі рукамі. Прыглядзеўся ён да іх , а там падковы».

 

Працяг – будзе.         

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя