Домой Без рубрики Каталікі распачалі Адвэнт – час чакання на Божае Нараджэнне

Каталікі распачалі Адвэнт – час чакання на Божае Нараджэнне

каталікі, распачалі Адвэнт, Божае Нараджэнне, Бабруйск, касцёлСёлета першым днём гэтага асаблівага часу стала нядзеля 2 снежня. Працягнецца Адвэнт да Калядаў.

Адвэнт – гэта такі перыяд у Каталіцкім Касцёле напярэдадні Божага Нараджэння, які служыць падрыхтоўцы да святаў. Адначасова гэты час мае больш глыбокае значэнне – разважанне і чаканне другога прыйсця Хрыста. Сама назва «адвэнт» паходзіць ад лацінскага «adventus» – прыйсце.

Адвэнт ахоплівае чатыры нядзелі няпярэдадні Божага Нараджэння. Ягоны пачатак прыпадае ці на апошнюю нядзелю лістапада, ці на першую – снежня.

Часта гэты час атаясамліваюць з постам, падчас якога трэба абмежаваць сябе ва ўжыванні нейкай ежы. І пост насамрэч можа быць. Але толькі калі гэта асэнсаваная адмова верніка сабе ў нечым, што замінае яму глыбей сканцэнтравацца на веры, на сваёй душы. Сапраўды, у гэты перыяд можна не ўжываць мясныя стравы, алкаголь, слодычы, не ўдзельнічаць у гучных забавах, меней часу праводзіць у інтэрнэце ці за праглядам тэлебачання, а прысвяціць яго духоўным практыкам ці сваёй сям’і.

Адвэнт вядомы сваімі прыгожымі традыцыямі. Перш за ўсё, гэта адмысловы адвэнтавы вянок з чатырма свечкамі. Кожную нядзелю запальваецца новая свечка, і напрыканцы Адвэнта, перад самым Божым Нараджэннем, гараць усе чатыры.

Падчас Адвэнту ў касцёлах праводзяцца так званыя «раратнія» набажэнствы. У заходнім Касцёле такія службы вядомыя з XIII стагоддзя. Звычайна яны праходзяць на досвітку. Але ў нашых умовах, з-за таго, што зранку большасць вернікаў спяшаюцца на працу, гэтыя службы праводзяцца таксама і ўвечары.

Назва «рараты» бярэ пачатак ад лацінскай каталіцкай песні «Rorate coeli de super» («Дайце, нябёсы, росы з вышыняў»). Яна спяваецца на пачатку раратняга набажэнства і распавядае пра тое, што людзі чакаюць прыйсця Хрыста як высахлая зямля – расы.

На раратнію службу вернікі нясуць з сабой ліхтарыкі. Набажэнства адбываецца пры выключаным святле, таму падчас раратаў у касцёле вельмі прыгожа.

У бабруйскім касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі раратнія набажэнствы будуць праходзіць па суботах а 18-й гадзіне. Знайсці больш інфармацыі як пра Адвэнт, так і пра іншыя падзеі парафіі можна на старонцы: sviatynia.by .

Яшчэ адна традыцыя гэтага часу чакання Божага Нараджэння – адвэнтавыя календары. Яны вельмі распаўсюджаныя ў Еўропе, нават прадаюцца ў супермаркетах. У Беларусь гэтая звычка толькі-толькі прыходзіць.

Тыя календары, што можна купіць у краме, звычайна складаюцца з акенцаў на кожны дзень Адвэнту, а ў акенцах – які-небудзь слодыч – цукерка ці плітка шакаладу.

Але каб такі каляндар сапраўды спрыяў падрыхтоўцы душы да святаў, абавязкова трэба дадаць духоўны складнік – пакласці ў акенца-кішэньку запіску з нейкім заданнем – напрыклад, памаліцца за некага з блізкіх, ці прачытаць урывак з Бібліі.

Зрабіць Адвэнтавы каляндар можна сваімі рукамі. Асабліва гэта спадабаецца і запомніцца дзецям.

 

Марына Міхневіч