Домой Культура Кінарэжысёр Максім Буйніцкі: «Мне хацелася б зняць нешта тут, на беларускім матэрыяле!»

Кінарэжысёр Максім Буйніцкі: «Мне хацелася б зняць нешта тут, на беларускім матэрыяле!»

Кінарэжысёр з Бабруйска Максім Буйніцкі, як гэта ні парадаксальна гучыць, лічыцца ўкраінскім. Але парадоксу тут аніякага няма: яго выключылі з Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў пасля ўдзелу ў палітычнай акцыі; пазбавіўшыся магчымасці вучыцца прафесіі тут, ён з’ехаў вучыцца ў Кіеў, дзе і зняў усе свае пяць кароткаметражных фільмаў. Упершыню беларускія гледачы знайшлі магчымасць іх публічна ўбачыць у нашым горадзе, дзе нядаўна адбылася прэзентацыя твораў Буйніцкага. Пасля яе заканчэння аўтар пагадзіўся на інтэрв’ю «Бабруйскаму кур’еру».

— Максім, мы з вамі размаўляем напярэдадні Дня волі. У свой час вы даволі арыгінальным чынам яго адсвяткавалі, прыкаваўшы сабе ланцугамі да слупоў асвятлення на Кастрычніцкай плошчы ў Менску і трымаючы плакат з лозунгам «Жыве Беларуская Народная Рэспубліка!» Гэтая падзея паўплывала на ваш далейшы лёс і вымусіла з’ехаць ва Ўкраіну… Ці не шкадуеце пра той крок?
— Святкаванне Дня волі — гэта была цікавая старонка ў маім жыцці. Для мяне гэта быў, свайго роду, перформанс, прынамсі, я яго так успрымаў… Я думаю, мы таксама знойдзем у які спосаб адсвяткаваць набліжаючуюся дату 95-х угодкаў стварэння БНР… Вядома, я не шкадую не аб чым. Прынамсі, гэта ўжо немагчыма змяніць!.. Той эпізод прыходзіцца на 2004 год і быў важным, але, ўсё ж такі, не лёсавызначальным. У 2006 годзе пасля Плошчы, адседзеўшы 10 содняў, я зноў паспрабаваў патрапіць у Акадэмію мастацтваў. Паступаў на рэжысуру тэлебачання, і на другім іспыце я атрымаў «двойку». Яна была дэманстратыўнаю ды азначала, што ўсё: пытанне са мною закрытае! Вось тады я пайшоў у камітэт абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць» і папрасіў дапамогі. Толькі пасля гэтага я апынуўся ў Кіеве ў Нацыянальным універсітэце тэатру, кіно і тэлебачання.

— Якія адчуванні ад сённяшняга паказу?
— Мне было прыемна паказаць сёння тое, што наздымаў, даць свайго роду справаздачу, менавіта — у Бабруйску. Лічу, што варта было паказаць, і самому з боку паглядзець на свае фільмы, і адчуць рэакцыю зала, і пачуць пытанні, часам — незручныя. І ўсё ж такі — не дарма. І гэта радуе…

— У пэўны час вы з’ехалі з Беларусі, нядаўна — вярнуліся, ужо дыпламаваным рэжысерам кіно… Ці знаходзіце падабенства ў гэтых момантах вашага жыцця?
— Не. Па-першае, яны адрозніваюцца па драматургіі, а, па-другое, у мяне не было драматычнага адчування, што я з’ехаў, таму што Ўкраіна — блізкая ва ўсіх сэнсах да нас краіна. Як і зараз, няма адчування, што я павярнуўся… Мне было вельмі лёгка ўключыцца ў яе кантэкст, стасавацца з людзьмі. Акрамя таго, тут не было такога глабальнага ад’езду, таму што Кіеў — не на шмат далей ад Бабруйску, чым Менск. Я рэдка бываў дома — прыблізна раз на год удавалася прыехаць (на першых курсах — часцей)… Калі казаць пра прафесію, то тут адны пытанні: ці я патрэбны, дзе і гэтак далей?.. Прынамсі, трэба яшчэ раз падзякваць куратарам і фундатарам еўрапейскай стыпендыі, бо гэтая магчымасць дазволіла не загубіцца. Таму што выключэнне з ВНУ — гэта знішчэнне цябе, як творчай адзінкі, прынамсі. Магчымасць падоўжыць навучанне — гэта вельмі важна і вызначальна для мяне… Нам казалі, што вышэйшая адукацыя для моладзі Беларусі — гэта магчымасць вучыцца, атрымаць адукацыю, каб пазней вярнуцца і працаваць у Беларусі. Гэта я выканаў, а што далей — паглядзім!

— Каб далей працаваць у кіно, трэба сябе неяк прад’явіць. Ці ёсць у вашых планах, далейшых намерах гэта зрабіць?
— Ва Ўкраіне за гэтыя некалькі год я, спадзяюся, візітойку ўжо зрабіў! Мае работы бачылі, прозвішча ведаюць. Трэба таксама сказаць, што нацыянальныя межы сціраюцца ў кінематографе. Часцяком у карцінах бяруць удзел некалькі краін. Звычайна, я гатовы працаваць, дзе заўгодна. Але, калі казаць пра беларускі кінематограф, то я, ўсё ж такі, прыехаў знянацку з іншай краіны. Як паставяцца да гэтага, невядома?.. Рэзюмэ я даслаў некаторым суб’ектам кінематаграфіі. То бок, «Гэй, я тут!» — я ўжо казаў.

— Вы майглі б параўнаць працэсы, якія адбываюцца ў кінематографе Ўкраіны і Беларусі?
— Пасля трывалай пярэрвы ва Ўкраіне ў кінематаграфіі робяцца тыя рухі, якія немагчыма не заўважыць, і якія ўжо маюць сваю аддачу, свае вынікі. Яны відавочныя, пазітыўныя і звязаны з увагай дзяржавы да нацыянальнага кінавырабніка. Так адбываецца ва ўсім свеце, калі нацыянальнаму кінематографу надаецца прыярытэт. Фінансаванне важна, але гэта не ўсё. Перад усім, гэта культурная палітыка дзяржавы ў кінематографе. З пачатку 2011 года праводзіцца палітыка пратэкцыянізму ў стаўленні да нацыянальнага кіно. Мая дыпломная работа таксама — гэта дэбютны фільм, зняты па замоўленню Міністэрства культуры і дзяржаўнага агенцтва Ўкраіны ў пытаннях кіно. Усё гэта выглядае даволі аптымістычна… Ці ёсць гэта ў Беларусі, ці ёсць тут канкурэнтнае і адкрытае поле, у якім будзе магчымасць існаваць і спрабаваць працаваць — для мяне гэта пакуль не вырашаннае пытанне, пакуль я гэтага не пабачыў за той час, які прабыў дома. Усё выглядае крышачку закрыта і загадкова. Увогуле, пра Беларусь мне даволі цяжка казаць і лепей гэты аналіз не праводзіць.

— Ці ёсць у вас творчыя планы, якія ўжо зараз маглі б прапанаваць ад сябе?
— Канешне, прапановы заўсёды ёсць, на любы густ. Заўсёды ёсць некалькі праектаў, якія чакаюць свайго часу. Але пакуль няма канкрэтыкі, казаць пра тое не варта… Вядома, зыходзячы з таго, што мы размаўляем з вамі ў Бабруйску (Беларусь), мне хацелася б зняць нешта тут, на беларускім матэрыяле. Што гэта?.. Ну вось, напрыклад, мне сёння знаёмы перадаў свае апавяданні, каб я проста пачытаў. Гэта вельмі файна!.. Мы з вамі сёння паглядзелі кароткаметражнае кіно, але наступны мой крок — зняць «поўны метр». Узнікае шмат дадатковых пытанняў. На чым тое спыніцца, я ня ведаю, але мне хацелася б зняць беларускі фільм. І становішча абавязвае, і самому цікава! І калі ўжо ў іншых землях здымаюць пра нас, так чаму б тут уласна штосьці не «замуціць»?.. Абавязкова падзялюся, калі будзе нейкая канкрэтыка!

— Ці можна вашу дыпломную працу — фільм «Матылёк» — лічыць трамплінам у вялікае кіно?
— Фармальна я абараніў дыплом яшчэ мінулай вясной. Але, калі гэта фільм, то ён, што называецца, праект доўгагуляючы. Ён яшчэ зараз мае фестывальную гісторыю, якая цягнецца да сённяшняга дня. «Матылёк» дэбютаваў на фэсце краінаў СНД і Балтыі «Кінашок». Ён там браў удзел у конкурснай праграме, але прызоў не атрымаў. Потым ён быў паказаны на фестывале REC (Russian elementary cinema) па-за конкурсам. І вось, на пачатку красавіка возьме ўдзел у фестывале «Святая Ганна» у Маскве. Як бачыце, геаграфічна фільм выклікае пэўную цікаўнасць менавіта у Расеі. Вядома, хацелася б паказаць дыпломны фільм і на радзіме (там, дзе ён быў створаны), але так сталася, што я з’ехаў, а таго, хто займаецца далейшым лёсам фільма ва Ўкраіне, не засталося. Але фільм ужо з’явіўся анлайн у інтэрнэце (см. в начале).

— Наколькі тыя грамадска-палітычныя працэссы, якія адбываюцца на Беларусі і, магчыма, ва Ўкраіне, уплываюць на творчага чалавека і абмяжоўваюць яго магчымасці?
— Я баюся проста сказаць, што можна выходзіць за ўсталяваныя рамкі дзе заўгодна, у любой краіне. Але я добра памятаю беларускія рэаліі 2007 года, а таксама добра бачу тыя грамадска-палітычныя працэссы, якія адбываюцца зараз ва Ўкраіне. Яны вельмі нагадваюць тое, што ўжо было на Беларусі. Так вось, глядзіш і думаеш: «Во, а мы гэта ўжо праходзілі!..» Што тычыцца мяне, то я быў проста вельмі рады магчымасці вучыцца і працаваць, а ўсё астатняе ўспрымаў, як часовыя цяжкасці, якія маюць быць пераадоленнымі… Але розніца тут пакуль безумоўна ёсць.

Антон Пуціла

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя