Домой Аляксей Ненадавец Каранована ў міфах

Каранована ў міфах

Аляксей, Ненадавец міфалогія, міфолаг, блог, каралева-змяяУ народных павер’ях «змеі маюць сваю каралеву, якая носіць на галаве залатую карону і здымае яе толькі ў Дзень святога Пятра і Паўла, накіроўваючыся купацца ў крыніцу, ці ў той час, калі пасцелюць белую хусцінку і паставяць для яе малака».

Сэнс тут зразумелы: кароль-змей ці каралева-змяя скідаюць з сябе карону-сонца не раней, чым пакупаюцца ў нябесных крыніцах ці нап’юцца нябеснага малака, г. зн. не раней, чым пральюцца дажджы і знікнуць з неба цёмныя хмары. Таксама, як і вужы, гадзюкі збіраюцца ля сваіх царыц на зімоўку. Сюжэт гэты найбольш характэрны для рускага фальклору.

Паводле аднаго з рускіх павер’яў, хто зловіць белую змяю, старэйшую над усімі змеямі, заб’е яе, а пасля натопіць з яе са­ла і памажа гэтым салам свае вочы, той быццам бы атрымае магчымасць бачыць схаваныя пад зямлёю скарбы. Белая змяя ў даным выпадку асацыіруецца з Царэўнай-гадзюкай. Гэтае павер’е, праўда, крыху відазмененае, запісана намі і на Брэсцкім Палессі.

У Літве да нашых дзён старыя людзі сцвярджаюць, што свечка, зробленая з сала змяі ці вужа, прыносіць свайму гаспадару вялікае шчасце. Калі ён запаліць гэтую свечку (тут полымя яе хутчэй за ўсё асацыіруецца з бляскам маланкі), то з усіх бакоў у цяжкую для чалавека хвіліну прыпаўзае нябачная, незлічоная колькасць вужоў і гадзюк, якія прынясуць з сабою мноства золата і каштоўных камянёў.

Існуе гэткае павер’е і на Беларусі. Толькі зноў жа яно звязана з Купальскай ноччу. Менавіта ў гэтую ноч трэба запальваць свечку і менавіта тады гадзюкі прынясуць каштоўнасці.

Чэхі, напрыклад, у час працяглай засухі лавілі змяю і ве­шалі яе ўніз галавою на драўляным суку. У іх не ўдакладнялася, на якім канкрэтна дрэве гэта трэба было рабіць. Хутчэй за ўсё вешалі на любым. І яна ў такім становішчы быццам бы нагадвала дажджавыя струмені, якія ліліся з неба на зямлю.

Людзі не сумняваліся, што праз некаторы час Бог пашле ім вільгаць, доўгачаканы дождж. Эстонцы лічылі, што, павесіўшы сякеру ці змяю зноў-такі на дрэве, можна выклікаць не толькі дождж, але заклікаць вятры дуць у патрэбным напрамку, зазваць дажджавыя хмары ў канкрэтную мясцовасць.

У некаторых мясцінах сцвярджалі, што гадзюка ў соннай кормячай маці можа непрыкметна і нячутна высмоктваць з грудзей малако. Змяінае ж малако, лічылі, валодае дзіўнымі якасцямі: ім нібыта без асаблівага намагання спальвалі цэлыя лясныя масівы, разбуралі горы і плаціны, узводзілі перашкоды.

«Зашытыя змяіныя галовы» – таксама частка своеасаблівага старажытнага магічнага абраду. Нашы далёкія продкі насілі на грудзях у выглядзе амулетаў засушаныя змяіныя галовы. Характэрна гэта было не толькі для беларусаў, але і для нека­торых іншых славянскіх і прыбалтыйскіх народаў.

Патрыярхальныя людзі лічылі, што гэтыя амулеты дапамагаюць засцерагчыся ад ліхаманкі, а вось для абароны ад чараўніцтва і роз­ных хвароб засушаную змяіную галоўку прывязвалі да нацельнага крыжыка. Такім чынам спалучаліся сімвалы старой веры – язычніцкай і новай – хрысціянскай.

Людзі верылі, што калі садраную з гадзюкі скуру спаліць, то гэта будзе вельмі каштоўнае і ўсёмагутнае лякарства. Так, вясковыя варажбіты сцвярджалі: пасыплеш галаву попелам ад змяінай скуры – ворагі і зласліўцы не толькі будуць паважаць, але і баяцца таксама, г. зн. выконваць любы загад і пажаданне.

Што датычыць чароўнай травы або расліны, якая быццам бы дапамагае ўсім жывым істотам вылечвацца ад самых цяжкіх захворванняў і ран, то са змяёй таксама звязвалі існаванне нейкай дзівоснай травы, да якой гадзюка, нават рассечаная напалову, падпаўзае і самастойна вылечваецца. Такой гадзюцы патрэбна толькі дакрануцца да траўкі, і цела абавязкова зрастаецца.

Старажытныя фіны гаварылі, што ёсць такая трава, якую гадзюкі звычайна бяруць у рот, плывучы па вадзе, каб не ўтапіцца. Паводле іншага іхняга павер’я, з дапамогай гэтай травы яны могуць перагрызаць самыя моцныя прадметы, нягледзячы на тое, што гэта камень ці кавалак жалеза. Адным словам, трава такая набывае цудадзейныя ўласцівасці разрыў-травы.

У славянскай міфалогіі звычайнай гадзюцы-віперы прыпісвалі добрае веданне гаючых раслін і некаторым з іх, якія асабліва дапамагалі змеям, надавалі «гаворачыя» назвы: «змяіныя галоўкі», «змяіны ўкус», «Ягор’ява кап’ё».

Асабліва цесна звязаны з уяўленнямі пра змяіныя травы часнок і цыбуля. Выток гэтай сувязі патрэбна, відаць, шукаць у тым, што абедзве расліны маюць спецыфічны, рэзкі сок, які ў народнай свядомасці даволі часта трывала асацыіраваўся з жарам, палючасцю і г. д.

Чэхі ў гэтых адносінах пайшлі значна далей. Паводле іх павер’яў, калі на страсе хаты пасадзіць дзікі часнок, то гэта будзе ратаваць гаспадароў ад удараў маланкі. Сербы нават тлумачылі, як можна атрымаць яго: перад Благавешчаннем трэба забіць гадзюку, закапаць і вырасціць у яе галаве часнок, потым прывязаць яго да шапкі, а шапку апрануць на галаву. Пасля гэтага толькі сцеражыся, з усіх бакоў збягуцца, злятуцца ведзьмы і будуць імкнуцца адняць цудадзейны часнок.

У выніку адзначым, што некаторыя народныя павер’і, звязаныя з Царэўнай-гадзюкай, даносяць водгалас усеагульнага міфа, дзе на першае месца выступаюць цудадзейныя магчымасці ўсёмагутнага Змея, у другіх – гэта сувязь з рэальнай асновай, у трэціх – самая што ні на ёсць выдумка.

 

 

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя