Домой Аляксей Ненадавец Ліхаманка як жывая істота

Ліхаманка як жывая істота

Працяг. Пачатак тут: http://babruysk.by/lixamanka-trasca-shunya-xondzya/

 

Чалавек мінулага ніколі не забываўся пра тую акалічнасць, што дэманалагічная істота можа быць вельмі падобнай на людзей, жывою, прывабнаю, але (абавязкова!) бяздушнаю, г. зн., што яна ні ў якім разе не павінна была мець душы. У гэтым жа заключалася асноўнае адрозненне паміж сумленнымі людзьмі і запрадаўшымі сваю душу, паміж людзьмі і пераўвасобленымі нячысцікамі ды іхнімі хаўруснікамі.

Увёўшы ліхаманку ў ранг жывых істот, нашыя продкі прысвоілі ёй таксама і ўласцівыя людзям рысы і асаблівасці, без якіх, па іх уяўленні, нават злая хвароба не магла існаваць на белым свеце.

«Час ад часу збіраюцца яны (ліхаманкі. – А. Н.) на сустрэчы звычайна на якой-небудзь лясной палянцы і там расказваюць пра свае справы, складаюць планы на будучае, дзеляць між сабою нагледжаныя ахвяры. Часам з’яўляюцца яны ў сне, прадказваючы хваробу ці зыход яе, або таксама засцерагаюць чалавека ад пагрозы хваробы, напрыклад т. зв. «трасца смяротная» гаворыць звычайна: «Ляшчына, не ляшчына, а я цябе насмерць затрасу!»; іншая зноў, калі чалавек засне выпадкова на зямлі ў тым месцы, што запэцкана смеццем, з’яўляецца чалавекам у сне і будзіць яго, каб неадкладна ўстаў, а калі не паслухае, трасца плюне на соннага і той адразу ж захварэе на трасцу.

Назвы розных постацей трасцы наступныя: 1) «трасца смяротная», якая выклікае смерць без выключэння; 2) «трасца ўнутраная», якая паражае вантробы, у прыватнасці, «кала сэрца нудзіць»; 3) «трасца павярхоўная», «скура выбіваецца наверх…»; 4) «трасца касцявая», якую суправаджае ламата у касцях; 5) «трасца пудавая», якая ўзнікае з перапуду; 6) «трасца лютаадзеватная», якая пануе ўвесну; 7) «трасца лістаападная», ці восеньская, – адна з найбольш упартых поста­цей; 8) «трасца гарохавая», якая пануе, калі гарох цвіце; 9) «трасца асцявая»; 10) «трасца ядлельцавая»; 11) «трасца агнявая»; 12) «трасца ледавая».

Як бачым, адной з найбольш упартых «постацей» назы­ваецца «трасца восеньская». 3 чыста практычнага боку – гэта даволі лёгка тлумачыцца, бо менавіта на гэтую пару года прыпадаюць самыя цяжкія земляробчыя работы і выконваць іх даводзілася нярэдка пад пастаянна імжачым дажджом, пад пранізлівым халодна-сцюдзёным ветрам. Разгарачаны ад працы чалавек станавіўся даволі лёгкай здабычай любой хваробы, а не толькі ліхаманкі- трасцы. Наіўныя людзі па-простаму, так як ім самім уяўлялася, апавядалі пра тое, як можна было захварэць: «Таксама уваходзілі яны ў людзей у выглядзе парушынкі або мухі, што ўпала ў малако, калі хто-небудзь еў. І калі той працягваў есці гэта малако, то ў яго адразу рабілася ліхаманка: калі ён возьме тую парушынку і кіне ў печ, то яна згарыць, а калі, уклаўшы яе ў яечнае шкарлупінне, павесіць у коміне, то яна надзвычайна мучыцца. Такім чынам, шэсць сясцёр ужо спалена, тры дзесьці мучаюцца, а тры і цяпер блукаюць па свеце».

Як бы там ж было, але ад усіх хвароб, без нейкага там выключэння, старадаўнія беларусы вылечваліся пры дапамозе замоў («шэптаў»), якія так і назывался: «Ад ліхаманкі», «Ад хінці», «Ад хіндзі» і  г.д.

«Вотча…  Да васкрэсне Бог… Памяні, Госпадзі, цара Давыда… Стань, Госпадзі, на помач, ангелы на радасць. На чорным моры, на белым камні стаіць каменны слуп, у тым слупе спасаліся ўгоднікі Божыя – святы Сусой і святы Саксені. Увідзелі яны ў чорным моры вазмушчэнную ваду; з вазмушчэнныя вады вышла дванаццаць жон, босыя і проставалосыя, беспаясыя. Угоднікі Божыя спрасілі ў іх:

– Што вы за жоны, якога роду і куды ідзецё?

– Мы ёсць роду брата цара Ірада, ідзём у мір грэшных му­чыць!

Угоднікі Божыя вазмаліліся к Госпаду. Услышаў Гасподзь малітвы ўгоднікаў, саслаў чатырох евангелістаў – Івана, Мар­ка, Луку, Мацвея, даўшы ім па пруту жалезным, даўшы ім па трыдзесяць ран. Узмалілісь яны к Госпаду, злыя трасавіцы:

– Не давайце нам раны, угоднікі Божыя грозныя, мы не будзем мучыць раба Божага Івана бальнога да ўтарога прышэствія!

– Даю ўтарую казань злым трасавіцам: будуць угоднікі Бо­жыя, святы Сусой і святы Саксеній, жалезнымі грэбнямі драць і святыя архангелі грозныя будуць грамамі біць і вогненнымі мячамі галаву рубіць!

– Не дзярыце нас, угоднікі Божыя, грэбнямі жалезнымі! I святыя ангелі, архангелі грозныя, Міхаіл і Гаўрыіл і Рахваіл, не біце нас громамі, не рубіце голавы вогненным мечам: мы не будзем мучыць раба Божага Івана ва векі, амінь» («Ад хінці, цёткі, варагушы, трасцы»).

Універсальнасць гэтай замовы заключаецца ў тым, што яна была накіравана не толькі супраць ліхаманкі, але і супраць хвароб, падобных на яе. Не выключана і тое, што тут ліхаманка таксама магла насіць і іншыя назвы, адзначаныя ў загалоўку.

Ёсць вуснапаэтычныя творы, якія адрасаваліся на непасрэднае вылячэнне хворага ад ліхаманкі («Ад ліхаманкі»): «Прэсвятая Маці Багародзіца, пасабі ў маім нагаворы, аб чым цябе буду прасіць, буду маліць.

Памяні, Госпадзі, отча Аксенція ў царстві нябесным, сатвары яму, Госпадзі, царства нябеснае, светлы рай. Сакруціў ён (отча Аксенцій) дванаццаць сясцёр у калодцы. Сакруці ад ра­ба дванаццаць сясцёр ліхарадак: Арыну, Польку, Кацьку, Аўдоццю, Праскоўю, Дамнеку, Амтаду, Хаўру, Марушку, Хрузку, Яўпешку, Фяклушку. На ваду дух пусціш!

Памяні, Госпадзі, отча Аксенція, у царстві нябесным, саблюдзі яму светлы рай. Отча Аксенці, цябе прашу, цябе малю: вышлі ліхарадку па чэсці з касцей, з машчэй, з жыл із суставаў, із буйной галавы, із ясных вачэй. Выхадзіце вы ў пуховыя пярыны к гаспадам: там вам чай, там кафяі і стулля мяккае, а то я буду прасіць отча Аксенція: заганіць вас у імхі, у гнілыя балоты гнілыя калоды гладаць. Нагаварылася вада на дванац­цаць зор ад дванаццаці вас ліхарадак, ата ўсіх. Арына, боль­шая сястра, ты ўпрашывай усіх сваіх сясцёр».

Цікава адзначыць і тое, як беларускі селянін уяўляў сабе ліхаманку, як яму здавалася, на каго яна была падобная. М. Янчук занатаваў наступнае сведчанне: «Вельмі многія хваробы беларус уяўляе сабе ў чалавечым вобразе… Ліхаманку, напрыклад, беларус уяўляе сабе у вобразе халоднай прыгажуні ці, наадварот, у вобразе злоснай, пачварнай бабы. Цётка-ліхаманка, як і шматлікія іншыя хваробы, выходзіць з-пад зямлі якраз увесну і бадзяецца паўсюль, пакуль не патрапіць на каго-небудзь, хто спіць на веснавым сонейку. Калі гэта ёй удаецца, яна падкрадваецца да соннага, пацалуе яго і ўжо не расстанецца з ім. Прачнуўшыся, ён адчувае, што спаў асабліва соладка, і толькі потым няпрошаная госця пачынае заяўляць свае правы. Таму клапатлівыя маткі, калі выводзяць сваіх дзяцей на сонца, у першую чаргу папярэджваюць іх, каб яны  не заснулі».

У А. Сержпутоўскага сустракаецца такое: «Трасца, шуня, або хондзя — такая хвароба, якая мае постаць худое, сіняе старое паненкі. К каму яна дабярэцца да ўссядзе, то той няхутка ад яе адчэпіцца.

Калі трасца трасе, то яе хутчэй можна атагнаць, чым тую, якая толькі гняце да ломіць косці.

Калі трасца толькі гняце да ломіць косці, то трэба напіцца свежага бярозавага соку ці кіслага малака, тагды яна пачне трасці, а як трасе, то хутчэй ад яе можна адчапіцца». Адзін з яго інфарматараў даволі удала, спалучыў біблейскі міф аб паходжанні асіны з ліхаманкай і атрымалася наступнае: «Трасцы сядзяць на асіне, от затым асіна заўжды трасе сваім лістам, бо яе калоціць гэтая погань».

Звяртаючы ўвагу на персаніфікаваную хваробу, якая ў вуснай народнай творчасці стала не проста нейкай міфічна-непаўторнай жывой істотай, а даволі магутным дэманалагічным персанажам, заўважым таксама, што многа ў паходжанні гэтага вобраза незразумелага, цьмянага, нетлумачальнага. Здарылася гэта з-за адмірання першасных раннеязычніцкіх каранёў, якія растварыліся ў шматвяковай часавай прасторы.

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя