Домой Аляксей Ненадавец Ліхаманка (трасца, шуня, хондзя)

Ліхаманка (трасца, шуня, хондзя)

Працягваем нашыя публікацыі на тэму беларускай міфалогіі.

 

Гэта адна з рэдкіх дэманалагічных істот жаночага роду. Па-іншаму яе можна назваць трасца, шуня, хондзя.

Сутнасць такой хваробы зводзілася, паводле патрыярхальных сведчанняў, да таго, што чалавек трызніў, тросся, яго біла марозам або гарачкаю, круціла і ламала так, як магутная бура круціць-носіць звычайны лісток.

Далёкія продкі не маглі растлумачыць з’яўленне такой страшнай хваробы, выкарыстоўваючы свой уласны практычны вопыт, і таму тут на дапамогу ім прыходзіла фантазія.

Найбольш часта «выхад у свет» ліхаманкі суправаджаўся з пэўнымі магічнымі лічбамі. «Было дванаццаць сясцёр нейкіх духаў, яны хадзілі па свеце, клікалі людзей, і хто адгукаўся ім, у тым адна сястра адразу пасялялася і ён страшэнна мучыўся».

Можна падкрэсліць агульны факт, што гаворка ў такіх прыкладах вядзецца пра часы Светабудовы, калі Усявышні зрабіў Зямлю (Сусвет) і насяляў яе жывымі істотамі, то ад ягонага саперніка – чорта або цара Ірада з’явілася ўсё самае адмоўнае.

Спачатку атрымлівалася, што пайшло ад чорта, а потым ужо ліхаманка і сама заняла адно з цэнтральных месцаў сярод дэманалагічных персанажаў народнай міфалогіі.

Ствараецца ўражанне пра «вечнасць» хваробы, яе неўміручасць. На гэта ўказвае і сама лічба «дванаццаць» — адпаведнік дванаццаці месяцаў, г. зн., што ліхаманка можа падкінуцца сярод людзей у любы з гэтых месяцаў, у любую пару года.

«Тутэйшы народ адрознівае дванаццаць постацей трасцы, якіх уяўляе сабе як дванаццаць сясцёр, вельмі прыстойных і падобных між сабою маладых дзяўчат, якія паасобку выбіраюць сабе на пэўны час жытло ў чалавечым арганізме, пераходзячы па чарзе ад чалавека да чалавека і жывучы яго сокамі».

Тут надта проста тлумачыцца сам выгляд трасцы. Справа ў тым, што прыгожай, прывабнай яна паказвалася з дзвюма мэтамі.  Першая – раз такая прыгожая, то ёй вельмі лёгка ўвайсці ў давер да чалавека (людзей). Другая – раз яна па-ўсялякаму вырабляе са сваёю ахвяраю і нічым амаль што яе нельга ўтаймаваць, то да яе трэба адносіцца з пашанай, каб не раззлаваць, не выклікаць прыступ гневу ў адухоўленай дэманалагічнай істоты, бо гэта можа дорага каштаваць людзям.

М. Нікіфароўскі прыводзіць нават два старажытныя беларускія паданні, паводле якіх і тлумачыцца, як жа ўзнікла ліхаманка на белым свеце і чаму яна як хвароба такая ўжо моцная і неадчэпная. Праўда, у гэтых вуснапаэтычных творах прысутнічае іншая магічная лічба – 77.

«Усіх ліхаманак існуе семдзесят сем, і яны – дочкі Ірада (лаянка: «Ірадава племя»), праклятыя і ператвораныя ў 77 шкодных струменяў паветра. Дочкі надта злоснага бацькі, яны хаця і аднолькава шкодныя, але адрозніваюцца ўласнымі асаблівасцямі, якія выяўляюцца ў той ці іншай ступені жорсткасці ў адносінах да сваёй ахвяры, а таксама ў мужыкаватасці,  высакародстве. Таму і сродкі супраць ліхаманак самыя разнастайныя, а іменна – 77 сродкаў, яшчэ да гэтага часу не вывучаных людзьмі.

Паводле другога падання, ліхаманкі ператвораны ў 77 мух, якія стараюцца трапіць у страву і быць праглынутымі тым ці іншым чалавекам, пасля таго, заразіўшы патрэбную асобу, яны выходзяць нізам. Варта толькі падхапіць такую муху, завязаць анучку і падвесіцъ у коміне – ніводная ліхаманка не прыстане да чалавека ўсё яго жыццё. Акрамя таго, дзякуючы гэтаму свет вызваляецца ад аднаго мучыцеля».

Фалькларыстамі таксама зафіксавана, што пра ліхаманку нельга было дрэнна гаварыць: «Ліхаманку нельга лаяць, пра яе інакш не ўспамінаюць, як з прыгаворкаю: «Няхай яна здаровенькая і вясёленькая ходзіць», і нават на Дзяды клічуць на вячэру трасцухну-матухну».

Нашы продкі не забываліся згадаць  пра тое, што гэтую хваробу яны самі сабе па-рознаму ўяўлялі ў залежнасці ад пары года: «Ліхаманка, або цётка-ліхаманка, выходзіць з зямлі восенню і вясною. Ліхаманка бывае розная, гледзячы на тое, якая цётка-ліхаманка залезла ў цела чалавека. Усяго гэтых цётак-ліхаманак 12, якіх таксама завуць дочкамі цара Ірада. Іх колькасць недастатковая для ўсяго све­ту, таму яны толькі перыядычна наведваюць сваіх ахвяр, адсюль і зменлівы характар ліхаманкі.

Асеннія ліхаманкі ўяўляюцца беларусу ў выглядзе кастлявых, агідных старых баб, а веснавыя – надзвычай прыгожых, грацыёзных, але халодных стварэнняў».

 

Працяг – будзе.

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя