Домой Видео «Кераміка ночы» – у Бабруйску (добавлено видео)

«Кераміка ночы» – у Бабруйску (добавлено видео)

У Бабруйскім мастацкім музеі адбылася адкрыццё выніковай выставы Міжнароднага пленэра па кераміцы «АРТ-Жыжаль».

Цягам 3-х тыдняў – з 4 па 24 жніўня недалёка ад Бабруйска на беразе Бярэзіны (база адпачынку «Вербкі») праходзіў ХIV Міжнародны пленэр па кераміцы «АРТ-Жыжаль». У гэтым годзе ў ім прымалі ўдзел 18 мастакоў з Беларусі, Латвіі, Эстоніі, Малдовы, Расіі, Славакіі і Украіны.

25 жніўня ў Бабруйскім мастацкім музеі адбылася ўрачыстае адкрыццё выніковай выставы «Кераміка ночы», на якой былі прадстаўлены творы ўдзельнікаў пленэру. Акрамя аўтараў работ, на адкрыцці прысутнічалі адказныя чыноўнікі Бабруйскага гарвыканкама, дырэктар музею Святлана Прывалава і навуковы супрацоўнік музея Ала Мальцава.

Удзельнікі атрымалі сертыфікаты, іх куратар – старшыня Бабруйскай гарадской арганізацыі Беларускага саюза мастакоў Валерый Калтыгін – словы падзякі за тое, што здолеў аб’яднаць такіх розных людзей у адну каманду.

Прадстаўнікі бабруйскага гарвыканкама атрымалі ад мастакоў аўтарскі падарунак – статуэтку жырафа, вырабленую пастаянным удзельнікам пленэру Яўгенам Адзіночанка з Гародні…

У экспазіцыі створанай з амаль 150-ці керамічных вырабаў другі год запар зноў панавала экалагічная тэматыка. Пра мастацтва, як асяроддзе пражывання, кожны з майстроў выказаўся па-свойму.

У цэнтральнай частцы залы размесцілася галоўная фігура пленэра – вогненная скульптура «Акваглюк» або кансервавы слоік Валерыя Калтыгіна – як напамін пра захламленасць асяроддзя.

Выстава «Кераміка ночы» будзе доўжыцца ў Бабруйску да канца верасня. Далей творы змогуць убачыць магілёўцы і жыхары сталіцы.

Антон Пуціла

Фота, відэа Віктара Масаловіча