Да 100-годдзя з дня смерці Гіёма Апалінэра (9-га лістапада) – паэта, празаіка, стваральніка тэрміна «сюррэалізм» і – «нашага чалавека ў Парыжы, – пачынаю своеасаблівы «літаратурны марафон».
Кожны дзень у маім блогу ў «Бабруйскім кур’еры» і ў «Фэйсбуку» будзе публікавацца па адным вершу Апалінэра, перакладзеным мною з французскай на беларускую.
Плануецца апублікаваць каля 80 вершаў. У тым ліку з тых, якія ніколі не перакладаліся – ні на беларускую, ні на рускую мовы.
Пачынаецца літ. марафон з першай кнігі паэта – «Бестыярыюм, або картэж Арфея».
Гэты цыкл Апалінэр прысвяціў французскаму пісьменніку Элеміру Буржэ, які шмат у чым спрыяў маладому паэту.
Зборнік вершаў «Бестыярыюм, або картэж Арфея» з ілюстрацыямі (гравюрамі) Рауля Дзюфі (1877– 1963) быў выдадзены ў Парыжы ў сакавіку 1911 г. тыражом у 120 асобнікаў.
Кожны з трыццаці вершаў – гэта подпіс да гравюр, а ўся кніжка – вольная імітацыя старадаўніх французскіх народных «лубачных» выданняў.
Картэж, то бок світа Орфея, – маецца на ўвазе паданне, што паэзія зачароўвае нават дзікіх звяроў, якія пакорліва ідуць за спеваком.

Гіём Апалінэр
(УЛАДЗІМІР КАСТРАВІЦКІ*)
Бестыярыюм, або картэж Арфея
Элеміру Буржэ
АРФЕЙ
Якая моц, якая сіла,
Якая вытанчанасць ліній!
І голас тут святла, што кліча з ночы мглістай –
Як сказана калісь ў Гермеса Трысмегіста.
Orphée
Admirez le pouvoir insigne
Et la noblesse de la ligne :
Elle est la voix que la lumière fit entendre
Et dont parle Hermès Trismégiste en son Pimandre.
*Славуты французскі паэт Гіём Апалінэр (1880-1918) паходзіў з беларускага шляхетнага роду Кастравіцкіх. Яго маці Анжаліка Кастравіцкая была дачкой штабс-капітана расійскага войска Міхала-Апалінарыя Кастравіцкага, які ўдзельнічаў у паўстанні 1863 года. Родавы маёнтак Кастравіцкіх Дарожкавічы (Дзісненшчына) быў канфіскаваны пасля паўстання расійскім урадам. Дзед Апалінэра з сям’ёй эміграваў у Італію, дзе і нарадзіўся Апалінэр і дзе прайшло яго дзяцінства.