Домой В стране Кілераў узнагародзілі ардэнамі — як у савецкім Мінску арганізавалі палітычнае забойства па...

Кілераў узнагародзілі ардэнамі — як у савецкім Мінску арганізавалі палітычнае забойства па загадзе Сталіна

Міхаэлс, кілераў узнагародзілі ардэнам, як у савецкім Мінску арганізавалі палітычнае забойства, па загадзе Сталіна Сёлета споўнілася 70 гадоў аднаму з самых вядомых палітычных забойстваў у гісторыі Савецкага Саюза. І адбылося яно ў Мінску.

Увечары 12 студзеня 1948 года ў нумары мінскага гатэля «Беларусь» зазваніў тэлефон. Пастаялец, тэатральны крытык Уладзімір Голубаў, зняў слухаўку. У гатэль дазваніўся былы сакурснік Голубава — інжынер Сяргееў, які запрашаў старога таварыша на сваё вяселле. Але Сяргееў вельмі прасіў Голубава ўзяць з сабой і сталічную зорку (вядома было, што той прыехаў у Мінск разам з маскоўскім тэатральным акцёрам і рэжысёрам Саламонам Міхаэлсам), распавёў Голубаў рэжысёру Віктару Галоўчынеру, які таксама быў у нумары. У тым, што Міхаэлс дасць згоду, сумневаў амаль не было — ён ніколі не быў супраць добрай гулянкі.

Так і адбылося. Голубаў зайшоў у нумар Міхаэлса, распавёў пра запрашэнне. Той пагадзіўся.

Каля дзевяці гадзін вечара яны сустрэліся з тым самым інжынерам Сяргеевым. Селі ў машыну і паехалі на лецішча ў Сцяпянку.

Жыць абодвум заставалася каля гадзіны.

* * *

Мінулы 1947 год выдаўся няпростым для міністра дзяржаўнай бяспекі СССР Віктара Абакумава. На пасадзе міністра ён прабыў зусім няшмат, з мая 1946 года, але за гэты час паспеў абзавесціся ўплывовымі ворагамі. Да ворагаў Абакумаў прывык і не баяўся. Чалавека, які працаваў операм у ГУЛАГу, а пасля ўзначальваў СМЕРШ, напужаць цяжка. Прэтэнзіі кіраўнікоў МУС і нават Молатава не турбавалі міністра, пакуль ён быў на добрым рахунку ў Сталіна. Але ў 1947-м у генерал-палкоўніка Абакумава з’явіўся найбольш небяспечны і моцны праціўнік — сам Лаўрэнці Берыя.

Абакумава не любілі многія і даўно. Сын чарнарабочага, ён і сам ніколі не цураўся цяжкай працы, і няважна, у што трэба было замараць рукі: у бруд ці кроў. Работнікам Абакумаў быў старанным, жорсткім і бязлітасным, але чалавекам заставаўся ўпартым і свавольным. Дзе такое бачана, каб члена кампартыі разжалавалі ў кандыдаты за нежаданне пазбаўляцца ад палітычнай непісьменнасці? А менавіта так і адбылося з Абакумавым яшчэ ў 1933 годзе. А ў 1934 высветлілася, што ўпаўнаважаны эканамічнага аддзела НКУС Абакумаў нярэдка бавіць час на канспіратыўных кватэрах з жанчынамі. За гэта яго адправілі аператыўнікам у ГУЛАГ, але праз пару гадоў усё ж вярнулі ў сталіцу. Ішоў 1937 год, і Абакумаў, які ніколі не шкадаваў «здраднікаў», хутка зрабіў сабе добрую кар’еру. У канцы 1938 года трыдцацігадовы Віктар Абакумаў узначальвае ўпраўленне НКУС па Растоўскай вобласці, а ў 1941 становіцца намеснікам самога Берыі.

Затым вайна, СМЕРШ, расстрэлы незадаволеных Сталіным, удзел у дэпартацыі народаў Каўказа ў 1944-м, рэпрэсіі і дэпартацыі на тэрыторыях, вызваленых ад фашыстаў, Перамога і, як вынік, міністэрскае крэсла. І праз кароткі час — нянавісць былога патрона Берыі. Таго раздражняе, што Абакумаў перастае яго слухаць, замяняе людзей Берыі ў МДБ сваімі і ўвогуле адчувае сілу і дазваляе сабе зашмат.

Але Віктар Абакумаў, пра якога казалі, што ён славалюбны і ўладны як Берыя, толькі не такі разумны, дурнем усё ж не быў. Ён разумеў, што з пасады міністра сыходзяць ці ў лагер, ці ў магілу, а каб затрымацца на пасадзе, патрэбная гучная гісторыя. У выніку з’яўляецца нібыта накіраваная супраць самога Сталіна «сіянісцкая змова».

* * *

Саламон Воўсі нарадзіўся ў 1890 годзе ў Дынабургу ў Віцебскай губерніі (сёння гэта літоўскі Даўгаўпілс). Рос у патрыярхальнай яўрэйскай сям’і, вучыўся ў хедэры, а рускую мову вывучыў толькі ў 15 год.

Тэатр заўсёды цікавіў Саламона, але ён паспеў пабыць студэнтам рэальнай вучэльні ў Рызе, камерцыйнага інстытуту ў Кіеве, трохі павучыўся на юрыста ў Пецярбургу.

Але ж пасля рэвалюцыі Саламон Воўсі паступае ў яўрэйскую тэатральную студыю ў Пецярбургу і ў 1919 годзе бярэ псеўданім Міхаэлс. Грае, сам піша п’есы.

Праз два гады Саламон перабіраецца ў Маскву, у Дзяржаўны яўрэйскі тэатр, які і ўзначальвае ў 1929 годзе — калі падчас замежных гастроляў былы кіраўнік Граноўскі вырашае не вяртацца ў Савецкі Саюз.

Здавалася б, кар’ера ідзе толькі ўгору. Нават калі пачынаецца вайна, Міхаэлс плённа працуе ў Яўрэйскім антыфашысцкім камітэце, нават едзе ў семімесячны тур па Паўночнай Амерыцы і Вялікабрытаніі. Ён быў знаёмы з Эйнштэйнам, Чарлі Чапліным, шырока вядомы ў тэатральных колах не толькі СССР, але і Еўропы.

Яўрэйскі антыфашысцкі камітэт — прапагандысцкая арганізацыя, створаная Лубянкай у 1941 годзе. Узначаліў камітэт тэатральны рэжысёр Саламон Міхаэлс. ЯАК складаўся з яўрэйскіх інтэлігентаў, якія фактычна прасілі дапамогі ў яўрэяў-замежнікаў: збіралі грошы, машыны, абсталяванне для Чырвонай Арміі падчас Вялікай Айчыннай вайны. У гэты час ЯАК набывае за мяжой вядомасць і аўтарытэт. Пасля вайны, у 1946 годзе, яго старшыня Саламон Міхаэлс атрымлівае Сталінскую прэмію другой ступені.

Але Сталінская прэмія не выратавала Міхаэлса ад лютасці самога Сталіна. А поспехі ЯАК не толькі не аддалілі яго кіраўніка ад смерці, а наадварот — наблізілі канец.

* * *

Дакладна невядома, чаму ахвярамі Абакумаў «прызначыў» яўрэяў. Але хутчэй за ўсё ён вырашыў забіць адразу двух зайцаў. Кіраўніцтву СССР даўно мазоліў вочы Яўрэйскі Антыфашысцкі камітэт. ЯАК быў накіраваны на замежнікаў і працаваў паспяхова (толькі з ЗША «браты-яўрэі» накіравалі ў СССР 16 мільёнаў даляраў), але пасля вайны пачаліся пытанні. ЯАК стаў цікавіцца дыскрымінацыяй яўрэяў у Саюзе, узнікалі пытанні аб стварэнні яўрэйскай аўтаноміі, што не падабалася Сталіну.

Міхаэлс, кілераў узнагародзілі ардэнам, як у савецкім Мінску арганізавалі палітычнае забойства, па загадзе Сталіна

Акрамя таго Абакумаў ведаў, што Сталін вельмі не любіць Алілуевых, сваякоў яго былой жонкі (Надзея Алілуева скончыла жыццё самагубствам яшчэ ў 1932 годзе). А Саламон Міхаэлс — выпадкова ці не — сустракаўся ў тэатры з Яўгеніяй Алілуевай, сястрой Надзеі. Кажуць, што да Міхаэлса дайшлі чуткі пра будучую зачыстку ЯАК, і ён хацеў пагаварыць са сваячкай кіраўніка краіны.

Праўда гэта ці не — няважна. Бо 9 снежня 1947 года Абакумаў перадае Сталіну паперы пра Міхаэлса. У іх рэжысёр прадстаўлены агентам, які збірае інфармацыю пра Сталіна праз яго сваякоў.

Таксама паведамлялася, што Ісаак Гальдштэйн, знаёмы Святланы, дачкі Сталіна, таксама працуе на Міхаэлса. Ноччу ў Сталіна адбываецца жорсткая размова з дачкой. На наступны дзень арыштоўваюць Яўгенію Алілуеву. 19 снежня арыштоўваюць Гальдштэйна, 27 снежня — члена ЯАК гісторыка Грынберга. Іх жорстка дапытваюць і 9 студзеня 1948 года пратаколы допытаў перадаюць Сталіну. У пратаколах Грынберг і Гальдштэйн пагаджаюцца з версіяй спецслужбаў — Міхаэлс здраднік.

Але лёс Саламона Міхаэлса ўжо і так быў вырашаны. Як пазней будзе казаць Абакумаў, Сталін асабіста даў яму каманду ліквідаваць Міхаэлса яшчэ ў канцы снежня 1947 года. А ў пачатку студзеня па тэлефоне загадаў падаць забойства як няшчасны выпадак.

* * *

7 студзеня 1948 года Саламон Міхаэлс разам са сваім знаёмым і калегам Уладзімірам Голубавым сядаюць у цягнік Масква-Мінск. Яны едуць глядзець дзве пастаноўкі, якія прэтэндуюць на Сталінскую прэмію. Міхаэлс узначальваў тэатральную секцыю Камітэта па прэміі ад дня заснавання, а Голубаў не толькі тэатральны крытык, а яшчэ і сакратар Камітэта.

У Мінск прыязджаюць 8 студзеня. Засяляюцца ў гатэль «Беларусь». У той жа вечар у гатэлі адбываецца банкет у гонар славутага Міхаэлса — яго ладзіць адміністрацыя мінскага драматычнага тэатра.

Увогуле, Мінск сутракае сталічных багемных гасцей адпаведна. Кожны дзень яны наведваюць тэатры, а пасля спектакляў бавяць час у рэстаранах са знаёмымі акцёрамі.

На наступны дзень Міхаэлс з Голубавым ідуць у тэатр (глядзяць «Тэўе-малочнік» Шалом-Алейхэма). Пасля да чатырох раніцы п’янствуюць з трупай у рэстаране «Світанак» («Заря»).

10 студзеня маскоўскія госці — ужо як члены камісіі па Сталінскіх прэміях — ідуць на прагляд спектакля «Канстанцін Заслонаў», але ўвечары — ізноў банкет, у тэатральнага акцёра Глебава. На наступны дзень — абед у знаёмых акцёраў, вечаровы прагляд яшчэ аднаго патэнцыйнага лаўрэата прэміі, оперы «Алесі». Затым — вячэра ў актрыс.

Працягваецца гэта і 12 студзеня. Разам са знаёмымі Міхаэлс абедае ў рэстаране, пасля ідзе на некалькі гадзін у гатэль. Але каля васьмі вечара выходзіць разам з Голубавым — іх запрасілі на вяселле інжынера Сяргеева. Інжынер са сваім знаёмым сустракае гасцей на машыне. Міхаэлс і Голубаў сядаюць у аўто.

Раніцай 13 студзеня на недабудаванай трамвайнай лініі па вуліцы Ульянаўскай знаходзяць два целы. Іх апазнаюць проста — у кішэнях ляжаць дакументы. Загінулыя — 57-гадовы Саламон Міхаэлс і 39-гадовы Уладзімір Голубаў.

* * *

Ужо на наступны дзень міністр унутраных спраў БССР дакладвае Сталіну, што маскоўскія госці загінулі ад наезда грузавога аўтамабіля. У іх пераламаны рэбры, у Міхаэлса зламаны хрыбет. Пра смерць Міхаэлса пад коламі машыны абвяшчаюць па радыё, у газетах з’яўляюцца некралогі. Целы вязуць у Маскву, дзе праходзяць пачэсныя пахаванні.

Маскоўскаму яўрэйскаму тэатру нават прысвойваюць імя Міхаэлса. Праўда, таблічку здымуць ужо ў 1949 годзе. А ў пятую гадавіну смерці рэжысёра — 13 студзеня 1953 года — у газеце «Праўда» Міхаэлса ўпершыню публічна назавуць удзельнікам «змовы сіяністаў». Праз некалькі месяцаў, калі памрэ Сталін, тая ж «Праўда» гэта абвергне, але падрабязнасці смерці — а дакладней, забойства — Саламона Міхаэлса стануць вядомыя нашмат пазней.

* * *

Падрыхтоўка да забойства Саламона Міхаэлса пачалася адразу пасля каманды Сталіна. Планавалася выканаць загад у Маскве, за Міхаэлсам сачылі, але рэжысёр амаль не выходзіў з дома, а калі выходзіў, то заспець яго аднаго было праблематычна. Кватэра Міхаэлса знаходзілася ў будынку тэатра, вывозіць яго адтуль сілай было рызыкоўна, бо ліквідацыя мусіла прайсці ціха і без сведкаў.

Таму дзейнічаць вырашылі ў Мінску. Правядзенне аперацыі Абакумаў даручыў свайму намесніку Агальцову, начальніку аддзела другога галоўнага ўпраўлення (унутранай выведкі) МГБ СССР Шубнякову і міністру дзяржбяспекі БССР Лаўрэнцію Цанаве.

Разам з Міхаэлсам у БССР адмыслова адправілі Уладзіміра Голубава, які быў інфарматарам спецслужбаў. Акрамя таго, у тым жа вагоне ехалі яшчэ два супрацоўнікі МДБ — на ўсякі выпадак.

У Мінску за Міхаэлсам не сачылі: па-першае, побач з ім амаль увесь час быў Голубаў, а па-другое, хацелі, каб рэжысёр адчуваў сябе ў бяспецы.

Раніцай 11 студзеня Шубнякоў і Агальцоў на машыне прыехалі з Масквы ў Мінск. Сустрэліся з Голубавым, з Цанавай.

Абакумаў настойваў, каб аперацыя была завершана максімальна хутка, таму вырашылі дзейнічаць на наступны дзень.

12 студзеня адзін з супрацоўнікаў спецслужбаў пад выглядам «інжынера Сяргеева» пазваніў Голубаву — пра гэта была дамоўленасць загадзя. Але пра тое, што плануецца ліквідацыя Міхаэлса сэксот Голубаў не ведаў. Разам з Міхаэлсам яны пайшлі «на вяселле». У машыне, якая заехала за імі, былі спецслужбісты — старэйшы лейтэнант Круглоў і той самы Шубнякоў. Апошні і прадставіўся «Сяргеевым».

Затым паехалі на лецішча Цанавы, у Сцяпянку. Калі прыехалі, перад варотамі Міхаэлса і Голубава прыдушылі, каб яны страцілі прытомнасць. Затым праз Абакумава звязаліся са Сталіным — той пацвердзіў ліквідацыю.

Шкадаваць не сталі не толькі Міхаэлса, але і свайго інфарматара.

«Усе члены групы стаялі ў некалькіх метрах ад цел. Шубнякоў сцвярджаў, што ніколі не прысутнічаў і не хацеў прысутнічаць пры падобным, таму ён павярнуўся, каб сысці ў свой пакой на лецішчы. Але Агальцоў загадаў: «Усім стаяць, як стаялі!» Баявік цяжкай дубінкай ударыў Міхаэлса і Голубава па галаве. Усё было скончана — кіраўнікі групы сышлі ў дом», — распавядзе пазней падрабязнасці «Камерсант» са словаў Шубнякова.

Пасля целы пераехалі грузавіком і адвезлі ў Мінск, дзе выкінулі на вуліцы. Усе ўдзельнікі забойства (акрамя Цанавы) у тую ж ноч вярнуліся ў Маскву.

Цікава, што машыну, якая пераехала целы, міліцыя знайшла — яна стаяла ў гаражы Міністэрства дзяржаўнай бяспекі, піша гісторык Генадзь Кастырчанка. Але беларускаму МУС далі зразумець, як трэба расследаваць гэтую справу. У выніку працы па пошуку забойцаў было зроблена нямала — але ўся яна была пустой.

* * *

Забойцы Саламона Міхаэлса ўвосені 1948 года атрымалі за ліквідацыю баявыя ўзнагароды. Цанава — ордэн Чырвонага Сцяга. Палкоўнікі Шубняков, Лебедзеў і старэйшы лейтэнант Круглоў — баявыя ордэны Айчыннай вайны 1-й ступені. Маёры Косыраў і Поўзун — ордэны Чырвонай Зоркі.

Пасля забойства Міхаэлса фактычна і пачалася «Справа Яўрэйскага Антыфашысцкага камітэта». Увосені 1948 ЯАК распусцілі, але першыя арышты пачаліся яшчэ да роспуску. Афіцыйна пра арышты не паведамлялася — проста знікалі некаторыя людзі яўрэйскага паходжання. Арыштаваных вінавацілі ў здрадзе радзіме, працы на амерыканскую выведку, стварэнні антысавецкага падполля і «буржуазным яўрэйскім нацыяналізме».

Пераслед працягваўся з 1948 года па 1952. Рэпрэсіі закранулі 125 чалавек. Шэсць памерлі падчас следства, 23 былі расстраляныя.

Але «Справа ЯАК» перамалола і свайго стваральніка — Віктара Абакумава. У 1951 годзе яго абвінавацілі ў зацягванні следства, сабатажы расследавання «сіянісцкага пытання». Арыштавалі амаль усіх яўрэяў з МДБ — некаторыя падчас катавання паведамілі, што былі з Абакумавым у «сіянісцкай змове». 11 ліпеня 1951 года Віктар Абакумаў быў арыштаваны. Некалькі гадоў яго катавалі, трымалі ў жорсткіх умовах. Пасля смерці Сталіна справа аб сіяністах у МДБ спынілася, але Абакумаў працягваў знаходзіцца за кратамі.

Толькі ў снежні 1954 года адбыўся суд. Але цяпер Абакумава абвінавацілі ў незаконных рэпрэсіях як члена «банды Берыі» і прысудзілі вышэйшую меру пакарання.

* * *

19 студзеня 1954 года Віктара Абакумава расстралялі. Яму было 46 гадоў.

Забойства Саламона Міхаэлса так і не было расследавана. За яго не пакаралі нікога з удзельнікаў. Пасля смерці Сталіна спробу прыцягнуць увагу да забойства зрабіў Лаўрэнцій Берыя, але пасля яго арышту вінаватых не шукалі.

Фёдар Шубнякоў быў арыштаваны па «справе Абакумава», але пасля рэабілітаваны. Працаваў у КДБ, дажыў да 1996 года.

Лаўрэнцій Цанава быў арыштаваны ў 1953 годзе пасля смерці Сталіна, прычым загад аддаў Берыя — ён абвінаваціў Цанаву ў смерці Міхаэлса. Па іроніі лёсу, пасля арышту Берыі справа змянілася: Цанаву вінавацілі ў тым, што ён быў чалавекам Берыі. Падчас следства ў 1955 годзе Лаўрэнцій Цанава сканаў у Бутырскай турме.

Сяргей Агальцоў таксама быў арыштаваны ў сувязі са справай Міхаэлса ў 1953 годзе. Пасля арышту Берыі яго адпусцілі. У 1958 годзе яго выключылі з партыі, пазней пазбавілі звання генерал-лейтэнанта. Памёр Агальцоў у 1976 годзе.

Астатніх удзельнікаў забойства пазбавілі атрыманых у 1948 годзе ўзнагарод.

І ўсё.

 

УШ
https://nn.by/

 

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя