Домой Общество … І будуць расчынены брамы

… І будуць расчынены брамы

Старшыня бабруйскай суполкі ГА ТБМ Віктар Маліноўскі напісаў кнігу па гісторыі касцёлаў нашага горада.

– Матэрыялы да кнігі «… І будуць расчынены брамы. Гісторыя касцёлаў бабруйска» я пачаў збіраць яшчэ на пачатку 90-х гадоў, – расказвае страшыня бабруйскай суполкі ГА «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» і сябра касцёльнай парафіяльнай рады Віктар Маліноўскі. – Збіраў яго праз запыты ў музеях, архівах, выкарыстаў парафіяльную хроніку, якую вяду ўжо доўгі час, шмат у чым мне дапамог вядомы бабруйскі гісторык Аляксей Ненадавец. У кнізе спалучаецца гісторыя і сучаснасць, ёсць звесткі па архітэктуры, біяграфіі каталіцкіх дзеячаў, статыстычныя дадзеныя, фотаздымкі і малюнкі. На самой справе першапачатковы варыянт працы быў нашмат большы і грунтоўны, але яе, па фінансавых прычынах, прыйшлося скараціць, пакінуць самае істотнае.

Кніга складаецца з чатырох раздзелаў, ў якіх распавядаецца гісторыя бабруйскага парафіяльнага касцёла святых Апосталаў Пятра і Паўла, касцёла Бабруйскай езуіцкай рэзідэнцыі, бабруйскага рыма-каталіцкага дэканата і касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Віктар Маліноўскі сцвярджае, што прынцыповай задумы напісаць кнігу ў яго не было, але абставіны з няправільнай падачай звестак аб баруйскіх касцёлах выклікалі жаданне расставіць усё па сваіх месцах.

– Так атрымалася, што гісторыя двух каталіцкіх святыняў нашага горада – касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і іезуіцкага касцёла пераблыталася амаль ва ўсіх беларускіх даведніках. У касцёл пачалі прыходзіць школьнікі з прозьбай патлумачыць ім, што ж з напісанага ў розных падручніках на самой справе з’яўляецца праўдай, ніхто нічога не мог зразумець, – працягвае распавядаць Віктар Маліноўскі. – Таму стварыць кнігу такога кшталту стала проста неабходна.

Кніга «… І будуць расчынены брамы. Гісторыя касцёлаў Бабруйска» была надрукавана ў рэспубліканскім каталіцкім выдавецтве «Про Хрысто», за сродкі парафіян, накладам ў 1000 асобнікаў. Яе можна набыць у кіёску касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі за 7000 і 10000 беларускіх рублёў (мяккая і цвёрдая вокладка). Усе грошы, атрыманыя ад продажу кнігі пайдуць на рамонт і ўтрыманне касцёла.
Ў нядзелю, 8 чэрвеня, пасля святой імшы ў бабруйскім касцёле адбылася прэзентацыя кнігі. Выступоўцы – ксёндз Юры Быкаў, актрыса тэатра імя Дуніна-Марцінкевіча Ала Грахава і сам аўтар Віктар Маліноўскі адзначылі важнасць яе з’яўлення, а ўсе жадаючыя атрымалі магчымасць набыць кнігу.   
 

Алеся СКАПІНЦАВА

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя