Домой Культура Грашовая частка прэміі Адамовіча пойдзе на помнік пісьменнікуў Глушы

Грашовая частка прэміі Адамовіча пойдзе на помнік пісьменнікуў Глушы

грашовая частка прэміі Алеся Адамовіча, пойдзе на помнік пісьменнікуў Глушы, Аляксандр Лукашук,Сёлетні лаўрэят прэміі Аляксандр Лукашук перадаў грашовае ўзнагароджанне  – «для вяртання часу Адамовіча» – дачцэ літаратара Наталлі, а яна – на ўсталяванне бюста свайго бацькі.

У гэтым годзе прэмія імя Алеся Адамовіча ўручалася 28 траўня. Лаўрэятам стаў дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандр Лукашук. Яго ўзнагародзілі за кніжную серыю «Бібліятэка Свабоды», а таксама за кнігі «Прыгоды АРА ў Беларусі» і «След матылька».

Імя лаўрэята абвесціла Наталля Адамовіч. Яна падзякавала спадару Лукашуку, і вось за што:    восьмага снежня 1993 года ён сустракаўся з ейным татам у Маскве і ўзяў адно з апошніх інтэрв’ю.

Аляксандр Лукашук распавёў, як некалі Алесь Адамовіч падпісаў яму сваю кнігу – «Алесю ад Алеся», і на гэтых словах перадаў канверт з грашовай часткай прэміі дачцэ пісьменніка, дадаўшы: «для вяртання і трымання часу – часу Алеся Адамовіча, Алесю – ад Алеся».

На ўручэнні прэміі прысутнічаў Андрусь Архіпенка, бабруйскі актывіст, які намагаецца ўсталяваць у Глушы помнік Адамовічу . Ён распавёў пра конкурс эскізаў па стварэнні арт-аб’екта «Прыпынак Адамовіча»  і пра збор сродкаў на помнік літаратару. Пасля выступу Андруся Наталля Адамовіч перадала грашовую частку прэміі Лукашука на стварэнне бюста.

На працу скульптара, адліўку і пастамент патрэбна BYN8000. Збор сродкаў на помнік Адамовіч праходзіць на платформе «Талака» . На сённяшні дзень сабрана BYN4411 ці 55% ад патрэбнай сумы.  Да завяршэння краўдфандынгавай кампаніі засталося 22 дні.

Прэмію імя Алеся Адамовіча заснаваў у 1995 годзе Беларускі ПЭН-цэнтр з падтрымкай і дапамогай беларускіх СМІ. Першым старшынёй журы быў Васіль Быкаў. Першыя два гады прэмія ўручалася трэцяга верасня, у дзень народзінаў Алеся Адамовіча – ў чатырох намінацыях: літаратурная публіцыстыка, газетная журналістыка, кінажурналістыка, радыёжурналістыка.

Пазней ўзнагароджанне прымяркавалі да 26 студзеня – дня смерці пісьменніка.

Зараз мэта прэміі – ушанаваць памяць Алеся Адамовіча і адзначыць найлепшы публіцыстычны твор, прысвечаны актуальным праблемама сучаснасці.

Сёлета прэмія ўручалася ўжо ў сямнадцаты раз. У розныя гады лаўрэятамі станавіліся Алесь Бяляцкі, Уладзімір Някляеў, Павел Севярынец, Генадзь Бураўкін, Павел Шарамет, Міхась Скобла і іншыя.

 

Марына Міхневіч

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя