Домой Культура “Вяртанне на Радзіму» Анатоля Санаценкі

“Вяртанне на Радзіму» Анатоля Санаценкі

Выйшла першая кніга галоўнага рэдактара “Бабруйскага кур’ера” Анатоля Санаценкі на беларускай мове.

Зборнік вершаў, перакладаў, зацемак пад назвай “Вяртанне на Радзіму” пабачыў свет у менскім выдавецтве “Галіяфы”.

Агулам гэта шостая кніга вершаў Анатоля Санаценкі. Але папярэднія пяць кніг былі на расейскай мове. Пісаць па-беларуску спадар Санаценка, як ён сам распавёў, пачаў толькі пяць год таму, ва ўзросце 41 года. Тады ж пачалі збірацца вершы для новай кнігі. А роўна год таму, у чэрвені 2015-га, аўтар пачаў перакладаць на родную мову вершы французскіх паэтаў.  У кнігу ўвайшлі пераклады твораў Гіёма Апалінэра, дзед і маці якога былі з Беларусі.

Што падштурхнула да беларускасці, Анатоль Санаценка тлумачыць у прадмове да кнігі.

“Усе мы з’яўляемся ахварямі Савецкай Імперыі…І я – таксама, — так паэт уводізць чытача у кантэкст кнігі. – Сітуацыя была безнадзейнай… Але… Але ў сёмым-восьмым класах – псіхалагічная проза Васіля Быкава, вершы Максіма Багдановіча, якія я, пры адсутнасці кніг паэта, перапісваў сабе ад рукі; “Вераніка”, “Александрына”, “Спадчына” ВІА “Песняры” – песні, якія пераварочвалі душу і рабілі яе беларускай…. І вось я, рускамоўны, нарэшце вярнуўся на Радзіму сваіх продкаў… На Радзіму мовы”.

Першы верш у новай кнізе “Жыве Беларусь…” прысвечаны Яўгену Васьковічу – журналісту “Бабруйскага кур’ера” і былому палітвязню.  Паводле Анатоля Санаценкі, пасля беларускіх класікаў і музыкаў, Яўген стаў тым, хто ў блізкім атачэнні натхніў яго да беларушчыны.

Як кажа сам аўтар пра сваю кнігу, атрымалася яна невялікай, але насычанай. У ёй сем раздзелаў, у якіх прадстаўленыя любоўная, грамадзянская, філасофская, іранічная лірыка, “фальклорныя вершы”, пераклады і празаічныя зацемкі.

У паэтычнай частцы кніга ўяўляе сабой “мадэль” беларускай літаратуры 20-х – пачатку 21-га стагоддзяў, бо вершы ў ёй ад “рамантызму” да цалкам сучасных, мадэрнісцкіх, быць можа, месцамі нават постмадэрнісцкіх тэкстаў, заўважае паэт.

Шостага чэрвеня літаратар быў запрошаны ў «Вольную студыю» беларускай «Радыё Свабоды», дзе ў яго адбылася гутарка – пра выдадзеную кнігу, пра ягоны шлях да беларушчыны: http://www.svaboda.org/a/27786317.html.

Набыць новую Анатоля Санаценкі можна ў Менску у кнігарнях “Акадэмкніга” і «Галіяфы».

Анатоль Санаценка – паэт, празаік, драматург, эсэіст, фельетаніст, перакладчык. Галоўны рэдактар газеты “Бабруйскі кур’ер”. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, Беларускага ПЭН-цэнтра, Рады БАЖ (Беларускай асацыяцыі журналістаў).

Марына Міхневіч