У Бабруйску прайшла творчая сустрэча з дачкой Адамовіча – Наталляй. Яна распавяла пра свайго бацьку, ягоныя кнігі, паказала шмат фотаздымкаў з сямейнага архіва.
Імпрэза прайшла 5 жніўня ў тайм-клубе «1387». Арганізавала яе і запрасіла Наталлю Адамовіч у Бабруйск ініцыятыва «Прыпынак Адамовіча», а менавіта – Андрусь Архіпенка, – аўтар ідэі ўсталявання бюста пісьменніку ў Глушы.
Наталля Аляксандраўна распачала сустрэчу з аповеду пра тое, калі яна пачала займацца творчасцю свайго славутага бацькі:
«Архівамі свайго бацькі я занялася толькі пасля ягонай смерці. Пры жыцці ён мне казаў: жыві сваім жыццём. Чаму ён так наказваў – я зразумела пазней. Я пабачыла, колькі болю ён прапусціў праз сябе, наколькі цяжка і жудасна тое, пра што ён пісаў».
Пісаў Адамовіч шмат, дзе б ні знаходзіўся, распавяла ягоная дачка. З 1945 года ён меў звычку – заўсёды насіў з сабой маленькія нататнікі і рабіў у іх запісы. Ён мог ісці па вуліцы і спыніцца, каб занатаваць нейкую думку, мог пісаць на хаду. Назбіралася гэтых нататнікаў за жыццё 183. У 1995-96 гадах жонка Адамовіча перавяла іх у машынапісь, а потым яны пайшлі ў друк.
«Калі я пачала іх перабіраць, чытаць, я зразумела жахлівую рэч – я не спытала так шмат важных рэчаў пры ягоным жыцці. Таму я цяпер кажу маладым: пытайцеся ў сваіх бабуль, дзядуль, старэйшых блізкіх, запісвайце, бо столькі каштоўнага можна пачуць», – сказала Наталля Адамовіч гасцям.
Спадарыня Наталля ўзгадала, што ёй часта даводзіцца чуць ад людзей шкадаванне, што ейны бацька так рана сышоў і рытарычнае пытанне – што было б, калі б Адамовіч дагэтуль жыў?
«А сапраўды, што было б? Я думаю, што ён бы не маўчаў, і казаў бы і пра Астравец, і пра пахвалы Гітлера, і некаторыя рэчы ў нашай дзяржаве было б не так проста рабіць, як яны робяцца. Тата памёр у той дзень, калі знялі Шушкевіча. Гэта як нейкі містычны знак, што для Беларусі – усё», –разважала Наталля Аляксандраўна.
Напрыканцы творчага вечару Наталля Адамовіч падаравала некаторыя кнігі бацькі прысутным і адказала на пытанні.
Сустрэча ладзілася ў падтрымку кампаніі па ўсталяванні ў Глушы помніка Алесю Адамовічу.
Ад пачатку траўня і амаль да канца чэрвеня на краўдфандынгавай платформе «Талака» вёўся збор сродкаў на бюст пісьменніка. Атрымалася сабраць 9600 рублёў. Гэтага хопіць на аплату працы скульптара, выраб пастамента, адліўку помніка з бронзы.
Папярэдні макет бюста вырабіў скульптар Уладзімір Мелехаў. Цяпер над помнікам працуюць скульптары Генік Лойка і Яўген Білей.
Калі нічога не перашкодзіць, адкрыццё помніка плануецца прымяркаваць да дня народзінаў пісьменніка 3 верасня, альбо да 25-й гадавіны ягонай смерці 26 студзеня 2019 года. Бюст будзе ўсталяваны ў Глушы, на пляцоўцы каля будынка аптэкі, у якой некалі працавала маці Алеся Адамовіча, і дзе мусіць паўстаць музей літаратара.
Алесь Адамовіч нарадзіўся 3 верасня 1927 года ў в.Канюхі ў Менскай вобласці. Але з самага ранняга дзяцінства жыў разам з бацькамі ў Глушы, якую лічыў сваёй малой Радзімай. Тут жа ён хацеў быць пахаваным. Памёр пісьменнік – ад інфаркта – 26 студзеня 1994 года; пахаваны ў Глушы.
Алесь Адамовіч вядомы як яскравы публіцыст, які не баяўся падымаць самыя вострыя сацыяльныя, грамадскія, палітычныя пытанні. Шмат у чым менавіта дзякуючы Алесю Адамовічу беларусы і свет даведаліся праўду пра Чарнобыльскую катастрофу і яе наступствы.
Пяру Адамовіча належаць такія кнігі, як «Вайна пад стрэхамі», «Хатынская аповесць», «Блакадная кніга», «Я з вогненнай вёскі», «Vixi», сцэнар да фільма «Ідзі і глядзі» (у 2017 годзе фільм быў адзначаны ўзнагародай 74-га Венецыянскага кінафестываля) і шмат іншых твораў.
Марына Міхневіч
Відэа Аляксандра Багдановіча