Домой Культура Лявон Вольскі: «Я зарабляю, дзякуючы карпаратывам…»

Лявон Вольскі: «Я зарабляю, дзякуючы карпаратывам…»

Лявон Вольскi пасля канцэрту.Лявон Вольскi пасля канцэрту.
Лявон Вольскі раздае аўтографы сваім аматарам.Лявон Вольскі раздае аўтографы сваім аматарам.
Наплыў прыхільнікаў творчасці беларускага рокера ўсё расце ды расце.Наплыў прыхільнікаў творчасці беларускага рокера ўсё расце ды расце.

На святочным канцэрте, які праходзіў з нагоды Дня горада, выступаў вядомы гурт “Крамбамбуля”. Пасля канцэрта мы пагутарылі з яе лідэрам, легендай беларускай рок-музыкі — Лявонам Вольскім.

— Спадар Лявон, як вам Бабруйск?

— Бабруйск вельмі прыгожы горад, але, нажаль, няма часу, каб паглядзець яго больш дасканала. Тут ёсць адзін гатэль у раёне “ФанДАКа”, які, на мой погляд, з’яўляецца адным з лепшых у краіне. У ім можна не толькі нармальна пераначаваць, але і зрабіць гэта не вельмі дорага, што з’яўляецца рэдкасцю для беларускіх гарадоў.

— Кожны ваш канцэрт праходзіць па-рознаму. І, вядома, публіка заўсёды розная. Што вам больш за ўсё спадабалася на канцэрце ў Бабруйску?

— Мне вельмі спадабалася тое, што публіка, хоць і не вельмі адукаваная, але вельмі добра паддаецца адукацыі. Было бачна, што большасці з тых, хто прыйшоў на канцэрт, было цяжка спяваць па-беларуску, але гэта ўдалося выправіць.

— У Беларусі атрымалі шырокую папулярнасць і “NRM”, і “Крамбамбуля”. А ў якім з іх вы адчуваеце сябе самога?

— Ну, “Крамбамбуля” — гэта хутчэй праект, а не гурт, усё ж такі. Гэта такі праект, які мы рабілі жартуючы. Урэшце, мы ім штосьці нават зарабляем, дзякуючы карпаратывам. Гэта, канешне, смешна, але факт застаецца фактам. А “NRM” — гэта больш духоўны праект, больш ідэалагічны. Цяпер я яшчэ крышачку займаюся і сольнай дзейнасцю. Дзе канкрэтна, не магу сказаць, бо гэта розныя мае часткі ў розных праектах.

— Ці плануеце з “Крамбамбуляй” запісаць новы дыск?

— Так, плануем, але пакуль што не ведаем, як ён будзе называцца і што ў яго ўвойдзе. Ёсць у ім ірландскія матывы, нешта беларускае-народнае хочам крышачку “падняць”. А зараз будзем пісаць саўнд-трэк да аднаго беларускага фільма, але не буду казаць якога, няхай гэта будзе сюрпрызам.

— Спадар Лявон, вы не толькі вядомы музыкант, але таксама і пісьменнік. Чым вам больш падабаецца займацца: літаратурай ці музыкай?

— Канешне ж, я больш музыкант! Адразу ёсць нейкі водгук, адразу ёсць нейкі розгалас і аддача. Заўсёды прыемна пачуць рэакцыю публікі на тваю творчасць. А калі ты пішаш раман ці апавяданне, то гэта доўгая песня… Ніколі не даведаешся, як адрэагавала на тваю пісьменнасць уся публіка. І тым больш, гэты жанр мастацкай дзейнасці не вельмі зараз папулярны ў нашай краіне.

— Ці ёсць у вас у чарнавых варыянтах нейкія літаратурныя працы, якія чакаюць свайго выхаду?

— Канешне ж, ёсць! Але, нажаль, не магу сказаць, якія. Цікавей будзе чытаць, калі не ведаеш, пра што там можа быць.

— Калі б вы, Лявон, не сталі музыкай ці пісьменнікам, то чым бы займаліся?

— Я стаў бы мастаком. Доўгі час вучыўся на мастака і мею нават вышэйшую асвету, але так і не стаў тым, на каго вучыўся…

— Што б вы параілі чытачам нашай газеты.

— Заставацца такімі ж гасціннымі, якімі бабруйчане з’яўляюцца зараз.

Яўген ВАСЬКОВІЧ
Фота аўтара

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя