Домой Культура Майстар мастацкага вышывання ўзнаўляе нацыянальны касцюм Бабруйшчыны

Майстар мастацкага вышывання ўзнаўляе нацыянальны касцюм Бабруйшчыны

Майстар мастацкага вышывання Наталля Доўгая ўзнаўляе нацыянальны касцюм Бабруйшчыны.

Наталля Доўгая — адна з самых прыкметных асоб на нiве дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў горадзе на Бярэзiне, прызнаны майстар вышывання. Асаблiва папулярнасць яе ўзрасла пасля таго, як выйшла пераможцам гарадскога конкурса “Бабруйск — скарбнiца народных талентаў”, якi праводзiўся ў Год роднай зямлi, стала прызёрам абласных конкурсаў па гэтай тэматыцы.

Мне давялося назiраць, як працуе Наталля: хутка, актыўна, я б сказаў, наступальна. “Яна былая спартсменка-бар’ерыстка, i гэткая “маторнасць” у ёй угадваецца”, — мiжволi падумалася. Хаця гэта ж толькi сказаць, а якое майстэрства патрэбна вось так спрытна ўпраўляцца з iголкай, нiткай, каб атрымаўся той узор, якi хацела.

— Дык адкуль такое захапленне нетрадыцыйным рамяством? — спытаў у Наталлi.

— Мо ад продкаў, — адказала яна. — Мая мама вышываннем займалася. I яе мама, гэта значыць, мая бабуля. Як бачыце, было адкуль узяцца. У Расii, дзе муж праходзiў службу, неяк аднойчы мне так захацелася ўзяцца за iголку i нiтку. Потым спецыяльныя курсы скончыла. Прыбаўляла ў майстэрстве. Любiмы спосаб вышывання — крыжыкам.

Шмат работ было. Толькi яна мала каму паказвала — родзiчам, блiзкiм. А тут лёс прывёў у цэнтр пазашкольнай работы “Росквiт” Першамайскага раёна горада: “Пакажы, што ты ўмееш”. Прадставiла свае работы. Калегi былi ў захапленнi: “Вось дык так! Будзеце навучаць гэтаму рамяству нашых выхаванцаў”. Захапленне дало працу Доўгай. Яна ўзначалiла дзiцячую студыю вышывання “Дэкор”. Навучала i навучалася, самаўдасканальвалася. Адным словам, была ў няспынным руху па асваеннi такога няпростага мастацтва.

Канешне, без конкурсаў, паказу сваiх работ на выставах не абыдзешся. Гэта хвалююча, адказна, але i магчымасць па-iншаму паглядзець на сябе, скарэкцiраваць планы.

Так было i на абласным конкурсе “Традыцыйны нацыянальны касцюм Магiлёўшчыны”. “Калi мне прапанавалi ў iм удзельнiчаць, — расказвае Наталля, — я, прызнаюся, доўга раздумвала: там жа канкурэнцыя, дваццаць два раёны, але i не павiнна адступаць!” Узняла гiстарычныя матэрыялы, якiя датычылiся развiцця касцюма, аднаўлення арнаменту i кройкi, падбору iдэнтычнай па фактуры тканiны. Усё рабiла паэтапна. Шмат фантазiравала, уяўляла. Як бы ўжывалася ў прадмет свайго занятку. Тым больш касцюм Бабруйшчыны на рубяжы ХIХ-ХХ стагоддзяў быў даволi складаным: кашуля са стаячым каўняром, якая зашпiльвалася на гузiкi, рукаў у зборках, з манжэтай, штаны шылiся з даматканага палатна, падпярэзвалiся шнурам. Вось i ўзялася за вышыванне такога касцюма, якi i прадставiла на конкурс. Прычым калi над падобнымi рэчамi ў iншых раёнах працавалi цэлыя творчыя калектывы, яна спраўлялася адна, выключна на ўласным энтузiязме. Потым з веданнем справы абараняла работу. У вынiку — ганаровае трэцяе месца!

Тое ж самае i па рэканструкцыi абрадавага рушнiка канца ХIХ стагоддзя. За два месяцы Наталля падрыхтавала работу, з вышыўкай, усялякiм аздабленнем. “Канешне, — расказвае, — хапiла мне працы, да трох-чатырох гадзiн ранiцы праседжвала, але не шкадавала, што ўзялася за гэту справу». Праўда, абараняць работу дапамаглi супрацоўнiкi гарадскога краязнаўчага музея i Палаца мастацтваў, бо яе аўтар у гэты час завяршала вучобу ў Жылiцкiм аграрным каледжы, тым не менш заслуг яе не ўбавiш.

Увогуле, мiнулы год быў вельмi насычаным для Наталлi. Яна, апрача ўсяго, прыняла ўдзел у конкурсе педагогаў-арганiзатараў падлеткавых клубаў, якi праводзiў цэнтр пазашкольнай работы “Росквiт” Першамайскага раёна. I заваявала першынство! Ёй былi ўручаны дыплом i каляровы ксеракс, якi перадала свайму клубу. Ды што казаць, заслугi добра бачны. Чаго варта, напрыклад, стварэнне музея дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў “Росквiце”, стрыжнем якога з’яўляецца мастацкае вышыванне. Мне давялося бываць у музеi, i я ацанiў заслугi яго стваральнiкаў.

— А што далей? — спыталi мы ў Доўгай.

— Дасягнутыя поспехi акрыляюць, буду расцi, удасканальвацца. Самая ж блiжэйшая перспектыва — гэта ўступленне ў Саюз мастакоў народнай творчасцi, як мае быць засведчыць сябе на гэтым полi. Мне здаецца, я падышла да гэтага, адчуваю творчы ўздым!

Мiкалай ДАВIДОВIЧ, Рэспубліка

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя